У Мазыры арыштавалі 76-гадовага пэнсіянэра
Праваабаронцы «Гомельскай Вясны» атрымалі інфармацыю пра тое, што ў Мазыры затрымалі 76-гадовага пэнсіянэра Аляксея Пятроўскага. Падставы для затрыманьня высьвятляюцца, вядома, што ў ягонай хаце правялі ператрус, забраўшы ўсе носьбіты інфармацыі.
Паводле зьвестак, якія паведаміла крыніца з Мазыра, Пятроўскаму прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Фармальная прычына прысуду высьвятляецца. Таксама вядома, што Пятроўскага затрымлівалі і ў пачатку красавіка, калі быў арыштаваны вядомы мазырскі праваабаронца Ўладзімір Целяпун. Тады праз некалькі дзён Аляксея Пятроўскага вызвалілі.
Аляксей Пятроўскі ў 2020 годзе быў абураны парушэньнямі падчас арганізацыі выбарчага працэсу і гвалтам супраць моладзі ў Мазыры. Праз гэта ён далучаўся да пратэстных акцыяў. У якасьці пратэсту ён падчас сваіх штодзённых аздараўленчых шпацыраў насіў на адзеньні бел-чырвона-белую шасціканцовую зорку.
Бізнэсоўца зь Менска асудзілі па «справе Гаюна»
Аляксандра Кандратовіча, спэцыяліста ў галіне акрэдытацыі, які шмат гадоў адпрацаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, а пасьля стварыў свой бізнэс, арыштавалі пры канцы 2025 года. Нядаўна яго судзілі ў Менскім гарадзкім судзе.
Яго абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Крымінальны перасьлед бізнэсоўца зьвязаны са «справай Гаюна», піша «Наша ніва». Кандратовічу прысудзілі хатнюю хімію. У траўні яго ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў».
Аляксандру Кандратовічу 39 гадоў, ён родам зь Ліды, дзе ў 2006 годзе скончыў мясцовы каледж. Потым пераехаў у Менск, больш за восем гадоў адпрацаваў у Беларускім дзяржаўным цэнтры акрэдытацыі (БДЦА), у 2019 годзе сышоў у прыватны бізнэс.