На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці быў прыпынены працэс вызваленьня палітычных вязьняў, на плятформе Х ён адказаў адным словам: «Не».
У той жа час Джон Коўл не адказаў на пытнаьне, калі ён зьбіраецца зноў наведаць Менск.
Франак Вячорка: Санкцыі будуць зьнятыя, калі ў Беларусі адбудуцца сыстэмныя зьмены
У камэнтары Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскі Франак Вячорка патлумачыў, чаму ў дачыненьні да рэжыму ў Беларусі застаюцца ў сіле санкцыі нават пасьля некалькіх хваляў вызваленьня палітвязьняў.
«У санкцыяў ёсьць ясная лёгіка. Яны могуць быць зьнятыя ці зьмякчаныя, калі ліквідуюцца першапрычыны іх увядзеньня», — патлумачыў Франак Вячорка.
«Частка санкцый уведзеная за правы чалавека, частка — за рэпрэсіі, частка — за гібрыдныя атакі, частка — за вайну. І калі гэтыя першапрычыны здымаюцца — калі Лукашэнка перастае падтрымліваць Пуціна ў вайне, калі выходзяць усе палітвязьні, калі спыняюцца рэпрэсіі, тады, адпаведна, могуць быць зьмякчаныя, адмененыя ці прыпыненыя санкцыі.
У выпадку калійных угнаеньняў яны былі ўведзеныя амэрыканцамі за парушэньне правоў чалавека, а эўрапейцамі і Літвой — за гібрыдныя атакі і ўдзел Беларусі ў вайне. І, адпаведна, іхнае зьняцьце будзе, хутчэй за ўсё, разглядацца тады, калі будуць ліквідаваныя менавіта гэтыя прычыны», — кажа Вячорка.
«Вядома, нам бы хацелася, каб усе санкцыі зь Беларусі былі зьнятыя, але гэта адбудзецца толькі тады, калі ў Беларусі адбудуцца сыстэмныя зьмены. Гэта значыць, ня будзе ніякіх рэпрэсіяў, Беларусь ня будзе ўдзельніцай у вайне, усіх вінаватых пакараюць і адбудуцца свабодныя выбары. Вось гэта тыя крокі, якія неабходна зрабіць, каб усе санкцыі і абмежаваньні зь Беларусі былі зьнятыя», — адзначыў Вячорка.
«Наша мэта — каб адбыліся сыстэмныя зьмены ў Беларусі», — падкрэсьліў ён і прызнаў, што шлях да яе будзе доўгім.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Напярэдадні агенцтва Reuters апублікавала эксклюзіўны камэнтар Сьвятланы Ціханоўскай аб тым, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа паведаміла дзеячам беларускай апазыцыі ў выгнаньні пра затрымку ў сваіх намаганьнях дамагчыся ад Аляксандра Лукашэнкі вызваленьня новых палітвязьняў.
Як паведамляла Reuters са спасылкай на Ціханоўскую, амэрыканскі бок праінфармаваў яе, што «наступныя вызваленьні адкладзеныя на пэўны час», аднак яна ня можа раскрыць прычыны гэтага.
«Ведаючы прычыну, я не хвалююся. Вядома, мы хочам, каб як мага больш людзей выйшлі на волю як мага хутчэй, і любая затрымка пагаршае стан многіх зь іх. Але гэта не канец працэсу», — працытавала Reuters Ціханоўскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Адміністрацыя Трампа паведаміла Ціханоўскай пра затрымку з новымі вызваленьнямі палітвязьняўРанейшыя спадзяваньні
Джон Коўл заявіў 28 красавіка, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі на працягу траўня. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў у дачыненьні Менску. У беларускай сталіцы правялі буйны пратэстанцкі фэстываль, на якім госьцем быў пратэстанцкі прапаведнік Франклін Грэм, сябар Коўла.
Аднак, насуперак спадзяваньням, новага масавага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі не адбылося.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што за кратамі застаюцца каля 870 палітычных зьняволеных, у тым ліку ня менш за 170 чалавек, якіх лічаць асабліва ўразьлівымі праз узрост, стан здароўя або цяжкія ўмовы ўтрыманьня.