«Пытаньне ў тым, што за геройскі ўчынак прадугледжаная ўзнагарода Героя Ўкраіны. Але толькі для грамадзян Украіны. Пры гэтым быў прэцэдэнт — выключэньне зрабілі для беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, бо ён герой Нябеснай сотні», — кажа Вераніка Яновіч.
Аляксей Лазараў і Вераніка Яновіч. Фота: асабісты архіў Веранікі Яновіч Layout
Міхаіл Жызьнеўскі загінуў падчас Рэвалюцыі годнасьці і пасьмяротна атрымаў званьне Героя Ўкраіны. Але гэтае ўшанаваньне пакуль не пашырылася на замежных добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Ўкраіну ў вайне з Расеяй.
У пэтыцыі, якую ініцыявала Вераніка, гаворыцца, што ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі разам з грамадзянамі Ўкраіны краіну абараняюць тысячы іншаземцаў і людзей без грамадзянства. Яны добраахвотна сталі на бок Украіны, бяруць беспасярэдні ўдзел у баявых дзеяньнях, абараняюць яе незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.
Ініцыятыву падтрымалі і ваяры палку Каліноўскага. У сваім звароце з заклікам падпісаць пэтыцыю яны нагадалі пра замежных ваяроў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне: амэрыканскага морскага пяхотніка Коры Наўроцкага, які прыняў апошні бой у глыбокім тыле ворага; паляка Міхала Журэка, сьмяротна параненага ў Бахмуце, якога дома не дачакаліся чацьвёра дзяцей; брытанскага мэдыка Пітэра Фушэ, які выратаваў сотні жыцьцяў і аддаў сваё; беларуса Івана «Брэста» Марчука, які загінуў пад Лісічанскам, да апошняга прыкрываючы адыход пабрацімаў.
«Але сёньня закон не дазваляе надаць ім званьне Герояў Украіны нават пасьмяротна. Нам бракуе подпісаў пад пэтыцыяй, каб выправіць гэтую несправядлівасьць. Калі ласка, падтрымайце яе — гэта найменшае, што мы можам для іх зрабіць», — гаворыцца ў звароце палку Каліноўскага.
Ваяр палку імя Каліноўскага. Фота: тэлеграм-канал KalinouskiPolk
Вераніка Яновіч таксама падкрэсьлівае, што гаворка ня толькі пра беларусаў. Паводле яе, ва Ўкраіне служаць і служылі амэрыканцы, палякі, грузіны, калюмбійцы, людзі без грамадзянства — усе тыя, хто зрабіў выбар: рызыкаваць жыцьцём за краіну, грамадзянамі якой яны не зьяўляюцца.
«Калі чалавек робіць геройскі ўчынак на ўзроўні, на якім яго можа зрабіць украінскі вайсковец, чаму ён ня можа атрымаць званьне Героя Ўкраіны?» — разважае Вераніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская ў Кіеве ўшанавала беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за за Ўкраіну, і правяла перамовы ў МЗС. ФОТА«Пра законапраект забылі»
Вераніка Яновіч зьвяртае ўвагу, што яшчэ ў 2022 годзе ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны быў зарэгістраваны законапраект № 7296. Ён мусіў дазволіць прысвойваць званьне Героя Ўкраіны асобам, якія ня маюць грамадзянства краіны, — замежнікам і людзям без грамадзянства. Але дакумэнт так і не дайшоў да фінальнага разгляду.
«Ён не адхілены. Ён проста адпраўлены на дапрацоўку, і пра яго забылі. Гэта таксама можна зразумець, бо ў краіне ідзе вайна», — кажа Вераніка.
Цяпер, як адзначаецца ў пэтыцыі, украінскі закон дазваляе ўшаноўваць дзяржаўнымі ўзнагародамі ня толькі грамадзян Украіны, але таксама іншаземцаў і асобаў без грамадзянства. Аднак артыкул 6 закону «Аб дзяржаўных узнагародах» робіць выключэньне для найвышэйшага званьня — Героя Ўкраіны, якое могуць атрымаць толькі грамадзяне краіны.
Такім чынам, паводле Веранікі Яновіч, узьнікае праўная няроўнасьць: людзі, якія зрабілі фактычна аднолькава геройскі ўчынак у інтарэсах Украіны, аказваюцца ў розным становішчы толькі праз наяўнасьць або адсутнасьць украінскага грамадзянства.
«Калі не вырашаць гэтыя пытаньні зараз, а адкласьці іх на пасьля, дык хто будзе займацца гэтым, узгадваць учынкі іншаземных добраахвотнікаў, падаваць адпаведныя дакумэнты?» — кажа яна.
