Амбасада Нямеччыны заявіла пра намер скараціць час чаканьня шэнгенскіх візаў

Ілюстрацыйнае фота.

Пра намер скараціць час чаканьня шэнгенскіх візаў заявіла амбасада Нямеччыны ў Беларусі.

«Мы з камандай амбасады вельмі радыя вялікай цікавасьці да Нямеччыны. Нам вельмі важна ўмацоўваць існуючыя кантакты паміж Нямеччынай і Беларусьсю і садзейнічаць устанаўленьню новых. Афармленьне віз адыгрывае пры гэтым ключавую ролю. На жаль, мы ня можам цалкам задаволіць высокі попыт, і тэрміны чаканьня значна павялічваюцца», — адзначыла ў відэазвароце кіраўніца нямецкага дыппрадстаўніцтва Катрын аўс дэм Зіпен.

Паводле яе, у будучыні амбасада хоча надаць гэтай праблеме яшчэ больш увагі.

«Мы працуем над рашэньнямі, якія дазволяць аптымізаваць працэсы», — сказала яна.

Яна анансавала новую рубрыку на пляцоўках камунікацыі амбасады з беларускімі грамадзянамі — «Visa: Mission Possible» («Віза: місія выканальная»; адсылка да вядомых фільмаў з галівудзкім акцёрам Томам Крузам «Місія невыканальная», толькі з процілеглым сэнсам — «Позірк»). У рубрыцы будуць разьмяшчацца ролікі, закліканыя «зрабіць так, каб падача дакумэнтаў на візу была пасьпяховай», паведаміла дыпляматка.

У суправаджальным прэс-рэлізе адзначаецца, што ў 2025 годзе амбасада ФРГ выдала грамадзянам Беларусі каля 42 тыс. шэнгенскіх візаў. Яна «уваходзіць у дзясятку рэкардсмэнаў па выдачы візаў сярод замежных прадстаўніцтваў Нямеччыны ва ўсім сьвеце».

Акрамя таго, дыппрадстаўніцтва мае намер «абвергнуць распаўсюджаныя міты аб афармленьні візаў».

Згодна з дадзенымі міграцыйнай службы ЭЗ, летась у Беларусі было выдадзена каля 152 тыс. шэнгенскіх візаў. Такім чынам, доля Нямеччыны склала прыкладна 28%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Амбасадзе Італіі ў Менску патлумачылі зьмены ў працэдуры падачы заяў на шэнгенскую візу