Сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Андрэй Мельнік заклікаў Раду Бясьпекі ААН узмацніць ціск на Маскву і Менск, каб перадухіліць новую эскаляцыю вайны.
«Мы ўважліва сочым за дзеяньнямі Расеі, накіраванымі на далейшае ўцягваньне Беларусі ў агрэсію супраць Украіны. Гэта яшчэ адно трывожнае пытаньне і яшчэ адна новая пагроза, на якую я хацеў бы зьвярнуць увагу Рады Бясьпекі», — працытавала Андрэя Мельніка агенцтва «Укрінформ».
Паводле яго, рэжым Лукашэнкі фактычна адмовіўся ад сувэрэнітэту, калі дазволіў Маскве выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору. Мельнік адзначыў, што Крэмль усё больш актыўна падштурхоўвае Беларусь да глыбейшага залучэньня ў вайну, у тым ліку праз мабілізацыйныя захады, разгортваньне сучасных ракетных сыстэмаў і вучэньні, зьвязаныя зь ядзернай зброяй.
«Гэта стварае новую, беспрэцэдэнтную пагрозу ня толькі для Ўкраіны, а і для эўрапейскай бясьпекі», — падкрэсьліў украінскі дыплямат.
Андрэй Мельнік заявіў, што ў выпадку ўварваньня з боку Беларусі Ўкраіна будзе абараняцца, абапіраючыся на артыкул 51 Статуту ААН (дзяржава мае права выкарыстаць вайсковыя сілы для адбіцьця агрэсіі да таго часу, пакуль Рада Бясьпекі ААН не ўхваліць захады, патрэбныя для падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі. — РС).
«На кожную атаку з поўначы будзе тэрміновы і рашучы адказ, а рэжым у Менску сутыкнецца з разбуральнымі наступствамі», — папярэдзіў прадстаўнік Украіны.
Пра што ў сваім выступе сказаў прадстаўнік Беларусі ў ААН
Намесьнік сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Аляксей Панфёраў заявіў, што Беларусь «робіць свой унёсак ва ўмацаваньне міру, устойлівага разьвіцьця і міжнароднай супрацы ня словамі, а справамі, актыўна прасоўваючы ідэю аднаўленьня шырокага міжнароднага дыялёгу аб аднаўленьні захадаў даверу, бясьпекі і супрацы на эўразійскай прасторы».
Беларускі дыплямат не згадаў разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, што парушае міжнароднае права ў гэтай сфэры, але выказаў жаль з нагоды «правалу спробаў ухваліць у ААН выніковы дакумэнт 11-й Канфэрэнцыі ў разглядзе дзеяньня дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ).
«У цяперашніх ваенна-палітычных умовах дасягненьне ключавой мэты ДНЯЗ — усеагульнага і поўнага раззбраеньня — гэта цяжкавыканальная, а дакладней, абсалютна нерэалістычная задача. Аднак мы перакананыя, што неабходна настойліва працягваць паэтапны, пасьлядоўны дыялёг пры ўмове выкананьня ўсімі дзяржавамі ключавых прынцыпаў: узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў усіх бакоў, адмовы ад выкарыстаньня або пагрозы выкарыстаньня сілы, а таксама забесьпячэньня роўнай і непадзельнай бясьпекі», — сказаў Панфёраў.
Прадстаўнік Беларусі чарговы раз заявіў аб неабходнасьці скасаваньня санкцый як зьявы, бо яны падрываюць «стабільнасьць і ўстойлівае разьвіцьцё».
Што папярэднічала
15 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў нараду з кіраўнікамі выведных структур Узброеных сілаў, Міністэрства абароны і Службы бясьпекі, а пасьля яе заявіў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне або па адной з краін NATO. Раней ужо гучалі папярэджаньні Кіева, што Расея можа паўтарыць досьвед 2022 году.
Паводле Зяленскага, Украіне вядома, што паміж расейцамі і Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся «дадатковыя кантакты, накіраваныя на тое, каб пераканаць яго далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных апэрацыяў».
У прыватнасьці, з словаў Зяленскага, Расея разглядае пляны апэрацыяў у кірунках на поўдзень і поўнач ад тэрыторыі Беларусі — або супраць Чарнігава-Кіеўскага кірунку ва Ўкраіне, або супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае падрабязнасьцямі размовы паміж Расеяй і Беларусьсю.
Апоўдні 15 траўня, неўзабаве пасьля таго, як на беларускай тэрыторыі адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла пра яго размову з Уладзімірам Пуціным, на якой абмяркоўвалі «супрацу ў эканоміцы і ў галіне абароны, а таксама заплянаваныя супольныя захады ў гэтых кірунках».
Чаму гэта важна
У лютым 2022 году Расея выкарыстала беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну, яе танкі ішлі празь беларуска-ўкраінскую мяжу, яна выкарыстоўвала беларускія аэрадромы, паветраную прастору, аўтамабільныя дарогі, чыгунку, іншую інфраструктуру для атакаваньня Ўкраіны.
Доўгі час беларуская тэрыторыя была фактычна тылавой для расейскай арміі, а ўлада Беларусі ўсяляк спрыяла расейскай агрэсіі, выступаючы хаўрусьнікам Расеі ў вайне з Украінай.
Цяпер абстрэлаў Украіны ракетамі зь беларускай тэрыторыі не фіксуюць, але расейскія дроны, якія атакуюць Украіну, часам лятуць празь беларускую тэрыторыю.
Форум