У ЗША хочуць вывучыць уплыў Расеі і Кітаю на Тбілісі. Кангрэс мае «сур’ёзныя пытаньні» да стану дэмакратыі ў Грузіі

Кангрэсмэн-рэспубліканец з Паўднёвай Караліны Джо Ўілсан, аўтар законапраекту. Архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект, які абавязвае адміністрацыю падрыхтаваць дэталёвую ацэнку дзейнасьці расейскіх і кітайскіх выведных службаў у Грузіі. Гэта сьведчыць пра рост занепакоенасьці Вашынгтону курсам краіны пад кіраўніцтвам партыі «Грузінская мара».

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, законапраект H.R. 7668, вядомы як «Акт аб супрацьдзеяньні кантролю Кітаю над Каўказам» (Countering China’s Control of the Caucasus Act) у паскораным рэжыме 8 чэрвеня разгледзела Палата прадстаўнікоў і ўхваліла яго пры падтрымцы абедзьвюх партыяў.

Дакумэнт патрабуе падрыхтаваць справаздачы аб расейскіх і кітайскіх выведных актывах і сетках уплыву, што дзейнічаюць у Грузіі, аб сфэрах супрацы паміж Масквой і Пэкінам унутры краіны, а таксама аб шырэйшай стратэгіі ЗША што да будучых адносінаў з Тбілісі.

Галасаваньне адбылося падчас узмацненьня крытыкі амэрыканскіх заканадаўцаў у адрас кіроўнай партыі «Грузінская мара» (знаходзіцца ва ўладзе з 2012 году). Яе абвінавачваюць у адступленьні ад дэмакратычных прынцыпаў, ухваленьні рэпрэсіўных законаў супраць грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, а таксама ў збліжэньні з Расеяй і Кітаем, нягледзячы на шырокую падтрымку насельніцтвам Грузіі эўраатлянтычнай інтэграцыі.

Партыя «Грузінская мара» не прадстаўляе грузінскі народ
Уілсан

Кангрэсмэн-рэспубліканец з Паўднёвай Караліны Джо Ўілсан, аўтар законапраекту, пасьля галасаваньня заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што заканадаўства накіравана на падтрымку грузінскага народу, а не цяперашняга кіраўніцтва.

«Антыамэрыканская партыя «Грузінская мара» не прадстаўляе грузінскі народ», — сказаў Уілсан. «Грузінскі народ хоча моцных дачыненьняў са Злучанымі Штатамі. Адзіны спосаб зрабіць гэта — вызваліць палітычных зьняволеных, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары і выкараніць згубны ўплыў Кітаю, Расеі і Ірану».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Грузія выправадзіла з краіны 85 іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі

Кангрэс мае «сур’ёзныя пытаньні» да стану дэмакратыі ў Грузіі

У дэбатах прадстаўнікі абедзьвюх партыяў ахарактарызавалі законапраект як частку шырэйшых захадаў рэагаваньня на тое, што яны лічаць пагаршэньнем стану дэмакратыі і пашырэньнем замежнага ўплыву ў Грузіі.

Кангрэсмэн Браян Маст

Старшыня Камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў Браян Маст, рэспубліканец, заявіў, што апошнія падзеі выклікаюць «сурʼёзныя пытаньні» аб стане дэмакратыі ў Грузіі.

«Расея ўсё яшчэ акупуе 20 адсоткаў сувэрэннай тэрыторыі Грузіі пасьля ўварваньня ў 2008 годзе», — сказаў Маст і паўтарыў даўнія асьцярогі з прычыны ўплываў Масквы на Грузію.

Ён таксама адзначыў узмацненьне кітайскай прысутнасьці ў Грузіі, у тым ліку рашэньне перадаць стратэгічна важны праект глыбакаводнага порту Анаклія кітайскаму кансорцыюму замест амэрыканскай кампаніі.

«Канкурэнцыя — гэта добра, — сказаў Маст, — але калі ідзецца пра крытычна важную інфраструктуру такога маштабу, нашым партнэрам трэба ўлічваць рызыкі, якія нясе Кітайская Народная Рэспубліка».

Законапраект, паводле Маста, накіраваны на выяўленьне маштабаў дзейнасьці расейскай і кітайскай выведак у Грузіі і ацэнку таго, ці застаецца краіна прыхільнай збліжэньню са Злучанымі Штатамі.

Кангрэсмэн Амі Бэра, дэмакрат з Каліфорніі, паўтарыў гэтыя асьцярогі і назваў законапраект адказам на адкат ад дэмакратыі пры ўрадзе «Грузінскай мары».

«Апошнімі гадамі цяперашні ўрад „Грузінскай мары“, а таксама шкодны замежны ўплыў Расеі і Кітаю ў Грузіі паставілі пад пагрозу цяжка дасягнутыя дэмакратычныя заваёвы краіны, скарумпавалі некаторыя зь яе дзяржаўных інстытутаў і выклікалі раскол у адносінах паміж ЗША і Грузіяй, а таксама паміж грузінскім урадам і яго народам», — сказаў Бэра.

