Былы палітвязень Ярашук выступіў на сэсіі МАП у абарону зьняволеных калег Арэшкі і Брыцікавай

Аляксандар Ярашук пасьля вызваленьня, 12 верасьня 2025

У Жэнэве, дзе праходзіць 114-я сэсія Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), на 4 чэрвеня заплянавалі акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі — актывістамі незалежных прафсаюзаў.

Лідэр беларускіх незалежных прафсаюзаў, былы палітвязень Аляксандар Ярашук выступіў з кароткім зваротам да дэлегатаў сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэнэве з словамі падтрымкі калег, якія застаюцца ў няволі.

Напярэдадні выступу Ярашука сярод удзельнікаў сэсіі распаўсюдзілі ўлёткі з партрэтамі беларускіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў вязьніцах. Гэта актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка, лідэрка страйкаму «Нафтану» Вольга Брыцікава ды іншыя актывісты.

Аляксандар Ярашук, які выйшаў на волю летась у верасьні пасьля амаль 3,5 года зьняволеньня, заклікаў удзельнікаў сэсіі працягваць барацьбу за вызваленьне сваіх калегаў:

«Ваша салідарнасьць стала важным фактарам таго, што я апынуўся на свабодзе і магу сёньня быць з вамі. Але вы бачыце тут партрэты гэтых выдатных людзей, маіх сяброў і калегаў. Паглядзіце на іх сьветлыя натхнёныя твары — яны працягваюць пакутаваць у вязьніцах жорсткага рэжыму Беларусі», – сказаў Ярашук.

Паводле Ярашука, справай ягонага гонару будзе рабіць усё, каб беларускія палітвязьні — актывісты прафсаюзаў выйшлі на волю. Ён упэўнены, што гэта атрымаецца дзякуючы міжнароднай прафсаюзнай салідарнасьці, і прапанаваў дэлегатам далучыцца да акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, якая адбудзецца 4 чэрвеня ў Жэнэве.

Прафсаюзны лідэр мяркуе, што правы працоўных у Беларусі надалей «груба парушаюцца», ён выказаў гатоўнасьць змагацца за «справу вяртаньня беларускім працоўным іхных правоў і свабодаў».

Раней Аляксандр Ярашук быў абраны сябрам Адміністрацыйнай рады МАП.

114-я сэсія МАП праходзіць у Жэнэве з 1 па 12 чэрвеня. Паводле зьвестак Радыё Свабода, 6 чэрвеня на сэсіі абмяркуюць, як урад Беларусі выконвае ранейшыя рэкамэндацыі МАП аб паляпшэньні сытуацыі з працоўнымі правамі ў краіне.

У сэсіі МАП таксама ўдзельнічае афіцыйная дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў ураду і афіцыйных прафсаюзаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Незалежныя прафсаюзы і праваабаронцы заклікалі не зьмяншаць ціск на рэжым

Сэсія працягнецца да 12 чэрвеня. Заплянаваныя справаздачы кіраўніцтва арганізацыі, дыскусіі па актуальных праблемах міжнароднага працоўнага руху і абмеркаваньне сытуацыі з правамі працоўных у розных кутках сьвету, у тым ліку на Блізкім Усходзе ды іншых крызісных месцах.

Удзел у дыскусіі ў Жэнэве прыме афіцыйная дэлегацыя ад Беларусі, якую, паводле заяўкі, узначаліць Ларыса Бельская, прадстаўніца Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве. Сярод прадстаўнікоў прадзяржаўных прафсаюзаў Беларусі ў складзе беларускай дэлегацыі таксама значыцца старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Юры Сянько.

Як МАП змагаецца за правы працоўных у Беларусі

У лістападзе 2025 году адміністрацыйная рада МАП сярод іншага запатрабавала ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты ўсім вызваленым з турмаў лідэрам і актывістам незалежных беларускіх прафсаюзаў, у тым ліку і Аляксандру Ярашуку, але гэтае патрабаваньне рэжым у Беларусі ня выканаў.

25 траўня на сыстэмныя парушэньні правоў у працоўнай сфэры Беларусі зьвярнулі ўвагу ў сумеснай заяве прадстаўнікі 13 незалежных працоўных і праваабарончых арганізацый Беларусі.

Асабліва адзначаецца сытуацыя з прымусовым выдварэньнем зь Беларусі з ануляваньнем пашпартоў і пазбаўленьнем сацыяльных правоў Аляксандра Ярашука, Генадзя Фядыніча і Максіма Сеніка.

Прадстаўнікі незалежных працоўных і праваабарончых беларускіх арганізацый заклікалі МАП не зьмяншаць ціск на ўлады Беларусі.

У чэрвені 2023 году на 111-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы была прынятая рэзалюцыя па Беларусі з ужываньнем артыкулу 33 Статуту. МАП афіцыйна прызнала, што Беларусь сыстэматычна не выконвае рэкамэндацыі Камісіі па расьсьледаваньні што да свабоды аб’яднання і правоў прафсаюзаў. Да гэтага за ўсю гісторыю МАП артыкул 33 ужываўся адзін раз: у 2001 годзе супраць М’янмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародная арганізацыя працы патрабуе ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты вызваленым лідэрам прафсаюзаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыцьцё бяз пашпарта. Які статус маюць былыя палітвязьні, якіх вывезьлі за мяжу без дакумэнтаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязень Вацлаў Арэшка сустрэў за кратамі 71-ы дзень нараджэньня. Калядную паштоўку яму візуальна апісвалі іншыя