Пахаваная зажыва. Гісторыя гаспадыні варшаўскага прытулку для былых палітвязьняў Ганны Федаронак

Ганна Федаронак

Расказваем, як хатняя гаспадыня з Пастаўшчыны заснавала ў Варшаве шэлтэр для палітычных уцекачоў і прыйшла ў палітыку.


«Табе хутка канец»

Сёлета ў траўні Ганна Федаронак, заснавальніца першага прытулку для беларусаў у Варшаве, займалася пераездам у новы прасторны будынак, а таксама выбарамі ў Каардынацыйную раду — жанчына вырашыла пайсьці ў палітыку. У дзень, калі пачалося галасаваньне, ёй даслалі скрыншот допісу ў твітэры. Там было напісана, што яна памерла, а для арганізацыі пахаваньня абвешчаны збор сродкаў.

«У Чэнстахове (горад у Польшчы, адзін з найбуйнейшых рэлігійных цэнтраў каталіцтва ў сьвеце. — РС) былі разьвешаныя ўлёткі пра маю сьмерць, людзі іх сфатаграфалі і прыслалі. На ўлётках пазначаныя рэквізыты нашага фонду „Прытуляй мяне“. Я падумала, што гэта спроба дыскрэдытацыі перад выбарамі ў Каардынацыйную раду. Запісала відэа, што я жывая, што ўсё гэта няпраўда. У сераду прыяжджаю на працу (я прыбіраю офіс і кватэры палякаў), мне з акаўнту „Бартэк“ дасылаюць фота: каля новага будынку шэлтэру (а мы яшчэ не пераехалі) стаіць пахавальны вянок. Пішуць: „А што ў новы домік не пераяжджаеш? Ня ўбачыла падаруначак?“ Муж быў у адпачынку, папрасіла яго зьезьдзіць і паглядзець. Вянок падкінулі 8 траўня, калі ў будынку яшчэ рамонт дараблялі. Гаспадар падумаў, што вянок для яго, і вельмі спалохаўся», — апавядае Ганна Федаронак.

Ганна Федаронак у новым шэлтары

У выніку яна супакоіла гаспадара дома, які зьнялі пад шэлтэр, і вырашыла надаць справе максымальны розгалас. У чацьвер расказала пра ўсё ў этэры Эўрарадыё. А на наступны дзень атрымала чарговае паведамленьне — згенэраванае фота надмагільнага помніка зь яе фатаздымкам і датай сьмерці 11 траўня.

Ганна Федаронак расказвае, што разам з гаспадаром дому пайшла ў паліцыю, але там заяву спачатку не захацелі прымаць. Пагадзіліся зрабіць гэта паводле артыкулу «Прычыненьне неспакою». Ганна далучыла да заявы скрыны атрыманых ад невядомага паведамленьняў, дала свае паказаньні, расказала, каго можа падазраваць. Зрабіла фота пад будынкам паліцыі і выставіла ў сацыяльных сетках.

Скрыншоты паведамленьняў з намёкамі на сьмерць, якія атрымала Ганна Федаронак. Каляж

У панядзелак 18 траўня атрымала яшчэ адзін здымак. Фота з мужам на надмагільнай пліце. У аўторак — фота дачок на помніку, у сераду — фота ўнукаў. Ганна расказвае, што пасьля гэтага ў яе здарыўся нэрвовы зрыў. Паліцыя не рэагавала. Павал Латушка настойліва параіў зьвярнуцца ў пракуратуру, прыслаў юрыста НАУ Міхаіла Кірылюка, каб той дапамог з адвакатам, паабяцаў заплаціць за адвакацкія паслугі.

