Падручнік для тых, хто хоча стаць беларусам. Што новага знайшоў Фядута ў самым галоўным рамане Караткевіча

Фрагмэнт вокладкі кнігі «Лексыкон „Каласоў пад сярпом тваім“» Аляксандра Фядуты

«Лексыкон „Каласоў пад сярпом тваім“» Аляксандар Фядута напісаў у першыя гады зьняволеньня. Кніга «вызвалілася» нават раней за свайго аўтара.

Кнізе Аляксандра Фядуты «Лексыкон „Каласоў пад сярпом тваім“» пашанцавала: рукапісу ўдалося «вырвацца» з турмы раней за яе аўтара. І хоць кажуць, што рукапісы не гараць, сам Фядута перакананы ў адваротным. Шмат вершаў, а таксама адзін сцэнар і дзьве п’есы яму пры вызваленьні так і ня вярнулі. Апавядаем пра новы твор Аляксандра Фядуты.

Аляксандар Фядута пісаў кнігу, калі быў у сьледчым ізалятары КДБ, так званай «Амэрыканцы». 11 красавіка 2021 году ў Маскве яго затрымалі супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі і перадалі беларускаму КДБ. «Кніжны чалавек» Фядута расказвае, што ня мог знаходзіцца за кратамі бяз кніг. У тыя часы кнігі ў сьледчым ізалятары можна было набываць раз на два тыдні: вязень пісаў заяўку на імя начальніка, той накладаў рэзалюцыю, і дзяжурны афіцэр ішоў літаральна праз дарогу — у «Цэнтральны кніжны» і купляў выданьні паводле сьпісу. А ў Аляксандра Фядуты даўно была мара — стварыць грунтоўны камэнтар да галоўнага раману Караткевіча.

Аляксандар Фядута на прэзэнтацыі кнігі

«У мяне не было інтэрнэту і магчымасьці трапіць у архівы, не было ніякай літаратуры і дапаможнікаў, акрамя ўласнай памяці. І ўрэшце я змог сесьці і напісаць гэтую кнігу. А на волі яна апынулася ў выніку маёй шматмесячнай барацьбы зь сьледчым у асабліва важных справах КДБ падпалкоўнікам Акулічам», — апавядае сам Фядута пра сваю новую кнігу.

Кантэкст 2020 году

Рукапіс «Лексыкону» пасьля завяршэньня працы трапіў да сьледчага КДБ Акуліча, ён мусіў праверыць яго на наяўнасьць забароненых для перадачы на волю зьвестак. Праверка зацягнулася настолькі, што Фядута пачаў прасіць вярнуць яму рукапіс. Але марна. Сьледчы спачатку аргумэнтаваў адмову тым, што ня мае часу прачытаць, потым неразборлівым почыркам Фядуты. І не вяртаў. Палітвязьня перавялі ў СІЗА, на «Валадарку», якая падпарадкоўвалася ўжо іншаму ведамству — МУС. Рукапіс не вярталі. Тады Аляксандар абвесьціў «мэдычны страйк»: адмовіўся прымаць жыцьцёва неабходныя лекі. Стан яго здароўя істотна пагоршыўся. Але адміністрацыя пачала пагражаць, што «адыграецца» на сукамэрніках, ладзячы штодзень «шмоны». Аляксандар Фядута расказвае, што, зарабіўшы арытмію сэрца, вымушаны быў пагадзіцца прымаць лекі. Але пачаў «бамбіць» лістамі Генэральную пракуратуру, выкарыстоўваючы ўсе свае таленты майстра эпісталярнага жанру.

Фядута праз некалькі дзён пасьля вызваленьня з калёніі ў сьнежні 2025 году

У рэшце рэшт той самы падпалкоўнік КДБ Аляксандар Акуліч вярнуў Фядуту сшыткі ў абмен на подпіс у пратаколе. Нататкі пра раман Караткевіча сталі «закладнікамі». Аднак у магілёўскую калёнію № 15, куды Фядуту накіравалі адбываць пакараньне, рукапіс не пусьцілі, пакінулі на складзе, адкуль яго змагла забраць жонка літаратуразнаўцы. Пры ўмове, што публікацыя пакуль будзе адкладзеная.