Ён зьвязаў законапраект з шырэйшымі захадамі Кангрэсу, увасобленымі ў Акце MEGOBARI, раней ухваленым Палатаю прадстаўнікоў. Законапраект накіраваны на ўмацаваньне падтрымкі дэмакратычных інстытутаў і грамадзянскай супольнасьці ў Грузіі.

«Наша мэта — даць грузінскаму народу зразумець, што мы падтрымліваем яго памкненьні да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і глыбейшай інтэграцыі ў эўраатлянтычную супольнасьць», — сказаў ён.

Грузія і Кітай паглыбляюць дачыненьні

Рашэньне Палаты прадстаўнікоў ЗША супала з заявай КНР і Грузіі 9 чэрвеня аб тым, што яны павышаюць узровень сваіх двухбаковых адносінаў да ўзроўню «ўсебаковага стратэгічнага партнэрства».

Гэта вельмі важнае пагадненьне, якое падпісалі сёньня
Іраклі Кабахідзэ

Пра гэта абвясьцілі лідэр Кітаю Сі Цзіньпін і прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Кавэлашвілі з нагоды 34-й гадавіны завязаньня дыпляматычных дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі.

«Сёньня вельмі важны дзень», — заявіў прэмʼер-міністар ад «Грузінскай мары» Іраклі Кабахідзэ на брыфінгу 9 чэрвеня. — «Гэта вельмі важнае пагадненьне, якое падпісалі сёньня».

Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ

Паводле яго, новы фармат супрацы яшчэ больш паглыбіць грузінска-кітайскія дачыненьні. Ён нагадаў, што краіны ўжо маюць бязьвізавы рэжым, наўпроставыя авіязносіны і дасягнулі «канкрэтных, адчувальных вынікаў» у гандлёва-эканамічнай супрацы.

Уілсан заклікаў да супольнага адказу на кітайскі ўплыў у Грузіі

Найбольш рэзкую крытыку на дэбатах выказаў менавіта Ўілсан — адзін з найбольш актыўных прыхільнікаў грузінскай апазыцыі і эўраатлянтычнай інтэграцыі краіны ў Кангрэсе.

Ён падкрэсьліў, што стратэгічнае значэньне Грузіі вырасла з увагі на жаданьне Вашынгтону ўмацаваць эканамічныя і транспартныя сувязі праз Паўднёвы Каўказ і Цэнтральную Азію.

Аднак, на ягоную думку, кіроўная партыя вядзе краіну ў супрацьлеглым кірунку.

«Нелегітымны рэжым „Грузінскай мары“ фактычна прадае краіну Камуністычнай партыі Кітаю, ваеннаму злачынцу Пуціну і Ірану супраць волі грузінскага народу і інтарэсаў Злучаных Штатаў», — заявіў Уілсан.

Кангрэсмэн таксама адзначыў, што новы законапраект дапаможа вызначыць, ці мае Грузія надалей атрымліваць значную амэрыканскую дапамогу пры напружаных адносінах паміж краінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У спэцслужбах Грузіі расказалі, якія хімічныя рэчывы выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў

Падтрымка грузінскага народу

Нягледзячы на крытыку ў адрас грузінскага ўраду, прыхільнікі законапраекту ня раз падкрэсьлівалі, што ён накіраваны на падтрымку грамадзян Грузіі, а не на пакараньне краіны.

Кангрэсмэн Бэра падкрэсьліў, што заканадаўчая ініцыятыва «ня мае на мэце ачарніць грузінскі ўрад», а хутчэй дэманструе, што Злучаныя Штаты застаюцца адданымі падтрымцы «эўраатлянтычных памкненьняў» грузінскага народу.

Браян Маст таксама назваў законапраект спробай даць амэрыканскім палітыкам больш выразнае разуменьне маштабаў замежнага ўплыву і будучыні двухбаковых адносінаў з Грузіяй.

«Надышоў час Злучаным Штатам і Грузіі рухацца наперад», — сказаў ён. «Але для гэтага патрабуецца выразнае разуменьне таго, што адбываецца ў краіне за кулісамі, а таксама адказная стратэгія далейшага ўзаемадзеяньня».

У адказ на новы амэрыканскі законапраект прэмʼер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ назваў Уілсана, аўтара дакумэнту, «абсалютна легкадумным чалавекам».

«Мы працягваем мець зносіны з выканаўчай уладай, адміністрацыяй Трампа і Дзяржаўным дэпартамэнтам», — сказаў Кабахідзэ. — «Мы вядзем канкрэтныя перамовы і спадзяемся, што яны прынясуць вынікі».

Законапраект цяпер перадалі ў Сэнат ЗША. Каб ён набыў сілу, яго павінен ухваліць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт.

Алекс Раўфоглу, карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Вашынгтоне (ЗША)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Грузіі памілавалі 159 асуджаных. Журналісткі Мзіі Амаглабэлі сярод іх няма