«Мая знаёмая польская журналістка Эмілія тэлефанавала ў паліцыю і тузала яе. На 30 траўня ў нас было прызначана сьвята з нагоды пераезду шэлтэру ў новы будынак. Мы рыхтаваліся, запрасілі шмат гасьцей. Мне сталі рэальна пагражаць перад імпрэзай: маўляў, „чакай сюрпрызу“, „я цябе знайду і закапаю“, „спалім дом“. Паліцыя рэкамэндавала ня ладзіць сьвята. Я адмовілася: „Ня буду нічога скасоўваць, мы столькі рыхтаваліся!“. Ахову на сьвята паліцыя так і не прыслала. Але ўсё прайшло цудоўна, не было ніякіх сюрпрызаў. А 1 чэрвеня напісалі: «Чаму старых сяброў не паклікала на сьвята? Думаеш, Сьветка і Пашка табе дапамогуць? Табе хутка канец». Мне здаецца, што гэта каманды зь Беларусі ідуць. Вядома, непрыемна, але я іх не баюся і не зьбіраюся хавацца», — расказвае ў размове з Свабодай Ганна.

«Я праспала да 2020 году»

Ганна Федаронак да 50 гадоў жыла ў мястэчку Варапаеве Пастаўскага раёну. Пасьля школы вучылася ў менскім Інстытуце культуры на рэжысэрскім факультэце, але адпаведна дыплёму не працавала. Цягам 15 гадоў была індывідуальнай прадпрымальніцай.

Ганна Федаронак

«Я ніколі не маўчала, заўсёды адстойвала правы прадпрымальнікаў. Мой першы муж быў аб’юзэр, піў, біў мяне — а нас жа вучылі маўчаць і трываць, 14 гадоў майго жыцьця было скасавана. У 40 гадоў я другі раз выйшла замуж, ужо маючы паўтарагадовую ўнучку. Мой новы муж ня меў дзяцей, але вельмі хацеў. І ў 41 у мяне зьявілася другая дачушка — розьніца паміж дочкамі 21 год.

Зараз старэйшай дачцэ 35, малодшай 14. Унучцы 16, унуку 15. Так што я бабуля-мама. І вось калі я нарадзіла, муж сказаў: сядзі дома, гадуй дзяцей», — апавядае Ганна.

Другі муж Ганны Федаронак працаваў дальнабойнікам, добра зарабляў, адрамантаваў і добраўпарадкаваў вялікі Ганьнін дом, пабудаваў лазьню. Ганна тым часам гадавала меншую дачку і ўнукаў.

Ганна Федаронак ля будынка новага шэлтара для былых палітвязняў у Варшаве

«Усё нібыта было добра. Але мне не было куды сваю энэргію падзець. Траіх дзяцей мне было мала, хацелася рэалізаваць сябе. А паколькі я была прывязаная да дому, завяла вялікую гаспадарку. Як ў той беларускай прымаўцы — „ня мела баба клопату, дык купіла парася“. Я гадавала сьвіней — у іх на карку было сала таўшчынёй у далонь, завяла трусоў, курэй-бройлераў, вялікі гарод і парнікі. Рабіла закаткі, варэньні, нават ставіла па 200 літраў вінаграднага хатняга віна, хоць я чалавек непітушчы. Але дома заўсёды былі госьці, сьвяты. Грошай хапала, ежы хапала. Мне было пад 50 гадоў і я думала: „А я дзе ў гэтым жыцьці? Прабачце, я спала да 2020 году“», — узгадвае Ганна сваё жыцьцё ў Беларусі.

Ковід і Сяргей Ціханоўскі

Ганна прызнаецца, што штуршком да актыўнасьці для яе стала, сярод іншага, стаўленьне дзяржаўных уладаў да пандэміі каранавірусу. Федаронак зьбірала каманду, каб шыць маскі, тлумачыла землякам-варапаеўцам, як важна засьцерагацца. Сваіх дзяцей і ўнукаў не пускала ў школу, зладзіла ім карантын.

«У мяне ад ковіду памерлі шмат сваякоў. Свацьця майго ўзросту, родны дзядзька, некалькі сяброў. Уключаеш тэлевізар — а гэты вусаты кажа, што „вірусу няма, а лячыцца трэба трактарам і гарэлкай“. Мяне гэта даводзіла да шаленства. Пагатоў у той час мой муж-дальнабойнік быў у Італіі, і фірма папрасіла кіроўцаў не вяртацца, а развозіць прадметы першай патрэбы па краіне. Ён рызыкаваў сваім здароўем, не прыяжджаў дадому, каб, ня дай Божа, не прывезьці нам вірус. Муж здымаў пахавальныя працэсіі ў Італіі, апавядаў мне, які жорсткі карантын у Эўропе, якія там робяць захады, дасылаў відэа. Мяне гэта яшчэ больш раздражняла: як разумныя людзі клапоцяцца пра свой народ, а што вырабляе наш кіраўнік», — кажа Ганна.

