— На працягу ўсіх гэтых гадоў, пакуль я сядзеў у турме, у маёй жонкі, Натальлі Пінчук, былі пастаянныя кантакты з Ватыканам. Яна неаднаразова зьвярталася і да папы. Яму перадавалі таксама звароты ад іншых людзей, ад праваабаронцаў, якія прасілі касьцёл адыграць сваю ролю ў вызваленьні мяне і іншых беларускіх палітычных зьняволеных.
Гэтая сустрэча была фактычна працягам тых кантактаў, якія былі з Ватыканам усе апошнія гады. Быў пасланы запыт на гэтую сустрэчу, быў атрыманы дазвол.
Тое, што папа пагадзіўся сустрэцца ў такім фармаце аўдыенцыі, сьведчыць, што пытаньні беларускіх палітычных зьняволеных і ўвогуле сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі хвалююць сьвяты прастол.
Алесь Бяляцкі і ягоная жонка Натальля Пінчук размаўляюць з папам Рымскім, 27 траўня 2026 году
— Сустрэча адбывалася ў такім традыцыйным фармаце, на плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме. Папа Леў, як заўсёды традыцыйна аб’яжджаў на папамабілі тыя дзясяткі тысячаў людзей, якія былі на плошчы. Гэта адбывалася перад імшой, затым была праведзена служба, ледзьве не на шасьці мовах адначасова, і пасьля гэтай службы адбыліся кароткія спатканьні і размовы з групамі людзей. Такая размова адбылася і ў нас.
Сама сустрэча была кароткай. Фактычна, ён слухаў, а гаварыў я. Часу было мала, і мне трэба было пасьпець выказаць асноўныя думкі.
Па-першае, я падзякаваў за тую ўвагу, якую сьвяты прастол удзяляе Беларусі ў апошнія гады, няпростыя гады і для касьцёлу, і для беларускага грамадзтва. Гэта вельмі важна, каб мы не сыходзілі з фокусу ўвагі.
Ведаючы, наколькі сурʼёзна папа ставіцца да вось гэтага ўзброенага канфлікту, нападу Расеі на Ўкраіну (бо ён неаднаразова ён заклікаў спыніць гэтую вайну, выказваўся пра злачыннасьць гэтай вайны, выступаў заўсёды з пазыцыі міру), дык, безумоўна, і Беларусь таксама ёсьць у фокусе ўвагі Ватыкана.
Я, вядома ж, падзякаваў за гэтую ўвагу і таксама сказаў пра тое, што ў Беларусі цяпер сытуацыя з правамі чалавека вельмі кепская і мы спадзяемся, што Ватыкан будзе ўдзеляць яшчэ большую ўвагу таму, што адбываецца ў нас. Бо таксама трывожная сытуацыя і з магчымасьцямі працы для каталіцкага касьцёлу — як рымска-каталіцкага, так і грэка-каталіцкіх абшчын
Я папрасіў яго маліцца за Беларусь, маліцца за беларускі народ. Гэта заўсёды мае два аспэкты — гэта і прамы літаральны, і больш ускосны, каб Ватыкан спрабаваў уплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Адначасова мы з Натальляй перадалі яму невялікія падарункі і таксама ліст, які больш падрабязна спыняецца на тых праблемах з правамі чалавека і на сытуацыі, у якой знаходзіцца каталіцкі касьцёл у Беларусі. Ад папы мы таксама атрымалі ў падарунак ружанцы.
Ружанцы, якія Алесь Бяляцкі і Натальля Пінчук атрымалі ў падарунак ад папы Рымскага
— З боку Ватыкана гэта быў знак салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі, з тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў бядзе, якія цярпяць, якія хворыя і па шмат гадоў бязь семʼяў, якія сядзяць у турме толькі за свае перакананьні. І гэта знак падтрымкі таксама для ўсяго беларускага грамадзтва, якое знаходзіцца ў цяжкіх умовах. А з нашага боку гэта была спроба актывізаваць Ватыкан у яго палітыцы адносна Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Цела мне патрэбнае, каб служыць людзям». Сьвятар-атлет расказаў, навошта вядзе Інстаграм пра трэніроўкі ў спортзале— На сустрэчу я ехаў ня толькі як праваабаронца — яна была для мяне таксама асабіста важнай як для верніка і як для чалавека, які мог сказаць пра праблемы беларускага грамадзтва непасрэдна самому папу.
Мне асабліва трывожна за тое, што ў турме цяпер знаходзіцца ксёндз Анатоль Парахневіч. Ён трапіў у турму сёлета. Гэта адзін з тых беларускіх ксяндзоў, якія пачынаў служыць па-беларуску яшчэ ў 1990-я гады. Ён фактычна далучыўся да адраджэньня беларускай мовы ў каталіцкім касьцёле ў нашыя часы.
Чалавек, якому ўжо 65 гадоў, у турме. Там у яго адбыўся інфаркт, цяжкі стан па здароўі, тым не менш ён застаецца ў турме. Вось такая пазыцыя беларускіх уладаў да сьвятароў, да беларускамоўных сьвятароў. Гэта, вядома ж, выклікае ў мяне абурэньне.
Тое ж самае датычыцца масавай фактычнай высылкі ксяндзоў, якія былі на місіях, якія працавалі ў нас ужо не адзін год і таксама дапамагалі адраджаць каталіцкі касьцёл у Беларусі пасьля яго амаль поўнага разбурэньня падчас савецкіх часоў. Усё гэта трывожныя сыгналы. На жаль, касьцёл у Беларусі цяпер знаходзіцца ў вельмі няпростай сытуацыі і нельга казаць пра нармальнае разьвіцьцё касьцёлу ў Беларусі.