Ці ёсьць прыкметы таго, што рыхтуецца наступ зь Беларусі на Ўкраіну? Пра гэта Ўкраінская служба Радыё Свабода распытала сьпікера Дзяржаўнай памежнай службы Андрэя Дземчанку.
«На сёньня, на шчасьце, нарошчваньня ў беспасярэдняй блізкасьці да нашай мяжы сілаў на тэрыторыі Беларусі пакуль няма.
Яшчэ з 2022 году Беларусь трымае ў кірунку нашай мяжы невялікую колькасьць сваіх падразьдзелаў. Яны пэрыядычна праходзяць ратацыю, але іхная колькасьць не павялічваецца.
Разам з тым тое, што адбываецца ў глыбіні тэрыторыі краіны, як паведамляе выведка, зараз сьведчыць, што Расея больш актыўна пачала ціснуць на Беларусь, каб тая больш маштабна і ўласнымі сіламі далучылася да вайны супраць Украіны.
То бок надалей могуць быць і правакацыі ў кірунку нашай мяжы. Нельга выключаць і ўварваньня».
Ці можа Расея выкарыстаць беларускую інфраструктуру
«У 2022–23 гадах Расея трымала каля 10-12 тысяч свайго асабовага складу, якія пераважна праходзілі падрыхтоўку на тэрыторыі Беларусі.
Гэтыя падразьдзелы пасьля завяршэньня падрыхтоўкі, напрыклад, перакідваліся на тэрыторыю Расеі. Назад завозіліся новыя, праходзілі зноў падрыхтоўку. І так паступова Расея іх вывела для таго, каб узмацніць свае групоўкі на лініі фронту, але новых не завяла.
Таму яшчэ раз адзначу: ударных груповак Расея ня мае, але ў кожны момант яна можа іх перакінуць на тэрыторыю Беларусі і выкарыстаць тыя інфраструктурныя аб’екты, якія будуе Беларусь».
«Пагроза ў кірунку Кіева»
«Гэтыя інфраструктурныя аб’екты, лягістычныя шляхі, яны абсталёўваюцца ў кірунку Чарнігаўскай, Кіеўскай вобласьцяў. Але гэта адбываецца не ў беспасярэдняй блізкасьці ад нашай мяжы, а на пэўнай адлегласьці.
Улічваючы ўварваньне, якое мы мелі ў 2022 годзе, вядома, што спалучэньне ўдару з тэрыторыі Беларусі і ўдару з тэрыторыі Расеі ў межах Чарнігаўскай вобласьці — гэта пагроза ў кірунку Кіева, але нельга адкідаць пагрозу і на іншых участках — Жытоміршчына, Ровеншчына, Валынь.
У тым ліку з мэтай пераразаньня нашых лягістычных шляхоў. Такі сцэнар праглядаўся яшчэ ў 2022 годзе».
Заявы ўладаў Беларусі пра ўкраінскую пагрозу могуць быць прыкрыцьцём дзеяньняў супраць Украіны
«Гэта чарговая маніпуляцыя, увогуле абсурдныя словы, што з Украіны нешта ляціць на тэрыторыю Беларусі і што ідзе зьнішчэньне памежнай інфраструктуры, як яны кажуць.
Узгадайце, перад поўнамаштабным уварваньнем Лукашэнка казаў, што нібыта тоны зброі ідуць з Украіны ў Беларусь. Вы можаце ўявіць, што такія аб’ёмы так бесьперашкодна перасякаюць мяжу, а беларускія памежнікі гэтага ня бачаць? Напэўна, гэта нівэляваньне працы беларускага боку.
Такіх абсурдных заяваў было шмат. Нават паказвалі мапы, адкуль рыхтаваўся наступ на Беларусь, і ўсё такое.
Але фактычна гэта можа быць нават прыкрыцьцём тых дзеяньняў, той падтрымкі Расеі, якая ідзе з боку Беларусі.
За апошнія дні мы фіксавалі і выкарыстаньне выведных дронаў уздоўж мяжы з Украінай менавіта з тэрыторыі Беларусі.
Нядаўна быў залёт паветранага балёна, які нёс рэтрансьлятар, што ўзмацняе сыгнал для расейскіх ударных бесьпілётных паветраных апаратаў. І, уласна, таксама фіксуецца і праход менавіта па тэрыторыі Беларусі ўдарных бесьпілётных паветраных апаратаў Расеі.
І Беларусь чамусьці гэтага не заўважае.
Затое штодня фіксуе, як ударныя дроны, зь іхных словаў, ляцяць з боку Ўкраіны ў Беларусь. Фактычна Беларусь тым самым і падтрымлівае Расею, і робіць усё для таго, каб неяк апраўдаць свае дзеяньні», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Форум