Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца, дасьведчаная ў справах палітвязьня, якая прасіла не называць яе імя з прычынаў бясьпекі. Паводле крыніцы, ліст ад Кірыла Пазьняка з гэтай інфармацыяй быў атрыманы некалькі дзён таму.
«Так, яму было вельмі дрэнна напярэдадні суду, паведаміў у лісьце, што ня мог дыхаць, у шпіталі хуткай дапамогі ляжаў у рэанімацыі. Цяпер яму лепей, ужо ў мэдычнай частцы ізалятару. Але лячэньне лёгкіх працягваюць», — паведаміла крыніца, спаслаўшыся на ліст Кірылы Пазьняка.
Паводле крыніцы, журналіста вінавацяць у «арганізацыі экстрэмісцкага фармаваньня» і «дыскрэдытацыі Беларусі».
Суд над Пазьняком мусіў быў пачацца 14 траўня, але быў адкладзены і час новага паседжаньня не прызначаны, паведаміла крыніца.
Журналіст Кірыла Пазьняк быў затрыманы 4 верасьня 2025 году. Разам з Кірылам затрымалі яго дачку, Яніну Пазьняк, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пра тое, што Кірыл Пазьняк патрапіў у шпіталь з пнэўманіяй пасьля перанесенага раней каранавірусу 22 траўня паведаміла ягоная былая жонка Алена. Паводле жанчыны, гэта адбылося месяц таму.
«Прашу зрабіць тых, ад каго гэта залежыць, усё, каб захаваць чалавечае жыцьцё», — заклікала Алена на сваё старонцы ў Фэйсбуку.
З адмысловым зваротам у падтрымку беларускага журналіста Кірыла Пазьняка 26 траўня зьвярнулася міжнародная арганізацыя Рэпарцёры бяз межаў(Reporters sans frontières, RSF).
«RSF глыбока занепакоеная станам здароўя журналіста Кірылы Пазьняка, шпіталізаванага ў цяжкім стане пасьля больш як 8 месяцаў зьняволеньня. Улады павінныя неадкладна забясьпечыць яму доступ да належнай мэдычнай дапамогі і спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў», — паведаміла арганізацыі.
Хто такі Кірыла Пазьняк
Журналіст Кірыла Пазьняк стаў вядомы ў канцы 2010 гадоў, калі на сваім YouTube-канале пачаў арганізоўваць дэбаты паміж прадстаўнікамі розных палітычных плыняў.
У 2021–2022 гадах YouTube-канал «Плятформа 375» правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Адным зь вядучых дэбатаў быў Кірыла Пазьняк.
Ва ўступным слове ён сказаў, што дэбаты патрэбныя для стварэньня «дыялёгавай пляцоўкі, каб апанэнты маглі хаця б пачуць адзін аднаго».
Апошні эфір адбыўся 3 сьнежня 2022 году з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Менску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.
У дачыненьні да дачкі Кірылы Пазьняка Яніны Пазьняк завялі крымінальную справу за ўзаемадзеяньне з «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведамляла «Вясна».
Паводле праваабаронцаў 14 траўня Яніну Пазьняк мусілі судзіць разам з бацькам. Гэта ж Свабодзе паведаміла і крыніца, якая расказвала пра Кірылу Пазьняка.
4 верасьня 2025 году КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» YouTube-канал Кірылы Пазьняка «Плятформа 375», 11 верасьня такімі ж былі абвешчаныя афіляваныя зь ім акаўнты ў сацыяльнай сетцы TikTok.