Сяргей Ціханоўскі на сустрэчы з людзьмі ў 2020 годзе. Архіўнае фота

У сакавіку 2020 году ў Варапаева прыехаў блогер Сяргей Ціханоўскі, што стала для Ганны канчатковым «пунктам абуджэньня».

«Я лічыла Ціханоўскага сваім кумірам, менавіта ён прывёў мяне ў палітыку. Праўда, зараз я ў ім расчаравалася. Як кажуць: ня трэба ачароўвацца, каб потым не расчароўвацца, але ня буду пра гэта… Я зразумела, што трэба штосьці рабіць, каб зьмяніць сытуацыю, — набліжаліся выбары. І пачалося: чаты, перапіскі, акцыі. Так што мяне абудзілі ковід і Сяргей Ціханоўскі», — прызнаецца жанчына.

На пачатку траўня 2020 году Ганна з паплечнікамі спрабавала правесьці акцыю супраць параду на Дзень Перамогі. На Федаронак завялі адміністрацыйную справу. Міліцыянты прыехалі да яе 8 траўня, але жанчына не адчыніла дзьверы. 9 траўня сілавікі наведаліся зноў.

«Прыехалі высокія чыны, я іх убачыла ў вакно, разам з трыма дзецьмі выйшла праз другія дзьверы і схаваліся ў лазьні. Бачу, што міліцыянты ходзяць па ўчастку зусім побач. Сяжу, трасуся ад страху, дзеці енчаць. Кажу ім: „Сядзіце ціха!“ Сама пішу ў чатах, што да мяне прыйшлі. Блогер Уладзімер Цыгановіч выходзіць на сувязь: „А давайце запішам этэр з лазьні“. І на наступны дзень на сваім канале „МозгОN“ выставіў той стрым „Звычайны фашызм“: Лукашэнка зь дзецьмі на парадзе, а бабулю Аню акружылі „фашысты“ ў лазьні. Мяне выклікалі ў суд. Адваката не было, абаранялася сама: апавядала пра Нюрнбэрскі працэс, пра беззаконьне — мяне не маглі спыніць. Тады абышлося ўсё штрафам», — узгадвае Ганна.

Штрафы, ператрусы, арышт

Калі ў канцы траўня 2020 году Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, Ганна з паплечнікамі пачала зьбіраць подпісы за вылучэньне на выбарах у якасьці кандыдаткі яго жонкі Сьвятланы. Федаронак узгадвае, як яе ўразілі чэргі людзей, якія хацелі паставіць подпіс за Ціханоўскую, у мястэчках і вёсках.

Ганна Федаронак

«Вялікія чэргі стаялі ў Глыбокім. Але каб вы бачылі, якая доўгая чарга стаяла ў нашым Варапаеве, калі зьбіралі подпісы! Прыехаў мужчына сталага веку з Шаркаўшчыны на мыліцах. Я яму кажу: „Ідзіце без чаргі!“ А ён адказвае: „Я хачу паглядзець на гэта ўсё, мне дастаўляе асалоду відовішча, як людзі нарэшце абудзіліся“. Уражаньні, эмоцыі зашкальвалі — у мяне перавярнулася сьвядомасьць. Людзі былі на ўздыме. На выбарах мы сваімі назіральнікамі ахапілі амаль усе ўчасткі. Галасаваць людзі прыходзілі зь белымі стужкамі, складвалі бюлетэні гармонікам. На нашым участку ў Варапаеве афіцыйна перамагла Ціханоўская. Нягледзячы на тое, што шмат парушэньняў было на папярэднім галасаваньні — бюлетэні былі ўкінутыя пачкамі, нават не па адным пачку», — узгадвае тыя падзеі жанчына.

Ганна расказвае, што была на выбарчым ўчастку ў варапаеўскай школе пры падліку галасоў, хоць гэта было і няпроста. Яна ўгаварыла іншую назіральніцу, былую настаўніцу на пэнсіі, прыкінуцца хворай.

