Стакгольмскі інстытут міру згадаў Беларусь у штогадовай справаздачы аб стане ўзбраеньняў у сьвеце

Бібліятэка і аддзел дакумэнтацыі Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў праблемаў міру (SIPRI). Архіўнае фота

Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў чарговую штогадовую справаздачу аб стане ўзбраеньняў, раззбраеньня і міжнароднай бясьпекі.

Экспэрты SIPRI прыйшлі да высновы, што дзяржавы ўсё больш абапіраюцца на ядзерную зброю як інструмэнт нацыянальнай магутнасьці, што абясцэньвае шматгадовыя намаганьні скараціць колькасьць і ролю ядзернай зброі, нягледзячы на большую рызыку новай эскаляцыі.

«Дзевяць дзяржаваў, якія валодаюць ядзернай зброяй, — ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Паўночная Карэя) і Ізраіль — працягнулі праграмы мадэрнізацыі і ўдасканаленьня сваіх ядзерных арсэналаў у 2025 годзе, і большасьць іх цягам году разгарнула новыя сыстэмы, якія маюць ядзерную зброю або здольныя несьці яе», — адзначаецца ў справаздачы.

Згодна з інфармацыяй SIPRI, у студзені 2026 году агульная колькасьць боегаловак ва ўсім сьвеце ацэньвалася ў 12 187, зь якіх 9745 знаходзіліся ў вайсковых запасах для патэнцыйнага выкарыстаньня, 4012 боегаловак разьмяшчаліся на ракетах і самалётах, а рэшта ў цэнтралізаваных сховішчах. 2100-2200 ракет знаходзіліся ў стане высокай баявой гатоўнасьці.

Амаль усе гэтыя боегалоўкі належалі Расеі або ЗША, у меншай ступені Францыі і Вялікай Брытаніі, але Кітай і Індыя цяпер могуць часам разгортваць невялікую колькасьць боегаловак, усталяваных на ракетах, у мірны час.

«Уплывовыя галасы, у тым ліку некаторых усясьветных лідэраў, выступаюць за ядзерную зброю як гарантыю ад нападу варожай дзяржавы. Але калі зрабіць нацыянальныя стратэгіі абароны і бясьпекі залежнымі — ці больш залежнымі — ад ядзернай зброі, гэта можа значна павялічыць ядзерныя рызыкі», — сказаў дырэктар SIPRI Карым Хагаг.

Паводле яго, небясьпека, зьвязаная зь ядзернай зброяй, расьце дзякуючы дасягненьням тэхналёгіящ вытворчасьці зброі, а таксама праз парушэньне кантролю над ядзернымі ўзбраеньнямі і ўзмацненьне геапалітычнай напружанасьці.

«Усё больш доказаў таго, што дзяржавы, што валодаюць ядзернай зброяй, адмаўляюцца ад сваіх абавязаньняў у раззбраеньні і замест гэтага дэманструюць свае ядзерныя цягліцы. Імкнучыся да ядзерных рашэньняў, дзяржавы ствараюць новыя рызыкі і падсілкоўваюць гонку ўзбраеньняў», — сказаў Ганс М. Крыстэнсэн, старшы навуковы супрацоўнік праграмы SIPRI у зброі масавага зьнішчэньня і дырэктар праекту ядзернай інфармацыі Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў (FAS).

Расея і ЗША разам валодаюць прыблізна 83% усіх ядзерных боегаловак, прыдатных для выкарыстаньня. Гэтая агульная доля крыху скарачаецца праз рост ядзерных арсэналаў іншых краін — Пакістану, Індыі, Кітаю, Паўночнай Карэі. У Кітаі, напрыклад, ядзерны арсэнал павялічыўся з прыблізна 600 боегаловак у студзені 2025 году да прыблізна 620 у студзені 2026 году.