Толькі пасьля вызваленьня Аляксандар Фядута здолеў апублікаваць «Лексыкон» у Польшчы, у выдавецтве «Полацкія лябірынты». «Лексыкон» зьняволены літаратуразнаўца пісаў па-расейску, але вырашыў у такім выглядзе кнігу не выдаваць. Пераклад на беларускую зрабіла Ганна Майская.

Фядута падпісвае асобнік кнігі на прэзэнтацыі ў Варшаве

«Гэта рэч, напісаная ў турме. І мой сьледчы Аляксандар Акуліч, які падкрэсьліваў пэўныя радкі ў маіх сшытках, адчуў, што гэтая кніжка цалкам знаходзіцца ў кантэксьце 2020 году. Гэта ўсё захавалася. Чытач, які знаходзіцца ў кантэксьце падзеяў 2020 году, гэта пабачыць», — зьвяртае ўвагу аўтар «Лексыкону».

Прысьвячэньне Мальдзісу

У прадмове да кнігі літаратуразнаўца, крытык Сяргей Дубавец піша, што «Фядута ў адвольным стылі разбурае „бздуры“ (пра недасканаласьць беларускай літаратуры, бо ў ёй „ніхто не напісаў „Вайну і мір“) і робіць агляд новай беларускай літаратуры ад пачатку ХХ стагодзьдзя, адсылаючы яе да замежных аналягаў на сто гадоў раней».

І хоць улюблены твор Караткевіча ў Фядуты — «Ладзьдзя роспачы», менавіта «Каласы» ён лічыць галоўнай кнігай пісьменьніка.

Адам Мальдзіс асабіста ведаў і сябраваў з Уладзімерам Караткевічам. Архіўнае фота

«У кожнага чытача свой густ. Але як гісторык літаратуры я разумею, што існуюць тэксты, якія могуць асабіста табе не падабацца або падабацца менш, чым іншыя тэксты таго ж аўтара. Але іх моц, іх уплыў вялікі. Гэта значыць, што яны абіраюць чытачоў самі. Вось мяне абрала „Ладзьдзя роспачы“, мяне абраў Гервасій Выліваха, ягонае спаборніцтва зь сьмерцю. А раман Караткевіча „Каласы“ — гэта выдатны твор: як філёляг, як літаратуразнаўца я бачу, заўважаю ў ім пэўныя рэчы, якіх чытач мог ня ўбачыць. З майго гледзішча, гэта галоўная кніга менавіта таму, што гэта для беларусаў падручнік, які кажа, як стаць беларусам. І свой камэнтар я пісаў як дапаможнік настаўніку, які меў выкладаць твор, яшчэ калі ён быў у школьнай праграме», — прызнаецца Фядута.

Калі ён пісаў кнігу, то яшчэ ня ведаў, што яна будзе выключаная з школьнай праграмы. Аўтар прысьвяціў сваю працу Адаму Мальдзісу, які ў той момант, калі Фядута завяршаў яе, пайшоў з жыцьця.

«Мне давялося шмат размаўляць з гэтым выдатным беларусам. Я ганаруся, што ў свой час рэдагаваў зборнік навуковых артыкулаў, прысьвечаных Адаму Мальдзісу. І для мяне гэта быў такі ідэальны чытач (ідэальны ня ў тым сэнсе, што найвышэйшага ўзроўню, — ідэальным чытачом гэтай кнігі мог быць толькі Караткевіч, які б сказаў, што там слушна, што няслушна). Але гэта быў чытач, на якога я арыентаваўся… Калі я быў у турме, голас Караткевіча быў для мяне голасам з волі. Гэта было вельмі важна», — прызнаецца аўтар «Лексыкону».

«Харошыя» і «дрэнныя» рускія

У кнізе Фядуты 51 «слоўнікавы артыкул», яны зьмешчаныя ў той пасьлядоўнасці, у якой пісаліся за кратамі. Першы — «Конь» — адзін з галоўных вобразаў-сымбаляў у рамане Караткевіча. Гэта і чорны конь Чорнага Войны, і два белыя кані Алеся Загорскага (Урга і Тромб). Белы вершнік — сымбаль Пагоні. А караткевічаўскае белае жарабя — гэта будучы конь, на якім прыедзе Збаўца «ратаваць свае белыя землі».

