Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа паведаміла дзеячам беларускай апазыцыі ў выгнаньні пра затрымку ў сваіх намаганьнях дамагчыся ад Аляксандра Лукашэнкі вызваленьня новых палітвязьняў. Пра гэта лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла ў інтэрвію Reuters.
Паводле Ціханоўскай, амэрыканскі бок праінфармаваў яе, што «наступныя вызваленьні адкладзеныя на пэўны час», аднак яна ня можа раскрыць прычыны гэтага.
«Ведаючы прычыну, я не хвалююся. Вядома, мы хочам, каб як мага больш людзей выйшлі на волю як мага хутчэй, і любая затрымка пагаршае стан многіх зь іх. Але гэта не канец працэсу», — сказала яна.
Reuters не атрымала камэнтароў ад спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Джона Коўла і ўладаў Беларусі.
Гэта першае публічнае пацьверджаньне таго, што тэмп перамоваў, якія вядзе Джон Коўл, запаволіўся. У выніку гэтых кантактаў Лукашэнка ўжо вызваліў каля 500 палітзьняволеных.
Ранейшыя спадзяваньні
Джон Коўл заявіў 28 красавіка, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі на працягу траўня. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў у дачыненьні Менску. У беларускай сталіцы правялі буйны пратэстанцкі фэстываль, на якім госьцем быў пратэстанцкі прапаведнік Франклін Грэм, сябар Коўла.
Аднак, насуперак спадзяваньням, новага масавага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі не адбылося.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што за кратамі застаюцца каля 870 палітычных зьняволеных, у тым ліку ня менш за 170 чалавек, якіх лічаць асабліва ўразьлівымі праз узрост, стан здароўя або цяжкія ўмовы ўтрыманьня.