Для Веранікі гэта пытаньне ня толькі пра юрыдычную працэдуру. Гэта спроба не дазволіць, каб гераізм людзей, якія прыехалі абараняць Украіну зь іншых краін, зьнік у гісторыі без належнага прызнаньня.
«Аляксей бы гэта ўхваліў»
Муж Веранікі Яновіч, 27-гадовы беларус Аляксей Лазараў, загінуў ва Ўкраіне 19 студзеня 2026 году пры выкананьні баявой задачы. Ад сакавіка па лістапад 2022 году Вераніка і Аляксей змагаліся за Ўкраіну ў шэрагах палку імя Каліноўскага. У 2025 годзе Аляксей Лазараў падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны.
Аляксей Лазараў. Фота: тэлеграм-канал KalinouskiPolk
Цяпер Вераніка падкрэсьлівае: яе ініцыятыва ня зводзіцца да таго, каб абавязкова дамагчыся званьня менавіта для Аляксея. Паводле яе, званьне Героя Ўкраіны не прысвойваецца праз імянныя пэтыцыі — гэта павінна быць рашэньне камандаваньня і Міністэрства абароны.
«Калі Лёшава камандаваньне вырашыць, што ён годны атрымаць гэтае званьне, значыць, так і ёсьць. Але яго самога ніколі не матывавалі ўзнагароды, ён не чакаў пахвалы і прызнаньня за тое, што рабіў. Ён рабіў гэта, таму што так правільна», — кажа яна.
Але, дадае Вераніка, Аляксей заўсёды востра рэагаваў на несправядлівасьць. Таму сама ідэя такой кампаніі, на яе думку, была б яму блізкая.
Патрэбныя 25 тысяч подпісаў
Пэтыцыя зьвернутая да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Яе аўтары просяць прэзыдэнта вызначыць законапраект № 7296 як неадкладны і паспрыяць як мага хутчэйшаму яго разгляду і ўхваленьню Вярхоўнай Радай.
Калі гэтага будзе недастаткова, Зяленскага просяць скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы і ўнесьці ўласны законапраект. Ён мусіў бы зьняць абмежаваньне, паводле якога званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца выключна грамадзянам Украіны, і прадугледзець магчымасьць прысваеньня гэтага званьня іншаземцам і асобам без грамадзянства за выдатны геройскі ўчынак, зьвязаны з абаронай краіны.
У пэтыцыі таксама адзначаецца, што праблему нельга вырашыць толькі на ўзроўні прэзыдэнцкага ўказу. Абмежаваньне замацаванае і ў законе «Аб дзяржаўных узнагародах», і ў статуце званьня Героя Ўкраіны, зацьверджаным указам прэзыдэнта. Таму пасьля зьменаў у закон трэба будзе прывесьці ў адпаведнасьць і акты прэзыдэнта, якія рэгулююць парадак прысваеньня гэтага званьня.
Каб пэтыцыю абавязкова разгледзелі, яна павінна набраць 25 тысяч подпісаў. На момант публікацыі артыкулу яе падтрымалі больш за 3,7 тысячы чалавек.
Вераніка кажа, што разумее: цяпер ва Ўкраіне шмат болю, навін і трагедый, праз якія цяжка прабіцца нават важнай ініцыятыве. Але яна ўсё адно хоча давесьці гэтую справу да канца.
«Мы патрошку крочым. І я бачу, што ў прынцыпе ў нас вынікі нядрэнныя. Спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца», — кажа Вераніка.
У канцы пэтыцыі аўтары адзначаюць, што прысваеньне званьня Героя Ўкраіны іншаземцам і людзям без грамадзянства, якія зрабілі выдатны геройскі ўчынак у інтарэсах абароны краіны, стане актам справядлівасьці і пацьверджаньнем таго, што Ўкраіна шануе кожнага, хто стаў на яе абарону.
Паводле Цэнтру рэкрутынгу замежных грамадзян , цяпер толькі ў Сухаземных войсках УСУ ваююць больш за 10 тысяч іншаземцаў з 75 краін сьвету. Штомесяц каля 600 замежных добраахвотнікаў падпісваюць кантракты і далучаюцца да Ўзброеных сілаў Украіны. Замежнікі таксама служаць у Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны і падразьдзелах Галоўнага ўпраўленьня выведкі. Беларусы застаюцца адной з найбуйнейшых нацыянальных групаў іншаземцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
Ганна Ермаковіч