Як паведаміла Армянская служба Радыё Свабода, партыя «Грамадзянская дамова» дзейнага прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна наперадзе з падтрымкай у 49,81%, блёк «Моцная Армэнія», зьвязаны з расейскім бізнэсоўцам Самвэлам Карапэт’янам, — на другім месцы з 23,29%, альянс «Армэнія» колішняга прэзыдэнта Рабэрта Качарʼяна — на трэцім месцы з 9,94%.
У выбарах у парлямэнт Армэніі 7 чэрвеня ўдзельнічалі 18 палітычных сілаў — 16 партыяў і два блёкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, на выбарах прагаласавалі 1 мільён 476 тысяч 597 выбарнікаў, або 58,97% ад агульнай колькасьці тых, хто мае права голасу.
За тым, як праходзілі выбары, назіралі 13 мясцовых і 8 міжнародных назіральных місіяў.
Дзейны прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, які на час выбарчай кампаніі ўзяў адпачынак, позна ўвечары 7 чэрвеня заявіў, што ў выбарах перамагла ягоная партыя «Грамадзянская дамова» і яна самастойна будзе фармаваць урад.
«Хачу падкрэсьліць, што партыя „Грамадзянская дамова“ атрымала галасы большай колькасьці грамадзян Рэспублікі Армэнія, вотум даверу большай колькасьці грамадзян у параўнаньні з 2021 годам», — заявіў Нікол Пашыньян.
«Гэта гістарычная перамога, якая абавязкова забясьпечыць выжываньне і разьвіцьцё Рэспублікі Армэнія, і, вядома, у нас будзе трывалы і інстытуцыйны мір», — запэўніў ён.
Апанэнты Пашыньяна назвалі гэтую заяву заўчаснай, бо вынікі на той момант яшчэ канчаткова не падлічылі.
Сьвятлана Ціханоўская пра выбары ў Армэніі: «Перамога дэмакратыі»
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская павіншавала Нікола Пашыньяна зь перамогай на выбарах.
«Перамога дэмакратыі. Народ Армэніі з мужнасьцю і рашучасьцю выбраў свабоду і незалежнасьць. Беларусы падтрымліваюць Армэнію на яе шляху да эўрапейскай будучыні», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на плятформе Х.
Аляксандар Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на вынікі выбараў у Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Армэніі пачаліся выбары. ЦВК адмовіўся зьняць прарасейскі блёкЯк адрэагавалі ў сьвеце
Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што дэмакратычная Армэнія можа разьлічваць на партнэрства з Эўропай. Яна згадала ролю Нікола Пашыньяна ў Аксамітнай рэвалюцыі 2018 году, якая прывяла да дэмакратызацыі краіны.
«Мы высока цэнім наша партнэрства з дэмакратычнай Армэніяй, якая ўсё больш збліжаецца з Эўропай. Армэнія можа на нас спадзявацца», — напісала яна на плятформе Х.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў перамогу праўладнай партыі пераканаўчаю і заявіў, што гатовы працягваць пачатую раней працу для ўмацаваньня двухбаковай супрацы і спрыяньня дынаміцы збліжэньня Армэніі з Эўропай.
Прэзыдэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч у сваім віншаваньні адзначыў, што Армэнія «абрала дэмакратычны шлях, нягледзячы на пагрозы і маніпуляцыі».
Пашыньяна павіншавалі іншыя кіраўнікі краін Эўразьвязу, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, а таксама прэм’ер-міністар Грузіі і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.
Касым-Жамарт Такаеў адзначыў прызнаньне міжнародных назіральнікаў у тым, што ўлады забясьпечылі свабоднае волевыяўленьне, адкрытасьць і празрыстасьць выбараў.
Уладзімір Зяленскі назваў вынікі выбараў «перамогай сувэрэнітэту Армэніі» і права жыць адпаведна ўласнаму выбару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Армянскі тэст для імпэрыі: чаму Лукашэнку так непакоіць ЕрэванШто кажуць экспэрты
Прэзыдэнт аналітычнага цэнтру Armenian Council Арэг Качыньян мяркуе, што падтрымка Расеяй сілаў, апазыцыйных дзейнай уладзе, мела адваротны эфэкт.
«Калі ў Расеі спадзеў быў на тое, каб паспрабаваць дапамагчы сваім проксі ў Армэніі, выкарыстоўваючы самыя розныя інструмэнты дэзынфармацыі, гандлёвыя войны, гэта значыць увесь арсэнал гібрыдных удараў, то ўсё гэта мела адваротны эфэкт. Насельніцтва Армэніі ўвогуле было дастаткова змабілізавана, я б нават сказаў — электрыфікавана. І Пашыньян атрымаў уражальную перамогу — гэта ўжо ягоная трэцяя перамога на парлямэнцкіх выбарах у Армэніі», – сказаў экспэрт.
Паводле яго, тры апазыцыйныя сілы ў арбіце ўплыву Расеі не аб’ядналіся ў адзін блёк, бо ўсе апытаньні паказвалі, што паасобку яны набяруць больш галасоў, а ў парлямэнце будуць галасаваць аднолькава.
«Цяпер самым важным, новым пытаньнем пасьля выбараў у Армэніі становіцца тэматыка ўхваленьня новай Канстытуцыі. Гэта трэба зь дзьвюх асноўных прычын. Першая — гэта працяг дэмакратычных рэформаў, зьменаў у нашай краіне. І другое — працяг мірнага працэсу з Азэрбайджанам. Бо ў інтарэсы Расеі не ўваходзіць ні першае, ні другое, ...а без падтрымкі апазыцыі ня ўдасца пачаць працэс ухваленьня новай Канстытуцыі, бо прынамсі 2/3 парлямэнту, патрэбна, каб пачаць працэс, каб пасьля гэтага пачаўся рэфэрэндум аб ухваленьні новай Канстытуцыі», — сказаў Арэг Качыньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пашыньян адказаў Лукашэнку і Пуціну: Армэнія пакуль не зьбіраецца праводзіць рэфэрэндум што да ўступленьня ў ЭўразьвязЧаму гэта важна
Армэнія пасьля вайны ў Карабаху замарозіла свой удзел у Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), але пакуль застаецца сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) і адначасова ажыцьцяўляе рух у эўраінтэграцыйным кірунку.
Гэта стала прычынай пагаршэньня дачыненьняў у кірунках Ерэван — Масква і Ерэван — Менск.
Спачатку Расея, а пасьля яе Беларусь, Казахстан і Кыргызстан выступілі за правядзеньне ў Армэніі рэфэрэндуму, на якім грамадзянам прапанавалі б выбраць паміж далейшым удзелам у ЭАЭС і курсам на ўступленьне ў Эўразьвяз. Пашыньян заявіў, што рэфэрэндум аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз можа адбыцца толькі пасьля афіцыйнай падачы заяўкі Ерэвану на сяброўства ў ЭЗ.
28 траўня Нікол Пашыньян другі раз запар не прыехаў на саміт Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, які праходзіў у Казахстане. На саміце нават прынялі заяву з нагоды плянаў Армэніі выйсьці з ЭАЭС.
29 траўня Аляксандар Лукашэнка ўвязаў курс Армэніі на збліжэньне з Эўрапейскім Зьвязам зь небясьпекаю новай вайны.