Факт завядзеньня крымінальнай справы стаў вядомы праваабаронцам «Вясны». У межах справы па ўсёй краіне праходзяць ператрусы і допыты ў людзей, якія датычныя да ўнівэрсытэту, вучыліся там або працавалі.
Праваабаронцам таксама вядома, што да дзейных студэнтаў прыходзяць сілавікі і пагражаюць крымінальным перасьледам, калі чалавек не забярэ дакумэнты з установы. Пагражаюць таксама іхным сваякам.
Паводле якіх менавіта артыкулаў завялі крымінульную справу — пакуль невядома. Магчыма — за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні».
Па стане на цяперашні момант праваабаронцам вядома пра як мінімум 12 чалавек, да якіх прыйшлі сілавікі.
Фармальна для прыцягненьня да адказнасьці ўладам трэба давесьці сувязь чалавека з ЭГУ, аднак у цяперашніх умовах дастатковымі могуць быць і прызнаньні, атрыманыя пад катаваньнямі, ішуць праваабаронцы.
«У сувязі з гэтым мы не рэкамэндуем вяртацца ў Беларусь выкладнікам, студэнтам і асобам, якія маюць любыя іншыя сувязі з ЭГУ, а таксама ўзаемадзейнічаць зь яго сацыяльнымі сеткамі».
Рэакцыя ЭГУ
Унівэрсытэт выступіў з паведамленьнем пра тое, што «вельмі занепакоены» тым, што адбываецца ў Беларусі.
«Тое, што сьпярша выглядала як асобныя выпадкі, падобна, перарастае ў больш маштабную кампанію супраць сяброў нашага акадэмічнага таварыства і іхных сваякоў».
Таксама ў ЭГУ сказалі, што пакуль ня могуць ацаніць маштабу такіх дзеяньняў сілавікоў і іх характар, але «сочыць за разьвіцьцём сытуацыі». Студэнтам і іншым зьвязаным з вну асобам параілі быць пільнымі і клапаціцца пра сваю бясьпеку ў «лічбавых камунікацыях».
Акрамя таго, унівэрсытэт параіў зьвяртацца на «гарачую лінію» ЭГУ па адрасе hotline@ehu.lt.
Што адбываецца?
Раней стала вядома, што 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім». Такое прызнаньне адбылося 14 красавіка 2026 году.
Пры гэтым Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў падчас пагрозаў ад уладаў Беларусі.
ЭГУ сёлета запрасіў на новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». На матэрыяле культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і іншых краін Эўропы ВНУ рыхтуе мэнэджараў культуры і спэцыялістаў у крэатыўным турызме, здольных ствараць уласныя аўтарскія прадукты і ўвасабляць іх у жыцьцё.
Свабода правяла вялікае інтэрвію з рэктарам ЭГУ Вілюсам Шадаўскасам, у якой ён расказаў, як унівэрсытэт будзе дзейнічаць і як зрэагуе на новыя пастановы рэжыму Лукашэнкі.
Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.
У Вільні ЭГУ мае два спэцыялізаваныя падразьдзелы — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць вучыцца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.