У Армэніі пачаліся выбары. ЦВК адмовіўся зьняць прарасейскі блёк

Выбары ў Армэніі

ЦВК Армэніі ня стаў здымаць з выбараў блёк супернікаў Пашыньяна

Цэнтральная выбарчая камісія Армэніі на пасяджэньні ў суботу — за дзень да парлямэнцкіх выбараў у краіне — адмовілася здымаць з выбараў апазыцыйны блёк «Моцная Армэнія», якую яго апанэнты называюць зьвязаным з Масквой. Пра гэта паведамляе Армянская служба Радыё Свабода.

Са зваротам у ЦВК аб дыскваліфікацыі «Моцнай Армэніі» зьвярнулася напярэдадні правая праэўрапейская партыя «Рэспубліка». Сваё прашэньне яна абгрунтавала вылучанымі ў адносінах да шэрагу кандыдатаў ад «Моцнай Армэніі» абвінавачваньнямі ў подкупе выбаршчыкаў. Заява ў ЦВК была пададзена пасьля тэледэбатаў з удзелам прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна. Той згадаў аб абвінавачваньнях у адрас «Моцнай Армэніі», аднак зазначыў, што яго ўласная палітычная сіла не будзе зьвяртацца ў ЦВК, каб не стварыць глебу для сьцьвярджэньняў, што яна хоча зьняць апанэнтаў з выбараў з-за страху паражэньня. Пры гэтым Пашыньян зазначыў, што, калі зварот у ЦВК хоча падаць «Рэспубліка», яна можа гэта зрабіць.

У суботу стала вядома, што шэсьць кандыдатаў у дэпутаты ад «Моцнай Армэніі» па рашэньні суда былі арыштаваныя па абвінавачаньнях у адмываньні грошай і іншых злачынствах. Раней была ўзбуджаная крымінальная справа супраць лідэра сьпісу «Моцнай Армэніі» Нарака Карапецяна, якога абвінавацілі ва ўтойваньні грамадзянства Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сонца, мора і пясок. Але без бэнзіну. У акупаваным Расеяй Крыме турыстычны сэзон пачаўся зусім ня гладка

У Армэніі ў нядзелю, 7 чэрвеня, пачаліся парлямэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 08:00 паводле мясцовага часу і будуць працаваць да 20:00. Паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, права голаса маюць два з паловай мільёны чалавек.

Для назіраньня за выбарамі ў Нацыянальны сход акрэдытаваны 13 мясцовых і 8 міжнародных наглядальных місій.

У выбарах удзельнічаюць 18 палітычных сіл: 16 партый і два альянсы. Сярод асноўных удзельнікаў — партыя «Грамадзянская дамова» прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна, якая выступае за далейшае збліжэньне з Эўразьвязам, блёк «Моцная Армэнія», зьвязаны з расейскім бізнэсоўцам Самвэлам Карапецянам, а таксама блёк «Армэнія» былога прэзыдэнта Робэрта Качарана.

Згодна з Канстытуцыяй Армэніі, парлямэнт складаецца мінімум са 101 дэпутата. Для праходжаньня ў Нацыянальны сход партыя павінна пераадолець чатырохпрацэнтны барʼер, а выбарчыя блёкі — парог ад 8 да 10% у залежнасьці ад колькасьці чальцоў партый.

Першыя вынікі Цэнтральная выбарчая камісія пачне публікаваць позна ўвечары. Паводле зьвестак армянскіх СМІ, папярэдні расклад стане зразумелы ноччу пасьля паступленьня зьвестак з найбуйнейшых гарадоў краіны.