«Вясна»: У справе ЭГУ прайшло ўжо больш за 30 ператрусаў па ўсёй краіне

Сьцягі каля будынку ЭГУ ў Вільні

На сёньня праваабаронцам вядома пра больш 30 ператрусаў у справе ЭГУ, якія прайшлі 2–4 чэрвеня. Падставай стала ўсчатая ўладамі крымінальная справа за «сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «фінансаваньне» яе.

Бацькоў вымушаюць зьвязвацца зь дзецьмі, якія вучацца ў ЭГУ і жывуць у Літве, каб тыя адлічыліся і вярнуліся ў Беларусь. Ім даюць да 10 дзён на выключэньне з унівэрсытэту, піша «Вясна».

Сілавікі наўпрост кажуць — калі дзеці не адлічацца з ЭГУ, то затрымаюць бацькоў. Некаторыя сваякі студэнтаў ужо затрыманыя, сьцьвярджаюць праваабаронцы.

КДБ прыходзіць і да выпускнікоў унівэрсытэту. У іх патрабуюць дыплёмы аб заканчэньні ЭГУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За супрацу з ЭГУ ў Беларусі пачалі крымінальную справу. Вядома пра тузін ператрусаў

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва раіць

  • не захоўваць дома значныя сумы наяўных грошай, лішнія тэлефоны і пляншэты;
  • даваць мінімум інфармацыі, а лепей увогуле адмаўляліся адказваць, карыстаючыся правам ня сьведчыць супраць сваіх блізкіх (арт. 27 Канстытуцыі);
  • не падпісваць дакумэнты, не чытаючы іх. Прасіць час на азнаямленьне, мець побач аркуш паперы і асадку, каб занатаваць, хто праводзіць ператрус, якія артыкулы прадʼяўлены;
  • не пагаджацца на патрабаваньне адлічыцца і вярнуцца, калі студэнт за межамі Беларусі;
  • не вяртацца таксама выкладчыкам, выпускнікам і ўсім, хто мае сувязі з ЭГУ;
  • не даваць сілавікам «доказы» — напрыклад, дыплём ЭГУ.

«Заклікаю студэнтаў, якія знаходзяцца ў Літве — патрабаваць ад ЭГУ абароны сваіх правоў, бясплатных юрыдычных кансультацый, псыхалягічнай падтрымкі, суправаджэньня зваротаў па міжнародную абарону для студэнтаў і іх блізкіх, якія трапілі пад перасьлед», — зазначыла Сьвятлана Галаўнёва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім». Вялікая гутарка з рэктарам

Што адбываецца?

Раней стала вядома, што 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім». Такое прызнаньне адбылося 14 красавіка 2026 году.

Пры гэтым Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў падчас пагрозаў ад уладаў Беларусі.

ЭГУ сёлета запрасіў на новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». На матэрыяле культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і іншых краін Эўропы ВНУ рыхтуе мэнэджараў культуры і спэцыялістаў у крэатыўным турызме, здольных ствараць уласныя аўтарскія прадукты і ўвасабляць іх у жыцьцё.

Свабода правяла вялікае інтэрвію з рэктарам ЭГУ Вілюсам Шадаўскасам, у якой ён расказаў, як унівэрсытэт будзе дзейнічаць і як зрэагуе на новыя пастановы рэжыму Лукашэнкі.

Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.

У Вільні ЭГУ мае два спэцыялізаваныя падразьдзелы — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць вучыцца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля рэзкага зьніжэньня зноў рост. У расейскіх унівэрсытэтах вучацца каля 16 тысяч беларусаў