«З дакумэнтаў вынікае, што аддзяленьне чыгункі афіцыйна запытала падбор іншаземных працаўнікоў на вакансіі, што „не патрабуюць высокай кваліфікацыі“, прычым асобна адзначылі, што валоданьне расейскай мовы неабавязкова», — адзначаецца ў паведамленьні Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў.
У прыватнасьці, Менскае аддзяленьне шукала сярод іншаземцаў 20 манцёраў шляхоў, 8 станцыйных працаўнікоў па абслугоўваньні будынкаў і збудаваньняў, 8 мыйнікаў-прыбіральнікаў. Як адзначылі ў Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў, гэта найбольш цяжкія фізычна і нізкааплочваныя працы. На гэтых вакансіях прапанавалі заробкі ў памеры 950–980 рублёў.
Кампанія, якая займаецца пошукам працоўных у краінах Паўднёвай Азіі, адказала, што вакансіі з такімі заробкамі нікога не зацікавяць і адзначыла, што заробак мусіць складаць сама меней 1500 рублёў пасьля спагнаньня падаткаў і дадаткова даплаты за перапрацоўку.
Згодна з інфармацыяй рэкрутынгавай кампаніі, агульныя затраты на аднаго мігранта могуць скласьці прыблізна 2 900–3 200 рублёў, паколькі наймальнік апроч заробку павінен яшчэ будзе аплаціць паслугі рэкрутынгавай кампаніі за падбор кандыдатаў, іх авіяпералёт, пражываньне, суправаджэньне, мэдычныя страхоўкі, пры неабходнасьці — паслугі перакладчыкаў, а таксама арганізаваць рэгістрацыю мігрантаў і правядзеньне мэдычных камісія.
«Такім чынам, толькі кампэнсацыйны пакет пасьля працаўладкаваньня складзе да 2 440 рублёў на чалавека», — падлічылі ў арганізацыі.
Што папярэднічала
11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў падобныя пэрспэктывы.
27 жніўня 2025 году беларускі і пакістанскі ўрады падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні ў супрацы ў сфэры працы і працаўладкаваньня. Гэты дакумэнт вызначыў працэдуру, паводле якой Пакістан будзе накіроўваць сваіх грамадзян на працу ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сталі вядомыя дэталі мэмарандуму з Пакістанам аб прыцягненьні яго грамадзян на працоўны рынак БеларусіКолькі мігрантаў прыехалі ў Беларусь
Згодна з інфармацыяй МУС, у 2025 годзе ў Беларусь прыехалі 48 160 працоўных мігрантаў. Гэта на 14,3 тысячы больш, чым годам раней.
Лідэры па цікавасьці да працы ў Беларусі — грамадзяне Туркмэністану: іх прыехала 23050 чалавек, або 47,9% ад усіх. На другім месцы — расейцы, якіх прыехала працаваць у Беларусі 4677, сьледам ідуць украінцы — 4389 чалавек. Таксама ў пяцёрку ўвайшлі Узбэкістан (3618) і Кітай (3438).
Пасьля іх ідзе даволі экзатычная для Беларусі краіна — Нэпал, адкуль прыехалі працаваць 1038 чалавек.
Часьцей на заробкі прыбываюць мужчыны — іх 38 тысяч. Адзіная з буйных груп мігрантаў, адкуль прыехала больш жанчын, — гэта Ўкраіна (2255 супраць 2134 мужчын).
З Пакістану, чыіх жыхароў актыўна заклікаў у Беларусь Аляксандр Лукашэнка, за ўвесь 2025 год прыбыў 561 працоўны мігрант. Для параўнаньня: за студзень — чэрвень мінулага году прыехала 120 экспатаў з гэтай дзяржавы.
Кваліфікаваныя работнікі прамысловасьці і будаўніцтва склалі самую вялікую групу новых працоўных мігрантаў — больш за 16 тысяч чалавек. 9,1 тысячы — гэта працаўнікі гандлю і сфэры абслугоўваньня, больш за 7,7 тысячы — апэратары, машыністы і іншыя рабочыя, занятыя кіраваньнем, эксплюатацыяй і абслугоўваньнем установак і машын.