«Увесь раман Караткевіча фактычна пра тое, як расьце белае жарабя і як расце, рыхтуючыся да выкананьня сваёй місіі, ягоны вершнік, якому наканавана зьліцца зь белым канём у адзінае цэлае, ператварыцца ў кентаўра», — піша аўтар.

У кнізе Фядуты таксама шмат адмоўных пэрсанажаў: імпэратрыца Кацярына ІІ, памешчык Канстанцін Кроер, жандарм Апалон Мусатаў, «зборны вобраз» Расейскай імпэрыі — «злой, антынацыянальнай і антычалавечай сілы». Ёсьць у «Лексыконе» і асобны артыкул «Расея. Рускія».

Выданьне 2026 году

«Калі пісаўся раман, зразумела, што напісаць пра Расею выключна як пра імпэрскую краіну Караткевіч ня мог. І ў яго ёсьць „харошыя“ рускія і „дрэнныя“. „Харошыя“ рускія — гэта эмігранты (Герцэн, Агароў), гэта клясыкі (Талстой, Тургенеў, Дастаеўскі) і рэвалюцыянэры-дэмакраты (Чарнышэўскі). Мы ня ведаем, ці быў знаёмы Каліноўскі зь імі. Калі ён вучыўся ва ўнівэрсытэце, ён шмат чытаў. Сустрэцца з гэтымі людзьмі ні Каліноўскаму, ні Загорскаму Караткевіч не дае. Аднак дае магчымасьць сустрэцца з Тарасам Шаўчэнкам. І гэта вельмі дакладна расстаўляе акцэнты. Нават там, дзе ёсьць пэўны „саветызм“ (а гэта 1965 год) — ён па-мастацку абгрунтаваны, ён там павінен быць, бо інакш раман ня пройдзе цэнзуру. Такія былі ўмовы. Караткевіч адзін раз узгадвае расейскага пісьменьніка (і гэта ніяк не абгрунтавана) — гэта яго ўлюблены Цютчаў, якому ён прысьвячае тры старонкі ў рамане», — тлумачыць Аляксандар Фядута.

Ён таксама заўважае, што ў Караткевіча супадаюць ацэнкі, якія далі Расеі «раманны герой» Кастусь Каліноўскі і бальшавік-рэвалюцыянэр Уладзімір Ульянаў.

«Існуюць дзьве Расеі, рэвалюцыйна-дэмакратычная і імпэрская, паміж якімі ня варта ставіць знак роўнасьці», — піша Фядута ў кнізе.

Рэальныя і выдуманыя вобразы

На думку Фядуты, раман Караткевіча — цалкам у «вальтэрскотаўскай традыцыі»: Вальтэр Скот адным зь першых пачаў спалучаць гістарычных пэрсанажаў з пэрсанажамі, якіх ён прыдумаў. І, дарэчы, у ягоных раманах галоўны пэрсанаж — гэта пэрсанаж напісаны, а ня ўзяты з рэальнасьці, падкрэсьлівае Фядута.

Уладзімер Караткевіч за працай

«Бо Вальтэр Скот пісаў пра сваіх сучасьнікаў, нават пішучы гістрарычны раман. Я разумею, чаму Караткевіч зрабіў галоўнага героя сваёй кнігі Алеся Загорскага філёлягам — бо ён сам быў філёляг. І зразумела, чаму там ёсьць старонкі, прысьвечаныя Ўкраіне і Тарасу Шаўчэнку — бо Караткевіч вучыўся ў Кіеўскім унівэрсытэце. І ўваходзіў у кола, якое называлі маладымі ўкраінскімі нацыяналістамі. З гэтага кола выйшлі выдатныя пісьменьнікі, выдатныя дасьледнікі, некалькі акадэмікаў. І перачытаўшы раман, я ўпершыню зьвярнуў увагу на тое, што галоўны герой філёляг, значыць, і мой калега», — заўважае Фядута

Паводле і гісторыкаў, і літаратараў, у сьвядомасьць, у памяць беларусаў Каліноўскі ўвайшоў не такім, як пра яго пішуць гісторыкі (хоць яны па-рознаму пішуць), а менавіта такім, якім яго апісаў Караткевіч, дадае аўтар «Лексыкону».

