Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на Міністэрства спорту і турызму Беларусі, 9 чэрвеня на онлайн-паседжаньні рады World Sailing ухвалілі рашэньне «скасаваць усе ранейшыя санкцыі супраць спартоўцаў з Рэспублікі Беларусь, трэнэраў і судзьдзяў, уключна з патрабаваньнямі аб нэўтральным статусе, забаронай на дзяржаўны сьцяг і гімн».
Да спаборніцтваў пад эгідай World Sailing у нэўтральным статусе беларусаў і расейцаў дапусьцілі ў ліпені 2025 году.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Пакуль толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) і Міжнародная фэдэрацыя гандболу пакінулі дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад іх эгідай.
У большасьці відаў абмежаваньні здымаюць як зь беларусаў, так і з расейцаў. Адным з выняткаў стала рашэньне Эўрапейскага гімнастычнага зьвязу, які пакінуў удзел расейцаў на ўмовах строгай нэўтральнасьці і бяз сымбаляў, а зь беларусаў абмежаваньні зьняў. Цяпер сваё рашэньне адхіліць беларусаў і расейцаў ад турніраў пацьвердзілі і гандбольныя ўлады.
Беларусаў ужо дапусьцілі да спаборніцтваў пад дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам і гімнам у спартовай гімнастыцы, плаваньні, сучасным пяціборстве, водных лыжах, тайскім боксе, більярдзе, фэхтаваньні і некалькіх іншых відах. У хакеі санкцыі зьнялі пакуль толькі зь юнацкай і дзявочай зборных краіны.