Хроніка перасьледу 1 чэрвеня: затрымалі грамадзяніна Літвы; жыхара Міханавічаў асудзілі за «экстрэмізм»

Суд у Віцебску. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Затрымалі грамадзяніна Літвы

Стала вядома, што ў Беларусі затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Літвы. Як паведаміла выданьне «Пастаўскі край», грамадзянін Літвы праводзіў у Пастаўскім раёне рэлігійныя служэньні без рэгістрацыі грамады, а ў рэгістрацыі яму раней адмовілі. Гэта адбылося ў вёсцы Кукляны.

«Мужчына называў сябе духоўным настаўнікам стараверскай грамады. Яго затрымалі проста падчас служэньня. Куклянская рэлігійная грамада не зарэгістраваная, іншаземец ня меў права праводзіць багаслужбы ў Беларусі», — піша мясцовая раённая газэта.

Вядома, што грамадзянін Літвы спрабаваў зарэгістраваць рэлігійную суполку і зьвяртаўся ў Пастаўскі райвыканкам, але яму адмовілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 28 траўня: палітвязьня Кірылу Ашурка асудзілі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» калёніі

Жыхара Міханавічаў асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

42-гадовага Дзьмітрыя Жука зь мястэчка Міханавічы Менскага раёну асудзілі ў Менскім абласным судзе. Яго прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і, падобна, адправілі адбываць тэрмін у калёнію, піша «Наша Ніва».

Дзьмітры Жук працаваў на вытворчасьці сьвідравальнага інструмэнту ТАА «Веліс Юніан».

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 20 чалавек

Пра гэта паведаміла «Вясна».

  1. Вольга Байкоўская, арт. 130, 361-1 КК, удзел у таталітарнай рэлігійнай сэкце, 5 гадоў 3 месяцы пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  2. Вошчанка [О]., арт. 130, 361-1 КК, удзел у таталітарнай рэлігійнай сэкце, 5 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  3. Уладзімер Герасімаў, ч. 2 арт. 361-3 КК, падтрымка супраціву расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну, зьмешчаны пад варту
  4. Міхаіл Далжанкоў, арт. 203-1 КК, збор дадзеных дзяржаўных службоўцаў
  5. Сяргей Качалка, арт. 356 КК, абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве, пазбаўленьне волі ў папраўчай калёніі
  6. Аляксандар Кундро, арт. 210, 361-2 КК, падтрымка пратэставай дзейнасьці, зьмешчаны пад варту
  7. Уладзіслаў Марчык, арт. 130, 368 КК, зьмешчаны пад варту
  8. Дзьмітры Мацкевіч, арт. 364, 366, 389 КК, выказваньні ў Інтэрнэце, пазбаўленьне волі ў папраўчай калёніі
  9. Уладзімер Ніканаў, арт. 368, 342, 130 КК, 3 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  10. Глеб Панасюк, ч. 2 арт. 361-3 КК, падтрымка супраціву расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну, зьмешчаны пад варту
  11. Анатоль Парахневіч, арт. 356 КК, абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве, зьмешчаны пад варту
  12. Людміла Пракапеня, арт. 130, 369 КК, выказваньні ў Інтэрнэце, пазбаўленьне волі ў папраўчай калёніі
  13. Віталь Пятрэнка, арт. 130, 367 КК, выказваньні ў Інтэрнэце, 2 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  14. Ірына Рашкевіч, арт. 290-1 КК, 9 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  15. Аляксандар Рубчык, арт. 285, 290-3, 290-4, ч. 1 арт. 361-3 КК, падтрымка супраціву расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну і намер ваяваць на баку Ўкраіны
  16. Уладзіслаў Сінкевіч, арт. 361-4, 130 КК, 3 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  17. Ганна Струкава, арт. 130, 361-1 КК, удзел у таталітарнай рэлігійнай сэкце, 5 гадоў 3 месяцы пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  18. Галіна Фралова, арт. 130, 361-1 КК, удзел у таталітарнай рэлігійнай сэкце, 5 гадоў 3 месяцы пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі
  19. Раман Шаркоў, арт. 130, 361, 361-4 КК, выказваньні ў інтэрнэце, пазбаўленьне волі ў папраўчай калёніі
  20. Аляксандар Шышко, ч. 1 арт. 361-3 КК, нaмер ваяваць на баку Ўкраіны, зьмешчаны пад варту

Цяпер у Беларусі 874 палітычныя вязьні, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 934. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 29 траўня: асудзілі дзяўчыну, якая вярнулася ў Беларусь пасьля вучобы ў Польшчы

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».