Ціханоўская сустрэлася ў Лёндане з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Стармэрам. Пра што дамовіліся

Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр і Сьвятлана Ціханоўская. Лёндан, 2 чэрвеня 2026

Месцам сустрэчы стала афіцыйная рэзыдэнцыя Стармэра ў Лёндане на вуліцы Даўнінг-стрыт.

Пасьля сустрэчы прэсавая служба ўраду Вялікай Брытаніі паведаміла, што прэм’ер-міністар Кір Стармэр у пачатку размовы са Сьвятланай Ціханоўскай «падкрэсьліў падтрымку Вялікабрытаніі свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, асудзіў пастаянныя нападкі Лукашэнкі на дэмакратыю і ўтрыманьне пад вартай палітычных зьняволеных у краіне, пацьвердзіў нязьменную падтрымку Вялікабрытаніі выкарыстаньня санкцый для пастаяннага ціску на рэжым».

Ціханоўская сярод іншага распавяла Стармэру пра свой нядаўні візыт у Кіеў, і бакі абмеркавалі сваю нязьменную падтрымку сувэрэнітэту Ўкраіны.

Прэмʼер-міністар аддаў «належнае спадарыні Ціханоўскай за яе мужнасьць у кампаніі за свабодную і дэмакратычную Беларусь».

Прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла іншыя дэталі аб яе сустрэчы 2 чэрвеня з прэмʼер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармэрам.

Зь беларускага бокуў сустрэчы прыняў удзел таксама дарадца Ціханоўскай па дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі.

Адзначаецца, што палітыкі абмеркавалі падтрымку дэмакратычнай Беларусі, сытуацыю з палітвязьнямі, неабходнасьць дапамогі незалежным мэдыям і грамадзянскай супольнасьці, а таксама «прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за міжнародныя злачынствы, уключаючы вываз украінскіх дзяцей».

Асаблівая ўвага была нададзена «сынхранізацыі санкцыйнай палітыкі Лёндана і ЭЗ», а таксама «ролі Беларусі ў эўрапейскай бясьпецы і залежнасьці Менска ад Расеі».

Акрамя таго, Ціханоўская заклікала Вялікабрытанію разгледзець магчымасьць далучэньня да Міжнароднага гуманітарнага фонду і «ўздымаць беларускае пытаньне на пляцоўках G7 і G20», дзе Лёндан прыме старшынства ў 2027 годзе.

Асобна Ціханоўская адзначыла два раунды стратэгічных кансультацый, якія прайшлі паміж Вялікабрытаніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў 2025 і 2026 гадах, запрашэньне Беларусі да ўдзелу ў саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў 2024 годзе, а таксама падтрымку беларускіх праваабарончых і грамадзянскіх.

У 2024 годзе Вялікабрытанія абʼявіла аб выдзяленьні 2,5 млн фунтаў стэрлінгаў на падтрымку беларускіх праваабарончых і грамадзянскіх ініцыятыў.

Ціханоўская на сустрэчы са Стармэрам высока ацаніла ролю брытанскага прэмʼера ў стварэньні «Кааліцыі ахвочых» для дапамогі Ўкраіне, падкрэсьліўшы, што беларускае грамадзтва «застаецца праэўрапейскім і антываенным», а будучыня Беларусі і бясьпека Ўкраіны «непарыўна зьвязаныя».

«Я ўдзячная прэмʼер-міністру Кіру Стармэру і Вялікабрытаніі за прынцыповую пазыцыю па Беларусі. Для нас вельмі важна, што Лёндан працягвае падтрымліваць беларускае грамадзтва і не прызнае легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі. Падтрымка дэмакратычнай Беларусі — гэта ўклад у бясьпеку ўсёй Эўропы. Беларусь не павінна заставацца ў цені Расеі або быць разьменнай манэтай». — заявіла Ціханоўская па выніках сустрэчы.

Ціханоўская ўпершыню сустрэлася са Стармэрам у сакавіку 2023 года, калі яго Лейбарысцкая партыя знаходзілася ў апазыцыі. Тады абмяркоўваліся пытаньні санкцый, прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, дапамогі дэмакратычнаму руху.

У ліпені 2024 года Ціханоўская правяла перамовы са Стармэрам ужо як з прэмʼер-міністрам Вялікабрытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская: зьмены ў Расеі могуць пачацца са зьменаў у Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Ерэване праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, на яго запрасілі Ціханоўскую