Кітай аб’явіў аб пачатку спэцапэрацыі каля ўсходняга ўзьбярэжжа Тайваня

Cуда берагавой аховы Кітая абстрэльваюць з вадамётаў філіпінскае судна ў Паўднёва-Кітайскім моры, 4 траўня 2024 года

Кітай абвясьціў аб пачатку спэцыяльнай марской апэрацыі каля ўсходняга ўзьбярэжжа Тайваня ў адказ на перамовы паміж Японіяй і Філіпінамі аб дэлімітацыі мора ў гэтым раёне. Пэкін разглядае гэта як замах на яго тэрытарыяльны сувэрэнітэт і марскія правы.

КНР прэтэндуе на значныя прасторы ва ўсіх прылеглых да яго акваторыях і спрачаецца з гэтай нагоды і з Японіяй, і з Філіпінамі.

Як перадае агенцтва «Сіньхуа», мэтай «спэцаперацыі» зьяўляецца «ажыццяўленьне адміністрацыйна-правапрымяняльнай юрысдыкцыі Кітая на моры, умацаваньне магчымасьці патрульнага правапрымяненьня ў далёкіх марскіх раёнах і рэгуляваньня руху ў ключавых акваторыях, забесьпячэньне бясьпекі марскога руху і абарона нацыянальных правоў і інтарэсаў».

Японія і Філіпіны абвясьцілі аб запуску працэсу дэлімітацыі выключнай эканамічнай зоны і кантынэнтальнага шэльфа на ўсход ад Тайваня падчас нядаўняга візыту філіпінскага прэзыдэнта Фердынанда Маркоса—малодшага ў Японію.

МЗС КНР абвінаваціла Японію і Філіпіны ў парушэньні Канвэнцыі ААН па марскім праве. У Дзяржсавеце Кітая па справах Тайваня заявілі, што воды, дзе праходзіць якая абмяркоўваецца марская мяжа, знаходзяцца недалёка ад выспы.

У адказ адміністрацыя берагавой аховы Тайваня заявіла, што Кітай не мае правоў сувэрэнітэту ва ўсходніх водах. Улады вострава накіравалі пяць караблёў і патрульны катэр для назіраньня за кітайскімі сіламі. Тайваньскія вайскоўцы зрабілі справаздачу, што пасьпяхова адсочваюць перасоўваньні кітайскіх судоў, якія выйшлі з порта Сямэнь і накіраваліся ў паўднёва-заходнія воды Тайваня.

Пэкін лічыць Тайвань часткай сваёй тэрыторыі і выступае супраць афіцыйных кантактаў іншых дзяржаў з тайваньскімі ўладамі. Улады Тайваня, у сваю чаргу, адпрэчваюць прапанаваную Кітаем мадэль «адна краіна — дзьве сыстэмы», якую Пэкін выкарыстоўвае як аснову для магчымага абʼяднаньня. Японія і Філіпіны бачаць ва ўзмацненьні Кітая вакол Тайваня рызыкі для ўласнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Іранскую студэнтку, якую арыштавалі ў Менску за камэнтары аб Іране, дэпартавалі зь Беларусі