Раніцай 8 чэрвеня ізраільскія вайскоўцы заявілі пра буйны ўдар па Іране. Перад тым ізраільцы паведамілі пра ракетны абстрэл сваёй краіны Іранам, піша Радыё Свабодная Эзропа / Радыё Свабода.
«Дзясяткі зьнішчальнікаў ВПС пад кіраўніцтвам вайсковай выведкі нанесьлі маштабны ўдар па стратэгічных сыстэмах абароны іранскага тэрарыстычнага рэжыму», — паведаміла Армія абароны Ізраілю (ЦАГАЛ) у паведамленьні на X.
У ЦАГАЛ адзначылі, што білі па Іране, бо іранцы паспрабавалі аднавіць ранейшыя магутнасьці, але ізраільскі ўдар нібыта «дэмантаваў» стратэгічныя сыстэмы.
Такім чынам, насуперак папярэднім размовам пра спыненьне агню, Іран і Ізраіль зноў абмяняліся ўдарамі.
Адмоўная рэакцыя ЗША
Такія дзеяньні Ізраілю не спадабаліся іхнаму хаўрусьніку — Злучаным Штатам: прэзыдэнт краіны Дональд Трамп скрытыкаваў ізраільскі ўдар і заявіў, што абедзьве краіны павінны неадкладна завяршыць абстрэлы.
Таксама Трамп напісаў у Truth Social пра тое, што мірныя перамовы з Іранам набліжаюцца да заканчэньня. Аднак ён дадаў, што перамовам можа зашкодзіць ці нават сарваць іх «глупства».
Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што гнеў ЗША быў выкліканы тым, што Ізраіль пастанавіў дзейнічаць самастойна, без узгадненьня і супольнага плянаваньня з Злучанымі Штатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ураджэнец Беларусі ўзначаліў ізраільскую выведку «Масад», абяцаў працяг апэрацый супраць ІрануШто сказаў Іран?
У сярэдзіне дня 8 чэрвеня іранскі рэжым заявіў, што спыняе ваенныя апэрацыі супраць Ізраілю. Заяву зрабілі пасьля некалькіх хваляў узаемных удараў. Іранскія СМІ з спасылкай на цэнтральны штаб Хатам аль-Анбія, які служыць супольным вайсковым камандаваньнем Ірану, дадалі, што ўсякія далейшыя напады, у тым ліку на поўдні Лібану, будуць сустрэтыя «значна больш жорсткім і разгромным» адказам.
Іранскае агенцтва ISNA неўзабаве паведаміла, што ўсе рэйсы з аэрапортаў краіны прыпыненыя да адмысловага апавяшчэньня. Празь некалькі гадзінаў палёты аднавілі. Адначасова кіраўнік Іранскай арганізацыі хаджу і паломніцтва заявіў, што праз збоі ў зваротных рэйсах паломнікаў магчымыя затрымкі некаторых пералётаў да 72 гадзінаў.
Ізраільскі ўдар па ваколіцах гораду Тыр на поўдні Лібану, 8 чэрвеня 2026 году
Што гавораць у Ізраілі?
Неўзабаве пасьля таго, як Тэгеран абвясьціў пра спыненьне апэрацыяў супраць Ізраілю, ізраільскі тэлеканал Channel 12 працытаваў неназванага высокапастаўленага служцаоўа, які заявіў, што Ізраіль таксама прыпыніць свае ўдары па Іране.
Неўзабаве выйшлі дадатковыя заявы, якія пацьвердзілі намер Ізраілю спыніць удары. Прэм’ер-міністар краіны Біньямін Нэтаньягу ў кароткім відэа заявіў, што «агонь па Іране прыпынены» пасьля таго, як Тэгеран спыніў свае напады на Ізраіль.
Але, як і ў іранскім выпадку, у ізраільскім не абышлося без далейшых пагрозаў. Нэтаньягу перасьцярог, што калі Тэгеран «зробіць памылку, аднавіўшы напады на нас, мы адкажам у поўную моц».
Кіраўнік ураду Ізраілю заявіў, што Ісламская рэспубліка спрабавала «навязаць новую тоеснасьць», абстраляўшы Ізраіль у адказ на яго напады ў Лібане, накіраваныя на «Хэзбалу», узброеную групоўку, хаўрусную Ірану. Нэтаньягу сказаў, што такое для яго «непрымальна».
ЗША пра заканчэньне канфлікту з Іранам
Палата прадстаўнікоў ЗША на пачатку чэрвеня ўхваліла рэзалюцыю аб ваенных паўнамоцтвах, накіраваную на стрыманьне ваеннай кампаніі прэзыдэнта Трампа супраць Ірану. Палата прадстаўнікоў прагаласавала за гэтую рэзалюцыю 3 чэрвеня 215 галасамі супраць 208, прычым да ўсіх дэмакратаў, якія падтрымалі яе, далучыліся чатыры рэспубліканцы.
Гэтае галасаваньне стала самай рэзкай водпаведзьдзю Кангрэсу на канфлікт, які доўжыцца ўжо больш за тры месяцы і выклікаў занепакоенасьць ягонымі эканамічнымі і геапалітычнымі наступствамі.
У сваёй заяве пасьля галасаваньня яго ініцыятар Грэгары Мікс, дэпутат ад штату Нью-Ёрк, сьцьвярджаў, што ваенная кампанія не дасягнула заяўленых мэтаў, а замест гэтага пашкодзіла дыпляматычным захадам, скіраваным на ўрэгуляваньне спрэчак вакол ядзернай праграмы Ірану.
За некалькі гадзін да галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, даючы паказаньні перад камітэтам замежных справаў Палаты прадстаўнікоў, абараняў падыходы адміністрацыі да канфлікту.
«Мы больш не праводзім бесьперапынных удараў унутры Ірану, каб падарваць іхны вайсковы патэнцыял, бо апэрацыя „Эпічная лютасьць“ скончылася», — сказаў Рубіё, маючы на ўвазе ваенную кампанію ЗША.
Ён дадаў, што Вашынгтон дасягнуў сваіх мэтаў. Рубіё таксама сьцьвярджаў, што мэтай адміністрацыі ніколі не была зьмена рэжыму ў Тэгеране.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.