На наступны дзень пасьля выбараў Федаронак спрабавала арганізаваць пратэст у Паставах. Але людзей сабралася мала, ў асноўным жанчыны. Міліцыя папярэдзіла, што калі яны пойдуць да райвыканкаму, затрымаюць усіх. Народ разышоўся. А Ганну арыштавалі на тры дні. Яна расказвае, што тады міліцыянты павысялялі з пастаўскага ізалятару парушальнікаў, каб пасадзіць «палітычных». Духата ў камэры, клапы, вядро замест унітаза пад відэакамэрай — Ганна страціла прытомнасьць, ёй выклікалі хуткую дапамогу, але фэльчарка шчыра прызналася, што шпіталізаваць ня можа — забаранілі, зрабіла толькі ўкол. Усе трое содняў у Ганны была надзея, што людзі падымуцца, што нічога ня скончыцца.

Новы шэлтар для былых беларускіх палітвязьняў у Варшаве адкрылі ў траўні, ранейшы не зьмяшчаў усіх, каму патрэбная дапамога

Потым быў яшчэ адзін суд — на ім Федаронак атрымала штраф у 50 базавых, бо мела непаўналетняе дзіця. Увосень усе пратэсты сталі заціхаць. Праваабаронцы параілі Ганьне сысьці ў падпольле. Яна дапамагала палітвязням і іхным сем’ям выплочваць штрафы праз фонд ByHelp.

«Падарожжа» ў Кіеў

16 студзеня 2021 году да Ганны Федаронак прыйшлі зь ператрусам.

«Сілавікі ўварваліся ў хату, паказалі паперу, але там не было напісана, зь якой прычыны ператрус. Я пачала дамагацца правоў. Завезьлі ў пастарунак, дапытвалі 4 гадзіны, але ўначы адпусьцілі і нават давезьлі да дому. Міліцыянт кажа: „Ганна Рамуальдаўна, вы апошні раз дахаты прыехалі“. Я зразумела, што гэта было папярэджаньне», — узгадвае яна.

Наступным днём на Ганну Федаронак завялі крымінальную справу за «абразу Караева» (міністар унутраных справаў падчас разгону пратэстаў жніўня 2020 году. — РС). Праваабаронцы загадалі ёй тэрмінова зьяжджаць з краіны. Ганна ўзгадвае, што доўга вагалася.

«Увечары вырашу: заўтра зьеду. Раніцай: не, гэта мой дом. Аднойчы прыехалі жанчыны з апекі, міліцыянты — усяго чалавек 6. Убачыла іх з вакна, мы з дачкой схаваліся пад сталом. Малая трасецца ад страху. Яны зьехалі. Я яшчэ трое содняў хавалася. А праз тры дні мы з малодшай дачкой усё ж вылецелі ў Кіеў. Ёй было 8 гадоў, і я казала, што мы ў Кіеве ў „падарожжы“. Нас вельмі цёпла прынялі, прывезьлі адзеньне, цацкі, бо зьяжджалі ж мы безь нічога, нават бязь зьменнай бялізны. Дачка была са мной на ўсіх мітынгах, нават прыдумала „крычалку“: „Мы за Беларусь, з намі Бог! Л… каб ты здох!“ Гэтыя кадры нават паказалі ў БТ: як я з малой зарабляю на талерку супу», — узгадвае жанчына.

У новым шэлтары для былых беларускіх палітвязьняў у Варшаве

У сакавіку 2021 году Ганна з дачкой пераехалі з Ўкраіны ў Польшчу. Яна перанесла цяжкі ковід, 21 дзень правяла ў шпіталі. Жылі месяц у Лодзі, потым месяц у Беластоку.

«Я бязьмежна ўдзячная людзям за дапамогу. Мабыць, таму я цяпер сама дапамагаю. 1 чэрвеня 2021 году мы пераехалі ў Варшаву. Я закахалася ў гэты горад зь першага погляду. Зьнялі маленькі пакойчык. У верасьні дачка Саша пайшла ў школу. Трэба ж і мне ісьці працаваць. Павал Латушка адкрываў новы офіс. Прапанаваў папрацаваць мне „гаспадыняй“. Я і прыбірала, і сталы з пачастункам дыпляматам накрывала. Я мыла ўнітазы — не саромеюся і дагэтуль іх мыю. Працую прыбіральніцай, каб мець ZUS (складкі ў польскі сацыяльны фонд. — РС) і мэдычную страхоўку. Камэнтатары зьедліва пісалі: „Прыбіральніца ідзе ў Каардынацыйную раду“. Але з Паўлам Латушкам мы сталі добрымі сябрамі. Была я ня толькі прыбіральніцай, а чальцом калектыву», — кажа Ганна.

Калі пачалася вайна і зь беларускай тэрыторыі паляцелі ва Ўкраіну расейскія ракеты, Ганьне здалося, што сьвет абрынуўся. Цягам тыдня яна выходзіла з плякатамі пад расейскую амбасаду ў Варшаве.

Адкрыцьцё новага будынку варшаўскага шэлтара для былых палітвязьняў у Варшаве. Гаспадыня шэлтара Ганна Федаронак і былыя акторы Купалаўскага тэатра. Фота Генадзя Верацінскага

«Украінцы пра нас нічога ня ведалі. Была вялікая акцыя, я першы раз у жыцьці выступала на мітынгу. Хвалявалася страшэнна. Расказала ім пра 2020 год, пра ўсё — гэта быў мой першы, дэбютны публічны выступ», — узгадвае Федаронак.

Прытулак для жанчын

Неўзабаве пасьля лютага 2022 году разам з фондам «Краіна для жыцьця» і пры падтрымцы італьянскіх спонсараў Ганна Федаронак адкрыла ў Варшаве першы шэлтэр для мацярок зь дзецьмі, якія ўцякалі ад вайны.

«Гэта былі як украінкі, так і беларускі, якія раней жылі ва Ўкраіне з палітычных прычынаў. Але зь цягам часу я стала заўважаць, што ўкраінскія ўцекачы маюць шмат крыніц дапамогі і пачынаюць „перабіраць“, ім не падабаліся нашыя сьціплыя ўмовы. У той жа час беларускія палітычныя ўцекачы прыяжджалі „голыя і босыя“, часам пераплываючы рэчку, ня мелі ніякай падтрымкі. І мы пачалі таемна сяліць беларускіх уцекачоў на першым паверсе шэлтэру (бо спонсарскія грошы выдаткоўваліся толькі на жанчын і дзяцей)», — прызнаецца суразмоўца.

У 2023 годзе італьянцы спынілі фінансаваньне беларускага шэлтэру. Ганна запісала відэазварот да беларусаў, каб сабраць сродкі на арэнду і захаваць прытулак менавіта для беларускіх палітычных уцекачоў, бо шмат людзей вызваляліся з турмаў і вымушаныя былі пакінуць краіну. Нейкі час дапамогу ў аплаце арэнды і камуналкі аказваў фонд BySol. Але ў кастрычніку 2025 году зноў адбыўся форс-мажор.

Адкрыцьцё новага будынку варшаўскага шэлтара для былых палітвязьняў у Варшаве. Юры Стыльскі (зьлева), гаспадыня шэлтара Ганна Федаронак, Алеся Буневіч, Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка. Фота Генадзя Верацінскага

«Не было чым аплочваць арэнду. Тады дапамог Андрэй Стрыжак, даў мне „чароўнага высьпятка“: куды пісаць, да каго зьвяртацца па дапамогу. Да нас прыехала кіраўніца Міжнароднага гуманітарнага фонду Бэрыт Ліндэман і сказала, што будзе нам дапамагаць. Але давялося адкрываць свой фонд. А гэта бюракратыя, юрыдычныя пытаньні, фінансы — я сама б гэтага не адолела. Сюды прыехала былая палітзьняволеная Алеся Буневіч — яна дзяўчына талковая, пачала мне дапамагаць. Узяла на сябе фінасавы бок фонду, бюракратыю. Нарэшце мы акрылі фонд „Прытуляй мяне“, рахунак, нам дапамагла ініцыятыва Volnyja. Ад траўня працуем самастойна», — кажа Ганна.

