Улады расказалі, колькі летась перадухілілі злачынстваў, зьвязаных зь фінансаваньнем «тэрарызму і экстрэмізму»

Кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Васіль Герасімаў. Архіўнае фота

Кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Васіль Герасімаў заявіў, што летась ведамства папярэдзіла 100 злачынстваў, зьвязаных зь фінансаваньнем «тэрарызму і экстрэмізму».

«Летась перадухілілі 100 такіх злачынстваў. У працэсе супрацьпраўнай дзейнасьці зламысьнікі выкарыстоўвалі спэцыялізаванае праграмнае забесьпячэньне, тэхнічныя сродкі, рэсурсы сеткі інтэрнэт, а таксама тэхналёгію блокчэйн», — працытавала прэсавая служба ведамства выступ Васіля Герасімава на супольным паседжаньні дзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Паводле яго, гэта рабілі ў межах «супрацьдзеяньня фінансаваньню тэрарызму, экстрэмізму, іншай дзейнасьці, якая нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы».

Ніякіх дэталяў аб фігурантах гэтых справаў прэсавая служба не паведаміла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol: З 2020 года ў Беларусі рэпрэсавалі паўмільёна чалавек, улады ўжываюць незаконныя мэтады