Зь беларускіх спартоўцаў-раварыстаў зьнялі ўсе абмежаваньні

Жаночая зборная Беларусі на Кубку сьвету па роварным спорце на трэку, Францыя, 2015 год

Міжнародны зьвяз раварыстаў зьняў усе абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў, уведзеныя 28 лютага 2022 году пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пры падтрымцы ўладаў Беларусі.

«Удзел беларускіх зборных камандаў і спартоўцаў у мерапрыемствах Міжнароднага календару, у тым ліку Кубках сьвету і Чэмпіянатах сьвету Міжнароднага зьвязу раварыстаў, дазваляецца, а ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з пратакольнымі пытаньнямі, сымбалямі і эмблемамі, здымаюцца», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

У траўні Міжнародны алімпійскі камітэт зьняў санкцыі зь беларускіх спартоўцаў. Пасьля гэтага фэдэрацыі асобных відаў спорту пачалі прымаць аналягічныя рашэньні.

7 траўня Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што «больш не рэкамэндуе якія-небудзь абмежаваньні на ўдзел беларускіх спартоўцаў, уключна з камандамі, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі фэдэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартовых мерапрыемстваў».

МАК тады тлумачыў сваё рашэньне тым, што з спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых мерапрыемствах безь якіх-колечы інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

Беларусаў ужо дапусьцілі да спаборніцтваў пад дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам і гімнам у спартовай гімнастыцы, плаваньні, сучасным пяціборстве, водных лыжах, тайскім боксе, більярдзе і некалькіх іншых відах. У хакеі санкцыі зьнялі пакуль толькі зь юнацкай і дзявочай зборных краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля допуску юных хакеістак зь Беларусі ад удзелу ў чэмпіянаце сьвету адмовілася жаночая зборная ЛітвыЗь беларускіх спартоўцаў зьнялі санкцыі ў яшчэ адным відзе — фэхтаваньніГімнасты зь Беларусі ўпершыню за 4 гады паедуць на чэмпіянат Эўропы са сьцягам і гімнам МАК зьняў абмежаваньні на ўдзел беларусаў у спаборніцтвахУсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі адхіліла рэкамэндацыю МАК дапусьціць беларусаў да спаборніцтваў