Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале тэксту адпаведнага законапраекту, ён вызначае працэдуру, паводле якой Пакістан будзе накіроўваць сваіх грамадзян на працу ў Беларусь.
Беларускае прадпрыемства, якое хоча запрасіць на працу пакістанцаў, павінна падаць у амбасаду Пакістану ў Беларусі заяўку аб намеры прыцягнуць працоўных мігрантаў, падпісвае адпаведнае пагадненьне з агенцтвам, якое адпраўляе грамадзян Пакістану на працу ў Беларусь, а таксама інфармуе дыпляматычнае прадстаўніцтва або пакістанскае Бюро па эміграцыі і працаўладкаваньні за мяжой аб колькасьці працаўладкаваных грамадзян і аб любых іхных парушэньнях беларускага заканадаўства. Апроч таго, прадпрыемства павінна атрымаць спэцыяльны дазвол на працаўладкаваньне кожнага мігранта.
Агенцтва, якое будзе накіроўваць грамадзян Пакістану на працу ў Беларусь, супольна зь Бюро па эміграцыі і працаўладкаваньні за мяжой, павінны забясьпечыць, каб працоўныя мігранты валодалі неабходнай кваліфікацыяй, ведалі мову, былі фізычна і псыхічна прыгодныя для выкананьня прац, мелі даведкі аб адсутнасьці асуджанасьці, візу і гарантыйны ліст ад наймальніка.
Мэмарандум прадугледжвае, што чальцы сямей працоўных мігрантаў будуць мець права на ўезд і знаходжаньне ў Беларусі на тэрмін дзеяньня спэцыяльнага дазволу і дазволу на працу, што атрымаў іхны сваяк.
Мэмарандум падпісалі 27 жніўня 2025 году. Зь беларускага боку яго апэратарамі будуць Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а з пакістанскага — Міністэрства ў справах пакістанцаў, якія жывуць за мяжой, і па разьвіцьці чалавечых рэсурсаў.
11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў падобныя пэрспэктывы.
Форум