ВНУ: Менш платнікаў, больш мэтавікаў
Сёлета ў беларускія ВНУ хочуць набраць 49,1 тысячы студэнтаў, як вынікае з апублікаваных Міністэрствам адукацыі лічбаў. Гэта на 900 чалавек болей, чым летась. На бюджэт плянуюць узяць 33,1 тысячы чалавек, а на платнае — 16 тысяч.
З гадамі колькасьць бюджэтных месцаў у беларускія ВНУ ўлады павялічваюць, а платных — памяншаюць, згодна з плянамі прыёму:
- 2020 год: 55 тысяч, бюджэт — 27,5 тысячы, платнае — 28 тысяч
- 2021 год: 54,9 тысячы, на бюджэт і платнае амаль пароўну зь невялікай перавагай бюджэтных
- 2022 год: 53,4 тысячы, бюджэт — 27,7 тысячы, платнае — 25,7 тысячы
- 2023 год: 52,2 тысячы, бюджэт — 27 тысяч, платнае — 25,2 тысячы
- 2024 год: 52,5 тысячы, бюджэт — 30 тысяч, платнае — 22,5 тысячы
- 2025 год: 48,4 тысячы, бюджэт — 31,8 тысячы, платнае — 16,5 тысячы
- 2026 год: 49,1 тысячы, бюджэт — 33,1 тысячы, платнае — 16 тысяч
То бок за 6 гадоў доля бюджэтных месцаў стала складаць 67%, а раней не перавышала паловы ад агульнай колькасьці. Агулам жа месцаў для студэнтаў-першкакурсьнікаў паменела на 5,9 тысячы, ці на 11%. Месцаў для мэтавікаў апошнімі гадамі ўлады дабаўляюць. З 2022 іх стала больш на 1800 пазыцыяў. Выпускнікі, якія вучыліся на мэтавым, мусяць адпрацоўваць па разьмеркаваньні 5 гадоў, а ня два, як іншыя выпускнікі бюджэтнага.
Ілюстрацыйнае фота
Раней на бюджэт бралі менш, а саміх абітурыентаў было больш, бо больш было моладзі, зьвяртае ўвагу экспэрт у навуцы, адукацыі й інавацыях Андрэй Лаўрухін.
«Агульная колькасьць абітурыентаў раней была большай, цяпер жа абітурыентаў стала менш, агульная колькасьць месцаў таксама зьменшылася, а колькасьць бюджэтных месцаў засталася і нават павялічыліся, платны набор, у сваю чаргу, скарацілі», — падсумоўвае Андрэй Лаўрухін.
Самыя масавыя наборы плянуюць на спэцыяльнасьці:
- Інжынэры — 7,7 тысячы (23,3%)
- Пэдагогі — 3,9 тысячы (11,8%)
- Мэдыкі — 3,7 тысячы (11,2%)
- Аграрыі — 3,1 тысячы (9,4%)
Улада адчувае дэфіцыт кадраў якраз у гэтых спэцыяльнасьцях, таму хоча прымусіць моладзь адпрацоўваць як мага даўжэй пасьля выпуску, гаворыць Андрэй Лаўрухін.
Андрэй Лаўрухін
«У гэтых спэцыяльнасьцях найбольш мэтавікаў, у іх 5 гадоў адпрацоўкі, а зьмяніць месца працы ці адмовіцца амаль немагчыма. Гэта санкцыі, вялікія сумы грошай, якія давядзецца аддаваць, адмовіўшыся адпрацоўваць. Мэтавікаў найбольш набіраюць на спэцыяльнасьці, дзе вялікая цякучасьць кадраў. Гэта акадэмічнае рабства — каб замацаваць моладзь хаця б на 5 гадоў і спыніць вымываньне кадраў. Аднак праблему ня вырашыш такім чынам: трэба мяняць структуру матывацыі, бо цяпер адзіная матывацыя — прымус», — адзначае суразмоўца.
Таксама беларускія ВНУ сёлета прапануюць некалькі новых спэцыяльнасьцяў. Напрыклад, у БДУ будуць вучыць на «эколяга, інжынэра». Гэта, як заяўлена, двайная спэцыялізацыя зь ведамі як у экалёгіі, так і ў ІТ-тэхналёгіях і праграмаваньні. БДУІР анансаваў новую прафілізацыю «кібэрбясьпека» у межах спэцыяльнасьці «абарона інфармацыі».
Прафэсійныя вучэльні: +3 тысячы месцаў за 4 гады
У сярэдне-спэцыяльныя і прафэсійныя вучэльні сёлета ў Беларусі хочуць агулам набраць 67,9 тысячы чалавек. У каледжы (сярэдне-спэцыяльныя ўстановы) — 38,9 тысячы, у прафэсійна-тэхнічныя вучэльні — 29 тысяч чалавек. Розьніца ў тым, што ў прафэсійна-тэхнічныя вучэльні звычайна паступаюць пасьля 9-й клясы і выходзяць з атрыманай спэцыяльнасьцю. У сярэдне-спэцыяльныя ўстановы ідуць пасьля 9–11 клясаў і могуць працягнуць вучобу далей у ВНУ паводле скарочанай праграмы.
За 4 гады, то бок з 2022 году, агульны набор у гэтыя ўстановы адукацыі (прафэсійныя + сярэдне-спэцыяльныя) вырас на 2400 чалавек, ці на 3,7%. Паказальна, што набор у прафэсійныя вучэльні вырас больш — на 3 тысячы месцаў, ці на 11,5%.
Лукашэнка перад студэнтамі БДУ, 2023 год
Паводле Андрэя Лаўрухіна, гэта паказвае на прыярытэты дзяржавы ў вызначэньні таго, дзе маюць вучыцца беларусы пасьля школы.
«Прыярытэт дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі — больш накіроўваць выпускнікоў школ не ў ВНУ, а ва ўстановы сярэдне-спэцыяльнай і прафэсійна-тэхнічнай адукацыі. У ВНУ больш жорсткая рэглямэнтацыя: мэтавікі, запатрабаваныя спэцыяльнасьці. Гэтыя кантрольныя лічбы — інструмэнт адсеву. Як яны самі кажуць, у ВНУ яны чакаюць „матываваную моладзь“», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.
Сёлета ў прафэсійных і сярэдне-спэцыяльных вучэльнях таксама абяцаюць новыя спэцыяльнасьці. Напрыклад, у Менскім дзяржаўным электрамэханічным каледжы будуць рыхтаваць на апэратара вяндлярнай устаноўкі, а ў каледжы тэхнікі і тэхналёгіі будаўніцтва будуць вучыць на кветкавода.
Паводле Андрэя Лаўрухіна, тэарэтычна — у разьвітой краіне з дэмакратычнымі інстытутамі — такія спэцыяльнасьці маглі б быць добрым стартам для свайго бізнэсу. Аднак у Беларусі зь гэтым будуць складанасьці.
«Дзяржаўны сэктар ня можа працаўладкаваць усіх, таму падштурхоўвае моладзь рабіць свой бізнэс. Аднак калі моладзь выйдзе на гэты рынак, то ўбачыць, што тут падаткі, тут абмежаваньні, тут яшчэ праблемы, і весьці бізнэс становіцца немагчыма так, як яны марылі і ўяўлялі, як ім расказвалі падчас вучобы. Ёсьць інстытуты адукацыі, але няма інстытутаў рынкавай эканомікі і праўнай дзяржавы: навучым плаваць і лятаць, але ў нашай краіне няма ні вады, ні паветра», — прыводзіць мэтафару экспэрт.