Праект беларуска-расейска-кітайскага порту ў Прыморскім краі адклалі «ў рэзэрв»

Губэрнатар Прыморскага краю Расеі Алег Кажамяка

Праект стварэньня порту з удзелам Беларусі ў расейскім Прымор’і зноў адкладзены зь фінансавых прычынаў.

Праект беларускага порту ў Прыморскім краі Расеі накіравалі «ў рэзэрв». Так апісаў бягучы стан спраў губэрнатар расейскага рэгіёну Алег Кажамяка пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, піша БелТА.

«Па гэтым праекце: мы яго трымаем у рэзэрве. Калі эканамічная сытуацыя складзецца крыху лепш, мы яго абавязкова запусьцім. Час санкцыйнага ціску, трэба трошкі перачакаць», — сказаў ён.

У 2024 годзе, пасьля 2 год поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне і заходніх санкцыяў, Кажамяка пасьля сустрэчы з Лукашэнкам заяўляў, што неўзабаве будзе абранае месца для будаўніцтва порта, а ў праект могуць прыцягнуць кітайскія інвэстыцыі.

Але ў сакавіку 2025 года, пасьля чарговай сустрэчы ў Менску Кажамяка заявіў, што праект будаўніцтва порта адкладзены з-за высокай ключавой стаўкі Цэнтрабанка Расеі, якая тады складала 21%. Губэрнатар сьцьвярджаў, што да праекту вернуцца, калі стаўка зьнізіцца «да разумных межаў». На сёньня Цэнтрабанк Расеі зьнізіў стаўку да 14,5% гадавых, але гэта не дапамагло.

Аднак Кажамяка лічыць, што ідэя ўсё яшчэ застаецца актуальнай, таму што пастаўкі тавараў з Паўднёва-Усходняй Азіі ў эўрапейскую частку Расеі, у Беларусь «патрэбныя і важныя, заўсёды будуць запатрабаваны».

«Порт — гэта вельмі сур’ёзнае збудаваньне, значнае па сваіх выдатках. Мяркую, што ўсё наперадзе. Мы трымаем у рэзэрве гэты праект, пакуль без партнэраў зь Беларусі не рэалізуем», — дадаў Кажамяка.

У час папярэдніх візытаў кіраўніка расейскага рэгіёну ў Менск паведамлялі аб намеры стварыць у Прыморʼі сумесны порт з удзелам расейскага, беларускага і кітайскага бакоў.

Раней улады паведамлялі, што порт у Прыморʼі неабходны беларускаму боку як важны пункт на транзытным шляху ў Кітай. У пачатку 2024 году ў Прыморʼі пабывала каманда спэцыялістаў зь Беларусі, якія маюць досьвед рэалізацыі партовых праектаў.

Праекты ў Мурманску і Пецярбурзе

Пасьля таго, як кіраўніцтва Беларусі падтрымала ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, Беларусь страціла магчымасьці пастаўляць сваю прадукцыю на замежныя рынкі праз морскія парты Ўкраіны і Літвы.

У верасьні 2022 году Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне аб транзыце беларускіх грузаў праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.

Дакумэнт забясьпечвае стварэньне альтэрнатыўных маршрутаў паставак экспартнай прадукцыі як праз морскія порты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру.

Адначасова бакі дамовіліся будаваць парты для пераладаваньня беларускай прадукцыі.

У жніўні 2022 году Лукашэнка заявіў, што Беларусі «выпаў добры шанец» стварыць уласную партовую інфраструктуру на тэрыторыі Паўночна-Заходняга рэгіёну Расейскай Фэдэрацыі.

Пазьней тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што Менск і Масква «ствараюць новыя транспартна-лягістычныя ланцужкі».

Дамову пра будаўніцтва беларускага порту ў Мурманску падпісалі ў красавіку 2024 году і заплянавалі яго ўвод у 2028 годзе.

Беларусь таксама шукае пляцоўку для будаўніцтва порту ў Ленінградзкай вобласьці Расеі.

Аднак пакуль бакі не паведамлялі аб пачатку будаўніцтва прыпортавай інфраструктуры для Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кітай не ўратуе Беларусь. І вось чаму

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якое значэньне для Беларусі мае расейскі порт Усьць-Луга, які зноў атакавалі ўкраінцы