Хроніка перасьледу 28 траўня: палітвязьня Кірылу Ашурка асудзілі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» калёніі

Турма ў Магілёве, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Палітвязьня асудзілі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» калёніі

Як стала вядома «Вясьне», на 26-гадовага палітзьняволенага, фігуранта справы «Аддзелаў грамадзянскай самаабароны» Кірылу Ашурка ў зьняволеньні ціснуць. У магілёўскай калёніі № 15, дзе ён адбывае 13-гадовы тэрмін, яго пэрыядычна зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, пасьля яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер палітвязьня асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі»). Тэрмін ён будзе адбываць у калёніі строгага рэжыму № 9 у Горках.

Вядома, што Кірыла мае шэраг сур’ёзных захворваньняў, а ў канцы 2025 году ў палітвязьня здарыўся мікраінсульт. Паводле інфармацыі «Вясны», Кірыла ня бачыўся з роднымі ўжо тры гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 26 траўня: сьвятара Георгія Роя ў Беларусі абвясьцілі ў вышук

Палітзьняволеную Навумаву будуць судзіць паводле 10 крымінальных артыкулаў

Грамадзкая актывістка Валянціна Навумава амаль дзевяць месяцаў застаецца за кратамі. Як стала вядома «Горадзенскай Праваабароне», палітзьняволенай выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці».

Валянціна Навумава была сяброўкаю Партыі левых «Справядлівы сьвет». У 2017 годзе яе аштрафавалі на 15 базавых велічыняў у адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі «недармаедаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 25 траўня: правялі ператрус у яшчэ аднаго актывіста, новы прысуд у «справе Гаюна»