Міністар абароны Літвы расказаў, у якім выпадку ў краіне магчымае разьмяшчэньне ядзернай зброі

Міністар абароны Літвы Робертас Каўнас. 30 траўня 2026 году

Міністар абароны Літвы Робертас Каўнас заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі ЗША ў Літве магчымае толькі ў выпадку вайны.

У ЗША абмяркоўваюць магчымасьць разьмясьціць ядзерную зброю ў некалькіх іншых эўрапейскіх краінах NATO ў дадатак да тых, дзе яна ёсьць цяпер. Літоўскі міністар абароны Робертас Каўнас заявіў, што ў Літве гэта можа адбыцца толькі падчас крызісу ці вайны.

Міністра абароны Літвы Робертаса Каўнаса цытуе агенцтва BNS:

«Як і ўсякая краіна, Літва абавязана абараняць сваю незалежнасьць і бясьпеку падчас крызісу. І падчас крызісу ці, скажам, нават вайны, мы, імаверна, павінны выкарыстоўваць усе магчымыя варыянты, якія нам можа даць ядзерны арсэнал NATO, ЗША ці Францыі», — сказаў міністар журналістам у Сейме Літвы.

«У мірны час у Літве ніхто не гаворыць аб разьмяшчэньні якой-небудзь зброі масавага зьнішчэньня», — падкрэсьліў ён.

У сваю чаргу прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў траўні наклаў вэта на закон аб Клайпедзкім дзяржаўным морскім порце, які дазволіў бы караблям зь ядзернай зброяй заходзіць на тэрыторыю Літвы, калі гэта ня супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі.

Кіраўнік літоўскай дзяржавы аргумэнтаваў такое рашэньне магчымай супярэчнасьцю паміж законам і Канстытуцыяў, але ня выключыў магчымасьці яе зьмяніць. Каўнас уважае, што гэта яшчэ патрабуе абмеркаваньня. Паводле яго, партнэры таксама ня маюць ніякіх заўваг наконт гэтай сытуацыі.

«Партнэры ня ўказваюць нам на законы нашай дзяржавы, на Канстытуцыю. Гэта пытаньне нашага самавызначэньня і нашага рашэньня», — сказаў міністар абароны.

Агенцтва BNS нагадвае палажэньне Асноўнага закону краіны аб тым, што на тэрыторыі Літвы ня можа быць зброі масавага зьнішчэньня і вайсковых базаў замежных дзяржаваў.

Раней выданьне Financial Times паведаміла, што ЗША вядуць перамовы зь некалькімі эўрапейскімі краінамі NATO ў пытаньні разьмяшчэньня амэрыканскай ядзернай зброі на іхных тэрыторыях — ня толькі ў шасьці краінах, дзе базуюцца бамбавікі, здольныя яе несьці. Гэты крок будзе азначаць, што больш краін прымуць так званыя амэрыканскія самалёты падвойнага прызначэньня (DCA), здольныя наносіць ядзерныя ўдары. Сярод такіх краін называлі і Літву.

Эўрапейскае выданьне Politico паведаміла аб прызнаньні Робертаса Каўнаса ў тым, што Вільня вядзе перамовы з Вашынгтонам аб патэнцыйным разьмяшчэньні ў Літве амэрыканскага ядзернага ўзбраеньня, і што літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа прапанаваў унесьці зьмены ў Асноўны закон, спасылаючыся на цяперашнія пагрозы бясьпецы. І гэтую ідэю падтрымалі многія літоўскія дэпутаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хлястоў выйшаў з турмы. Лукашэнка дараваў алігарху за 2020 год. Міліцыя рыхтуецца да пратэстаў

Экспэрт ацаніў, ці пагражае гэта Беларусі

Амэрыканіст Антон Пянькоўскі ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што ўрад Дональда Трампа зацікаўлены ў пашырэньні амэрыканскага ядзернага парасону ў тым ліку на краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы:

«Што тычыцца Беларусі, то, безумоўна, як распаўсюджаньне ядзернай зброі ў суседніх краінах, так і знаходжаньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта-такі прыкмета эскаляцыі, гэта тое, што лічылася непажаданым апошнія дзесяцігодзьдзі і ўвогуле падвышае рызыкі для беларускага насельніцтва, якое і так вельмі моцна пацярпела ад наступстваў ядзерных катастрофаў. То бок гэты крок, як і шэраг іншых, перш за ўсё з боку Крамля, падвышае рызыкі для беларускіх грамадзян».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва хоча пад ядзерны парасон ЗША. Экспэрт ацаніў, ці пагражае гэта беларусам