Адмыслоўцы высьветлілі, што было прычынай масавага атручэньня дзяцей у Барысаве. Прадпрыемства спыніла працу

Ілюстрацыйнае фота

Здарэньне 2 чэрвеня напалохала ўсю Беларусь. Цяпер Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што магло стаць прычынаю харчовага атручэньня.

Санітарна-эпідэміялягічная служба Міністэрства аховы здароўя выняла з абарачэньня прадукцыю ТАА «Біямалпрам».

Афіцыйны камэнтар з нагоды дала намесьніца міністра аховы здароўя — галоўная дзяржаўная санітарная лекарка Рэспублікі Беларусь Сьвятлана Нячай:

«Санітарна-эпідэміялягічная служба Міністэрства аховы здароўя завяршае правядзеньне санітарна-эпідэміялягічнага расьсьледаваньня прычынаў шпіталізацыі дзяцей у Менскай вобласьці. Для прадухіленьня распаўсюду і ліквідацыі эпідэміялягічнага няшчасьця, зьвязанага з прадукцыяй ТАА „Біямалпрам“, дадзеныя прадукты сканфіскаваныя з абарачэньня».

2–3 чэрвеня ва ўстановы аховы здароўя шпіталізавалі шмат дзецей з сымптомамі, якія не выключаюць кішачную інфэкцыю. Па стане на 8 чэрвеня новых зваротаў па мэдыцынскую дапамогу не рэгістравалі.

На працягу дзьвюх гадзін з моманту рэгістрацыі адмыслоўцы правялі збор эпідэміялягічнага анамнезу ў дзяцей і бацькоў, выявілі меркаваны чыньнік перадачы інфэкцыі — кісламалочны прадукт «Біфідзін». Таксама адмыслоўцы апэратыўна забралі ўзоры харчовай прадукцыі для правядзеньня лябараторных дасьледаваньняў. Вынікі пацьвердзілі неадпаведнасьць прадукцыі патрабаваньням мікрабіялягічнай бясьпекі.

Далей працаўнікі дзяржаўнага санітарнага нагляду правялі ацэнку ўмоў вытворчасьці. Праверка прынесла кепскія для прадпрыемства вынікі. Дзейнасьць ТАА «Біямалпрам» спынілі, адпаведна спынілася і рэалізацыя прадукцыі. Пра тое, ці будуць перасьледаваць кагосьці на прадпрыемстве ў крымінальным парадку — невядома.

Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што сытуацыя застаецца на кантролі ў ведамства.

Што адбылося?

Увечары 2 чэрвеня ў інфэкцыйнае аддзяленьне Барысаўскага цэнтральнага раённага шпіталю даставілі 27 пацыентаў дашкольнага ўзросту з прыкметамі інфэкцыйнага захворваньня — млоснасьцю і ванітамі.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце масавага атручэньня дзяцей.

Спэцыялісты занальнага і абласнога цэнтраў гігіены з 2 чэрвеня працуюць, каб мінімізаваць рызыку распаўсюджваньня вострых кішачных інфэкцыяў сярод насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Барысаве 27 дашкольнікаў шпіталізавалі з кішэчнай інфэкцыяй