15 і 20 траўня Кабінэт міністраў Украіны выдаў распараджэньні № 453-р і № 484-р з прапановамі «па прымяненьні пэрсанальных спэцыяльных эканамічных ды іншых абмежавальных мер (санкцый) у адпаведнасьці з імплемэнтацыйнымі рэглямэнтамі ды рашэньнямі Рады ЭЗ, піша Позірк.
Першым дакумэнтам украінскі ўрад па сутнасьці прапанаваў сынхранізаваць нацыянальныя санкцыі з 20-м пакетам абмежавальных мер, які Рада ЭЗ прыняла 23 красавіка 2026 года. Апошнія эўрапейскія санкцыі закранулі 120 юрыдычных і фізычных асоб — пераважна з Расеі, у меншай ступені — з ААЭ, Беларусі (згаданыя арганізацыі), Інданэзіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана і Узбэкістана.
29 траўня Савет нацыянальнай бясьпекі і абароны (СНБА) Украіны вырашыў падтрымаць прапановы Кабміна, у той жа дзень прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў два ўказы, якія прыводзяць у дзеяньне рашэньні СНБА.
Згодна са зьвесткамі на сайце апарата СНБА, санкцыі Украіны зараз распаўсюджваюцца на 22.575 фізычных і юрыдычных асоб, у тым ліку на 381 з Беларусі (1,7% усіх суб’ектаў пад абмежавальнымі мерамі). Са 130 дзяржаў і тэрыторый, у дачыненьні да прадстаўнікоў якіх дзейнічаюць украінскія санкцыі, Беларусь займае 4-е месца, саступаючы толькі Расеі (18.218 суб’ектаў пад абмежаваньнямі) ды Ірану (534).
Рада ЭЗ у абгрунтаваньні свайго красавіцкага рашэньня адзначала, што створанае Менскім заводам колавых цягачоў (МЗКЦ) сумеснае прадпрыемства «Волат-Санцзян» вырабляе колавыя шасі для вайсковай тэхнікі, уключаючы рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, якія выпускаюцца МЗКЦ. Такім чынам, яно зьяўляецца часткай вайскова-прамысловага комплексу Беларусі, «удзельнічаючы ў распрацоўцы, вытворчасьці і пастаўцы вайсковай тэхнікі і абсталяваньня». Аналягічныя фармулёўкі тычыліся кітайскага заснавальніка кампаніі. Рада ЭЗ падкрэсьлівала, што «упершыню ў рамках санкцыйнага рэжыму супраць Беларусі пад санкцыі трапляе кітайская дзяржаўная кампанія — праз яе ўдзел у вытворчасьці беларускай вайсковай прадукцыі».
Беларуская нафтавая кампанія, гаварылася ў абгрунтаваньні, зьяўляецца «вядучым экспарцёрам нафтапрадуктаў Беларусі», якая «належыць некалькім буйным прадпрыемствам нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі Рэспублікі Беларусь, уключаючы «Беларуснафту» і «Нафтан».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ценявы бок беларускага ВПК: пасярэднікі, гатоўка і праблемы зь якасьцю. Расьсьледаваньне BelPolЗаяўлялася, што праз структуру ўласнасьці БНК кантралюецца ўрадам Беларусі. Прызначэньне генэральнага дырэктара кампаніі ўзгадняецца Аляксандрам Лукашэнкам, які таксама вызначае кірунак яе дзейнасьці. Такім чынам, БНК «зьвязаная з арганізацыямі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, належыць і кантралюецца структурамі, адказнымі за прыгнечаньне беларускай грамадзянскай супольнасьці і падтрымку рэжыму Лукашэнкі».
- 24 лютага 2022 года РФ распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусьветнай вайны канфлікт у Эўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасьля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расейскіх вайскоўцаў. Паводле даных расьсьледавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасьцю для расейскага вайскова-прамысловага комплексу.