Хроніка перасьледу 4 чэрвеня: у Мазыры ператрус у актывіста дыяспары за ўдзел у акцыі да Дня Волі ў Польшчы

Беларускія сілавікі, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Яшчэ адзін ператрус у актывіста дыяспары за ўдзел у акцыі да Дня Волі за мяжой

Крыніца «Гомельскай Вясны» з Мазыра паведаміла, што ў прыватным доме сям’і актывістаў супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус ды апісалі маёмасьць, якая належыць сужэнцам. Падставай для ператрусу назвалі заведзеную датычна галавы сям’і крымінальную справу за ўдзел у акцыі памяці да Дня Волі 25 сакавіка, якая адбывалася ў адным з гарадоў Польшчы. Падрабязнасьці справы і артыкул, паводле якога яна заведзеная, пакуль невядомыя.

У 2020 годзе сужэнцы бралі ўдзел у пратэстных акцыях, якія адбываліся ў Мазыры. Праз пагрозу завядзеньня крымінальнай справы ў 2021 годзе яны мусілі пакінуць Беларусь.

Зараз сужэнцы знаходзяцца ў адной з краінаў Эўропы. Там яны бяруць актыўны ўдзел у жыцьці дыяспары і беларускіх акцыях, якія ладзяцца ў іхнім горадзе. Адна з такіх акцыяў адбывалася 25 сакавіка да нацыянальнага сьвята — Дня Волі, піша «Вясна».

Праваабаронцам вядома ўжо пра больш чым 30 ператрусаў у сваякоў актывістаў замежжа. Прынамсі частка зь іх зьвязаная з удзелам у сьвяткаваньнях Дня Волі ў Варшаве, Вільні, Беластоку і ЗША, піша «Вясна».

У Беларусі ўпершыню прызналі «экстрэмісцкай» старонку на партале Reddit

Зрабіў гэта суд Чыгуначнага раёну Гомля, які прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку «r/belarusmaidan», піша «Вясна».

Таксама ў «экстрэмісцкі сьпіс» дадалі розныя Telegram-каналы і чаты, старонкі ў TikTok і фэсйбуку, сайт Сайт «dzе.chаt» і іншае.

Рэсурсы, ўнесеныя ў «экстрэмісцкі» сьпіс ад пачатку чэрвеня

  1. b.e.l.a.r.u.s_ (TikTok)
  2. belarus__1 (TikTok)
  3. Come here: образовательные ивенты в Беларуси и не только (Telegram)
  4. dze.chat-размовы з суседзям (Сайт)
  5. flagshtok_1_ (TikTok)
  6. kasia_vadanosava (Instagram)
  7. Malanka Media (TikTok)
  8. mara_by_lv (X)
  9. mguseva_ya (Instagram)
  10. min55obl / Минская область Новости (Instagram, Threads, TikTok, YouTube)
  11. ordo_ordinas (старонка недаступная)
  12. Postim > Беларусь (Одноклассники)
  13. r/belarusmaidan (Reddit)
  14. Rita Gatichova (Facebook)
  15. shauchuk_yuliya_ (Instagram)
  16. yuri.еxpat (Instagram)
  17. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва — БІНіМ (Facebook)
  18. Вадим Прокопьев (Facebook)
  19. Второй регион Беларуси (старонка недаступная)
  20. Дмитрий Щигельский (Facebook)
  21. Занько Анатоль (Facebook)
  22. Збройны чын • Zbrojny čyn (Telegram)
  23. Ольга Карач (Facebook)
  24. Сергей Маврин (Facebook)
  25. Стикеры @stickrubot @textmeru_bot (Telegram-стикеры)
  26. СХОД НЕАБЫЯКАВЫХ Chat (Telegram)
  27. Фонд хейтеров черта (Telegram)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 3 чэрвеня: у Мазыры арыштавалі пэнсіянэра, у Менску асудзілі бізнэсоўца

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».