Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цела мне патрэбнае, каб служыць людзям». Сьвятар-атлет расказаў, навошта вядзе Інстаграм пра трэніроўкі ў спортзале

Дзьмітры Прыступа
Дзьмітры Прыступа

У Беларусі Дзьмітры Прыступа служыў у Ляхавічах і Паставах. Але пасьля 2020 года ён быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны перасьлед.

Родам каталіцкі сьвятар з Баранавічаў, але сёньня ён служыць у польскім горадзе Лодзь. Ксёндз вядзе ў Інстаграме канал «Дарога пад цяжарам», на які падпісана больш за 7000 чалавек. У ім ён расказвае пра свае заняткі спортам і тлумачыць, як гэта можа дапамагчы ў духоўным разьвіцьці.

«Спорт гэта для мяне дысцыпліна. Калі хочаш выніку ў спорце, трэба займацца. Тое ж самае і ў духоўным жыцьці. Калі я наведваю парафіянаў на Каляды, то яны часам пытаюцца, а навошта мне хадзіць у касьцёл? Я ім адказваю, што калі вы хочаце добра выглядаць фізычна, то трэба хадзіць у спортзал. І калі вы хочаце мець добры духоўны стан, мала проста пасядзець і памаліцца. Неабходная дысцыпліна ў малітве, у сакрамантах, у споведзі, у камуніі». — тлумачыць сьвятар у праекце Свабоды «Канапа».

Сьвятар трэніруецца ў спортзале 4-5 разоў на тыдзень. Падчас такіх трэніровак ён падымае па восем разоў 120-кіляграмовую гантэль і параўноўвае гэта з духоўнай барацьбой.

«Яшчэ ў маладосьці я займаўся боксам. Для мяне змаганьне на рынгу гэта як духоўнае змаганьне. Калі я іду спавядацца, то ведаю, што іду змагацца са злом, гэтаксама як на рынгу змагаюся супраць нейкага суперніка. Менавіта гэта я і хачу перадаць праз свой Інстаграм. Магчыма да кагосьці прамовіць, што і адно і другое можа вельмі клясна супрацоўнічаць. Мая мэта — духоўнае жыцьцё, а цела мне патрэбнае, каб добра служыць людзям». — расказаў ксёндз Дзьмітры.

Свой Інстаграм ён вядзе па-польску, паколькі яго прыхаджане ў асноўным палякі. Але сваёй роднай мовай ён называе беларускую і карыстаецца ёю ў камунікацыі зь беларускімі каталікамі ў Лодзі.

«Да мяне беларуская мова прыйшла калісьці праз іншасьць. Гэта штосьці маё, што адрозьнівае мяне ад іншых. Калі я яшчэ вучыўся ў школе, то быў у арганізацыі „Моладзь БНФ“, насіў значкі „За свабоду“. І мая дырэктарка школы заўсёды казала, што я нікуды не паступлю. Але калі я здаваў іспыты, то паміж расейскай і беларускай выбраў беларускую. Таксама я выбраў іспыт па Гісторыі Беларусі і прынцыпова адказваў па-беларуску. Бо гэта нешта маё, проста і без дыскусій». — расказаў сьвятар.

Амаль адразу пасьля школы паступіў у манаскі ордэн братоў-сэрцанаў каля Кракава. Пражыў там 10 гадоў, вярнуўся ў Беларусь, дзе Прыступу высьвецілі на сьвятара. У 2020 годзе годзе на сьвятара завялі крымінальную справу за «наўмысны гвалт над супрацоўнікам унутраных справаў» (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу) і абвясьцілі ў вышук.

Паводле матэрыялаў справы, сьвятар нібыта наўмысна наехаў на вайскоўца, а той атрымаў «удар ніжняй траціны правага сьцягна і фізычны боль». Сам Прыступа расказваў, што здарэньне адбылося 11 жніўня, калі ў Баранавічах адбываліся пасьлявыбарчыя пратэсты. У адным з двароў гораду на яго машыну напалі людзі ў чорнай вопратцы без апазнавальных знакаў. Зьяжджаючы адтуль, Прыступа зьбіў аднаго зь іх. Са сваіх крыніц ксёндз Прыступа ведае, што вайсковец, які праходзіў пацярпелым у справе, сур’ёзна не пацярпеў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG