Расейскія ўдзельнікі вайны ва Ўкраіне праводзілі ў Беларусі трэнаваньні і лекцыі

Два ўдзельнікі баявых дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне падчас прыезду ў Беларусь

Паездку арганізавала Беларуская асацыяцыя вэтэранаў падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня МУС «Честь», якой кіруе Дзьмітры Паўлічэнка.

Два так званыя «вэтэраны СВА» («спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» — так улады Расеі называюць сваю вайну супраць Украіны) прыяжджалі ў Беларусь, паведамляе выданьне «Люстэрка».

Пра гэта ў Тэлеграме напісала асацыяцыя вэтэранаў спэцназу беларускага МУС «Честь». Там 2 чэрвеня паведамілі, што ў траўні прайшла сустрэча кіраўніцтва аб’яднаньня «з дасьведчанымі вэтэранамі-спэцыялістамі баявых дзеяньняў Расеі», і зьмясьцілі іх фота.

Сустрэчу з расейцамі арганізавалі двое беларускіх адстаўнікоў Антон Рыбчанка і Вадзім Б., якія возяць дапамогу расейскім вайскоўцам, што ваююць ва Ўкраіне. Імёны «гасьцей» яны не назвалі, але «Люстэрка» высьветліла, што гэта 45-гадовы Аляксандр Чыстоў і 43-гадовы Максім Капусьцін.

У Беларусі яны правялі «пазаплянавыя заняткі ў стратэгіі і тактыцы вядзеньня баявых дзеяньняў ва ўмовах населеных пунктаў з улікам сучасных рэаліяў, а таксама вядзеньні глыбіннай выведкі, прымяненьні розных сучасных тэхнічных сродкаў і ўзбраеньня, асаблівасьцях працы вузкіх спэцыялістаў». Дадаткова «дзейны інструктар спэцпадразьдзяленьняў Расеі ў бразыльскім дзю-дзіцу і баявым самба» правёў майстар-клясу з выхаванцамі вайскова-патрыятычнага клюбу. На фота, якое расеец зрабіў у трэнавальным памяшканьні менскай «Акадэміі ММА», можна заўважыць сьцягі Расеі, СССР і бела-жоўта-чорны сьцяг Расейскай імпэрыі.

«Паўкрымінальны элемэнт» Чыстоў, які сам так сабе называе, паказвае шмат кадраў з сваёй беларускай паездкі ў Instagram. Ён апублікаваў фота падзякаў ад розных установаў у Беларусі. Паводле зьвестак з Расеі, там Чыстоў ня раз быў даўжніком за штрафы; у 2023 годзе ён бываў у акупаваных Данецку і Луганску.

Абодва, відаць, мелі дачыненьне да кадыраўскага батальёну «Ахмат». Капусьціна аднойчы называлі «інструктарам батальёна „Ахмат“, сябрам ЛДПР з 2018 году». Паводле яго словаў, ён «служыў снайпэрам у гарачых пунктах», а на вайне з Украінай, куды ён добраахвотна адправіўся, «збольшага даводзілася займацца інструктарскай дзейнасьцю». Паводле яго, да сьнежня 2022-га ён нібыта «падрыхтаваў каля 3000 вайскоўцаў».

Што вядома пра асацыяцыю «Честь», якая арганізавала паездку

Беларускай асацыяцыяй вэтэранаў падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня «Честь» кіруе Дзьмітры Паўлічэнка, былы камандзір САХР — спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Яго падазраюць у выкраданьні беларускага палітыка Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, журналіста Зьмітра Завадзкага.

Падчас падзеяў 2020 году Паўлічэнка разам з гэтай асацыяцыяй актыўна дапамагалі Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прызначылі дату разгляду апэляцыі на вырак экс-байцу САХР Гараўскаму, які абскардзілі сваякі зьніклых Захаранкі і Красоўскага