Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 траўня: асудзілі дзяўчыну, якая вярнулася ў Беларусь пасьля вучобы ў Польшчы

абноўлена
Суд у Менску. Архіўнае фота
Суд у Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Музыку Алега Хаменку ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў»

МУС Беларусі ўключыла ў сьпіс так званых «экстрэмістаў» яшчэ 19 чалавек. Сярод іх — музыка і радыёвядоўца Алег Хаменка, піша «Вясна».

Алега Хаменку затрымалі ў Менску 17 чэрвеня 2025 году пасьля ператрусу ў ягонай кватэры. 4 сакавіка Менскі гарадзкі суд пакараў Хаменку 3 гадамі пазбаўленьня волі і штрафам у 20 тысяч рублёў паводле стандартнага палітычнага абвінавачаньня ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Як вынікае з матэрыялаў справы, у аснову абвінавачаньня лягло супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя».

21‑гадовую дзяўчыну зь Пінску асудзілі ў палітычнай справе

Яну Галімскую з Пінска асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Дакладныя абставіны яе справы невядомыя, піша «Наша Ніва». Дакладны вырак невядомы, падобна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

Яна вучылася ў Польшчы, але вярнулася ў Беларусь. Яне Галімскай 21 год, яна родам з Пінска. У 2021 годзе скончыла школу, праз год паехала ў Польшчу, дзе спачатку паступіла ў Кракаў на падрыхтоўчы курс, а пасьля ва ўнівэрсытэт.

Яе арыштавалі ў Беларусі пасьля прыезду з Польшчы ў другой палове мінулага году і зьмясьцілі ў СІЗА.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG