Стала вядома, у чым вінавацяць праваабаронцу з Мазыра Ўладзімера Целепуна, якога затрымалі 10 красавіка 2026 году.
Паводле інфармацыі ягоных калег-праваабаронцаў, Целепуну інкрымінавалі артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і артыкул 367 КК («паклёп на Лукашэнку»). Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў — да 6 гадоў зьняволеньня.
Пасьля затрыманьня Ўладзімера Целепуна тры дні трымалі ў мазырскім ізалятары, адкуль перавезьлі ў гомельскі СІЗА. У якіх умовах там апынуўся праваабаронца, дакладна невядома. Адвакат, які зь ім сустракаўся, пра ўмовы нічога не сказаў, спасылаючыся на падпіску, дадзеную сьледзтву, сказаў Свабодзе праваабаронца Леанід Судаленка.
Судаленка моцна непакоіцца за стан здароўя сябра.
«Ён хворы на рак, цяпер у стадыі рэмісіі. Хто яго бачыў перад арыштам, адзначаюць, што вельмі схуднеў. Ясна, што патрэбны дагляд, увага лекараў, але ў СІЗА гэта забясьпечыць будзе складана, ведаю па сабе, год там быў. Нават невядома, ці атрымлівае ён патрэбныя лекі. Была надзея, што зьменяць меру стрыманьня на падпіску, улічаць ягоны ўзрост і стан здароўя, але на такі гуманны крок сьледзтва не пайшло», — сказаў Свабодзе Леанід Судаленка.
- Уладзімер Целяпун з Мазыра, яму 70 гадоў.
- Ён вядомы палітычны актывіст, праваабаронца, узначальваў гарадзкі клюб шматдзетных сем’яў.
- У 1986 годзе браў удзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, шмат гадоў быў актывістам Чарнобыльскага руху, абараняў правы ліквідатараў, у 2010 годзе ва Ўкраіне яго ўзнагародзілі «Чарнобыльскім крыжам: Мужнасьць, Годнасьць, Гуманнасьць».
- У праваабарончым цэнтры «Вясна» раней паведамілі, што прызналі Ўладзімера Целепуна палітвязьнем.