Апроч таго, экспэрты адзначаюць, што ядзерныя краіны ўсё часьцей выкарыстоўваюць штучны інтэлект для абслугоўваньня атамнай зброі, найперш для арганізацыі трэнаваньняў і маніторынгу ядзерных сілаў. Аднак пакуль штучны інтэлект не выкарыстоўваюць у галінах высокай рызыкі — такіх, як кіраваньне запускамі, вызначэньне цэляў і ўхваленьне рашэньняў у крызісных сытуацыях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

FT: Вашынгтон вядзе перамовы пра разьмяшчэньне ядзернай зброі яшчэ ў некалькіх эўрапейскіх краінах

У якім кантэксьце згадваецца Беларусь

Экспэрты згадваюць Беларусь у разьдзеле, прысьвечаным ацэнкам ядзернага арсэналу Расеі і яе нестратэгічнай ядзернай зброі. Яны адзначаюць, што «пакуль няма прыкмет маштабнага павелічэньня агульнай колькасьці боегаловак, прызначаных для гэтых функцыяў».

Нягледзячы на тое, што міжнародныя санкцыі, уведзеныя за вайну ва Ўкраіне, запаволілі мадэрнізацыю расейскай ядзернай зброі, у справаздачы адзначаюць посьпехі Расеі ў выпрабаваньні некаторых новых тыпаў стратэгічных сыстэмаў дастаўкі, у тым ліку сыстэмы «Арэшнік», якую яна выкарыстоўвала супраць Украіны і разьмясьціла ў Беларусі.

«Прысутнасьць гэтых сыстэмаў у Беларусі, а таксама раней разгорнутых сыстэмаў „Іскандэр“ і самалётаў, здольных несьці ядзерную зброю, сьведчыць, што Расея цяпер, імаверна, мае некалькі розных сродкаў дастаўкі ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі», — гаворыцца ў справаздачы.

Экспэрты SIPRI пакуль ня маюць доказаў разьмяшчэньня нестратэгічнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. «Калі гэта праўда, то гэта быў бы першы выпадак разгортваньня Расеяй ядзернай зброі за межамі сваёй тэрыторыі з канца халоднай вайны. [...] Тым ня менш на студзень 2026 году не было пераканаўчых і публічна даступных візуальных доказаў таго, што расейскія ядзерныя боегалоўкі і зьвязаны зь імі пэрсанал былі разьмешчаныя ў Беларусі», — паведамляецца ў дакумэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ISW: ядзерныя вучэньні пацьвердзілі здольнасьць Расеі выкарыстоўваць Беларусь у сваіх вайсковых мэтах

Чаму гэта важна

Веданьне дакладнай колькасьці ядзернага арсэналу крытычна важна для падтрыманьня глябальнай бясьпекі, перадухіленьня выпадковага пачатку трэцяй усясьветнай вайны і кантролю над узбраеньнямі.

Грунтуючыся на гэтай інфармацыі, супернікі фармуюць так званую дактрыну ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня, калі ніводны з бакоў не рашыцца на адкрыты канфлікт праз страх немінучага і зьнішчальнага зваротнага ўдару.

Цяперашні віток ядзернай эскаляцыі пачаўся ў лютым 2022 году з пачаткам поўнамаштабных баявых дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Канфлікт прывёў да беспрэцэдэнтнага вяртаньня ядзернай рыторыкі ў публічную сфэру, да разбурэньня архітэктуры кантролю над узбраеньнямі і перамяшчэньня фокусу на супрацьстаяньне паміж Расеяй і NATO.

У сакавіку 2023 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню заявіў аб плянах разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Летам таго ж году ў Беларусі пачалі ствараць адпаведную інфраструктуру і заявілі аб пастаўцы першай партыі боегаловак. Іншыя краіны дагэтуль маюць сумневы, што на тэрыторыі Беларусі ёсьць ядзерная зброя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ў ААН агучыла ваенныя пагрозы зь Беларусі, прадстаўнік Менску расказаў пра адстойваньне міру