Пасьля допуску юных хакеістак зь Беларусі ад удзелу ў чэмпіянаце сьвету адмовілася жаночая зборная Літвы

Ілюстрацыйнае фота

Літва таксама адклікала заяўку на правядзеньне ў 2027 годзе 3-га дывізіёну Чэмпіянату сьвету сярод дзяўчат у Коўне, паведаміла Хакейная ліга краіны.

Менавіта ў 3-м, найніжэйшым, дывізіёне і мелася дэбютаваць зборная Літвы, аднак адмовілася ад выступу, каб не сустрэцца на арэне зь беларускімі хакеісткамі, якія таксама атрымалі права выступаць у гэтым дывізіёне.

Дзе цяпер пройдуць гульні 3-га дывізіёну, пакуль невядома.

Беларускія юнакі ж выступяць у элітным дывізіёне на чэмпіянаце сьвету, які пройдзе ў ЗША з 22 красавіка па 2 траўня 2027 году. Беларуская зборная U18 трапіла ў групу «В», дзе згуляе з хакеістамі Славаччыны, Чэхіі, Канады і Фінляндыі. У групе «А» будуць гуляць каманды Латвіі, ЗША, Даніі, Нарвэгіі і Швэцыі, піша БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацыянальную хакейную зборную Беларусі так і не вярнулі ў міжнародныя спаборніцтвы. Затое палёгку атрымалі юнакі

28 траўня Міжнародная фэдэрацыя хакею вырашыла дапусьціць беларускіх юніёраў да міжнародных спаборніцтваў. Яна адзначыла, што гэтае рашэньне «было нялёгкім».

7 траўня выканаўчы Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што «больш не рэкамэндуе якія-небудзь абмежаваньні на ўдзел беларускіх спартоўцаў, уключна з камандамі, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі фэдэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартовых мерапрыемстваў».

МАК «скасаваў рэкамэндаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных фэдэрацый і арганізатараў міжнародных спартовых мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў той частцы, якая тычацца Беларусі і беларускіх спартоўцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МАК зьняў абмежаваньні на ўдзел беларусаў у спаборніцтвах