«У пэрыяд вучэньняў паблізу вайсковых камісарыятаў і іншых аб’ектаў базы правядзеньня мабілізацыі грамадзян і транспартных сродкаў могуць быць чутныя выбухі імітацыйных сродкаў і стрэлы пустастрэльных боепрыпасаў. Таксама магчымае абмежаваньне руху па асобных вуліцах паблізу вайсковых камісарыятаў», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.
Паводле Міністэрства абароны, вайсковаабавязаныя будуць удасканальваць вайсковыя веды, асвойваць узбраеньне і вайсковую тэхніку, вучыцца выконваць задачы кіраўніцтва вучэньняў.
«Плянуецца практыкаваньне ў пытаньнях апавяшчэньня і яўкі вайсковаабавязаных і транспартных сродкаў у пункты папярэдняга збору. Грамадзянам будуць уручаць позвы аб неабходнасьці прыбыцьця ў пункты збору вайсковаабавязаных для зьверкі асабовых зьвестак», — паведамілі ў міністэрстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як Расея накручвае Лукашэнку. Тлумачым з ГурневічамЧаму гэта важна
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна без перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых ваенізаваных падразьдзелаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах з боку Ўкраіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычнай. Гэта ніводнага разу ня было пацьверджана.
Камэнтуючы вайсковыя вучэньні розных відаў фармаваньняў, Лукашэнка кожны раз заяўляе, што Беларусь «рыхтуецца да вайны».