Аляксандар Фядута апавядае, як ў турме ён зусім нечакана атрымаў ліст ад дасьледніка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана, які ўзгадваў абмеркаваньне «Каласоў» на паседжаньні рады Саюзу пісьменьнікаў у 1960-х.

Аляксандар Фядута чытае вершы падчас «Ночы расстраляных паэтаў» у мэмарыяле Курапаты ў Менску. Архіўнае фота

«Караткевіч кажа: „Зразумейце мяне, я не гісторык Генадзь Кісялёў, я не магу пісаць пра тое, як гэта было. Хай пра гэта пішуць гісторыкі. Я ж магу напісаць толькі пра тое, як я сабе гэта ўяўляю“, узгадваў ён. І ў тым жа лісьце Шапран напісаў мне, што ад Барадуліна і Мальдзіса ён ведаў: Караткевіч не спрабаваў напісаць трэцюю кнігу. Не спрабаваў, бо не ўяўляў сваіх глыбінных герояў у час паўстаньня, якое было крывавым. Гэта тое, пра што мог пісаць гісторык Кісялёў. Але мастак-раманіст Караткевіч ня мог уявіць сабе Каліноўскага, якому, напрыклад, далі загад пакараць сьмерцю таго ці іншага ворага. Ён гэтага не ўяўляў…» — кажа Аляксандар Фядута.

Каліноўскі і Караткевіч

Улады Беларусі дастаткова разумныя, каб зразумець, што калі яны «вызваляць» Каліноўскага й Караткевіча і паспрабуюць «прысабечыць» іх, то атрымаюць паразу. Бо перамагчы Караткевіча немагчыма, разважае Фядута.

«Памятаеце, была спроба гэтай ўлады „прысабечыць“ Купалу, калі яны зьнялі фільм пра яго? Фільм забаранілі, яго можна пабачыць толькі ў інтэрнэце. Геній — чалавек, на якога кайданкі не надзенеш, яго не прымусіш ісьці ў нагу. А калі яны шукаюць генія, то шукаюць не таго, які быў бы разумнейшы, таленавіцейшы, а таго, хто будзе ісьці ў нагу зь імі. Ня ходзіць Караткевіч у нагу. І Каліноўскі таксама. Караткевіч ў рамане выбіваецца з рамак, пастаўленых савецкім часам. Ён ня можа іх абысьці. Ён павінен нешта сказаць так, каб цэнзар, чытач, партыйнае кіраўніцтва ўбачылі, што ён усё ж такі савецкі пісьменьнік. Але ня ўкласьці яго ў гэтыя рамкі! Ён усё роўна выбіваецца!» — гаворыць аўтар «Лексыкону».

Уладзімер Караткевіч

Кнізе Фядуты пра галоўны беларускі раман пашанцавала. А вершы, дзьве п’есы і кінасцэнар ён на волю пераправіць ня здолеў. Літаратуразнаўца прызнаецца, што калі яго нечакана вызвалялі, то наіўна думаў, што ягоныя рукапісы будуць ў «кешары» (турэмнай торбе).

«Мне не давалі тую сумку несьці — да аўтобусу яе нёс маёр, каб толькі я не паглядзеў, што там няма рукапісаў, і ў мяне не было інфаркту. Яны разумелі, што калі маіх сшыткаў няма, я адмоўлюся пакідаць калёнію. І хоць кажуць, што рукапісы не гараць, — я ўпэўнены, што гараць. Яшчэ як. З тых тэкстаў я паспрабую аднавіць кінасцэнар, прысьвечаны адносінам Міхаіла Булгакава і Ёсіфа Сталіна. Паспрабую аднавіць п’есу пра Гётэ, Напалеона, Аляксандра І і Талейрана. І, магчыма, няскончаную інсцэнізацыю Бальзака „Бацька Гарыё“, якую я назваў „Бацькі“», — спадзяецца Аляксандар Фядута.