400 чалавек

Празь першы арганізаваны Ганнай Федаронак шэлтэр прайшлі каля 400 чалавек. Гэта былі толькі былыя палітзьняволеныя, узгадвае Ганна. Людзі маглі жыць у прытулку 2 месяцы, цягам гэтага часу яны шукалі жытло, працу. Супрацоўнікі дапамагалі і зь легалізацыяй. Неабыякавыя беларусы, спонсары, фонды, былыя жыхары шэлтэру прывозілі харч, адзеньне, бытавую тэхніку.

Ганна ўзгадвае, што ў старым прытулку было цеснавата — гэта асабліва адчулася пасьля вызваленьня і вывазу за мяжу палітвязьняў у сьнежні 2025 году, калі ў Варшаву прыехалі каля 90 чалавек.

«Спачатку мы змаглі прыняць толькі 11 чалавек з той плыні. Потым яшчэ крыху. У студзені і лютым у нас жылі толькі „сьнежаньскія“ вызваленыя. Але мы чакалі новых партыяў. Нарэшце знайшлі новы будынак, больш прасторны, добра разьмешчаны. Зараз у нас няшмат людзей: тры сям’і зь дзецьмі і чацьвёра мужчын. Тут можа разьмясьціцца 30 чалавек (канапы ў агульных пакоях мы ня лічым). Хочам, каб людзям было камфортна, калі яны выходзяць з турмы. Але нават калі будзе больш вызваленых, зможам прыняць людзей і ў агульных зонах, дзе шмат канапаў», — запэўнівае Ганна.

Новы прытулак для былых палітвязьняў у Варшаве, якім апякуюцца Ганна Федаронак і Алеся Буневіч

У новым прытулку ёсьць усё патрэбнае для жыцьця: ад бытавой тэхнікі (некалькі пральных машын, пасудамыйня, пыласмокі, плязмавыя тэлевізары), да вялікай бібліятэкі, ня кажучы ўжо пра лядоўні з харчам. Ганна з гонарам паказвае некалькі лядоўняў, маразільных камэраў, кладовак з прадуктамі.

Яна мае некалькі абавязковых патрабаваньняў для жыхароў.

Закон № 1 — катэгарычна забараняецца ўжываць алькаголь. Другая ўмова — чысьціня. У вялікім катэджы няма прыбіральніц. Людзі самі дзяжураць па чарзе.

«Мы з Алесяй Буневіч ня маем тут заробку. Мы валянтэры. Мой муж працуе дальнабойнікам і забясьпечвае нас з дачкой. Я падпрацоўваю ў польскай кампаніі „Мэдыкі бязь межаў“ — прыбіраю офіс і дзьве кватэры. Алеся жыве ў шэлтэры з сынам, яе даход — стыпэндыя, вучыцца ў праграме Каліноўскага», — апавядае Ганна пра фінансавы бок жыцьця стваральніц прытулку.

Суразмоўца кажа, што вылучыла сваю кандыдатуру на выбары ў Каардынацыйную раду ня дзеля піяру.

«Мне трэба разьвівацца. Я вучуся ў онлайн-школе, хаджу на платныя заняткі польскай мовай офлайн. Выбары ў Каардынацыйную раду я выйграла — маю мандат, а Рада прызнаная Сэймам Польшчы і ПАРЭ. Цяпер я буду размаўляць з польскімі ўладамі на іншым узроўні. У кастрычніку ў шэлтэр прыяжджаў дырэктар Варшаўскай мэрыі (другая асоба пасьля мэра сталіцы Рафала Тшаскоўскага. — РС). Мы прасілі ў гораду вялікі дом пад шэлтэр — чалавек на 50, гадоў на 5. Ён абяцаў пазьней разгледзець пытаньне, маўляў, „зараз уся падтрымка ідзе Ўкраіне“. Але ў сакавіку тая праграма скончылася. А нам нічога дагэтуль так і не прапанавалі. Людзі зь Беларусі едуць і будуць ехаць. Трэба дапамагаць таксама дэпартаваным пэнсіянэрам. Так што буду дамагацца ад гораду вялікай прасторы для беларусаў», — запэўнівае Ганна.