Пачобут зьбіраўся вярнуцца ў Беларусь на зьезд Саюзу палякаў. Стала вядомая яго дата

Анджэй Пачобут

Былы палітвязень Анджэй Пачобут у інтэрвію Польскаму радыё ў траўні расказаў, што зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь да зьезда Саюза палякаў на Беларусі. Сёньня стала вядомая дата яго правядзеньня.

Як паведаміла ў сваім Фэйсбуку дзяячкай польскай меншасьці ў Беларусі Анжаліка Борыс, сёньня ў Горадні адбылася сустрэча Вышэйшай рады Саюза палякаў Беларусі. Была падведзена вынікі працы арганізацыі і прынята рашэньне, што 11-ы зьезд СПБ адбудзецца ў Горадні 13 верасьня гэтага года. Падчас сёньняшняй сустрэчы выступіў у фармаце онлайн і сам Анджэй Пачобут.

11 траўня Пачобут патлумачыў сваю пазыцыю наконт вяртаньня ў інтэрвію, якое апублікавала Rzeczpospolita.

«Калі ўважліва прыгледзецца да цяперашняй сытуацыі, мы ўбачым, што ў беларусаў сёньня шмат арганізацый — шмат, часам, як мне здаецца, нават занадта шмат — лідэраў, якія выступаюць ад іх імя. А хто ёсьць у палякаў, якія жывуць у Беларусі? Толькі Саюз палякаў. Гэта адзіная апора польскай ідэнтычнасьці ў грамадзкім жыцьці сёньня. Вось чаму нашая арганізацыя так важная», — заявіў Пачобут.

У Горадні, Менску, Берасьці, Лідзе і іншых гарадах да гэтага часу жывуць палякі, якія ахвяравалі і працягваюць ахвяраваць многім дзеля існаваньня Саюза, заявіў Пачобут.

«Гадамі я быў іхнім голасам. Сёньня маё месца — побач зь імі. Я разумею, наколькі вялікая рызыка быць зноў зьняволеным у турму, але ў той жа час не сумняюся, што мая прысутнасьць у Беларусі дазволіць умацаваць арганізацыю, умацаваць польскую ідэнтычнасьць і, парадаксальна, можа таксама зьнізіць рэпрэсіі супраць палякаў. Вось чаму я хачу пайсьці на гэтую рызыку», — заявіў Пачобут.

Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Яго арыштавалі ў 2021-м і асудзілі ў 2023 годзе на 8 гадоў пазбаўленьня волі. 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Біяграфія пра ўраджэнца Беларусі прэтэндуе на званьне кнігі году ў Польшчы