Хроніка перасьледу 26 траўня: сьвятара Георгія Роя ў Беларусі абвясьцілі ў вышук

Вольгу Строеву судзілі ў Гомельскім абласным судзе. Ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Пэнсіянэрку з Гомля дадалі ў сьпіс «тэрарыстаў»

Як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», у ім зьявілася прозьвішча палітзьняволенай Вольгі Строевай.

Вольга — жыхарка Гомля, яна займалася ўласным бізнэсам, больш за дваццаць гадоў прадавала рыбныя далікатэсы, чырвоную і чорную ікру. Сваю справу ёй давялося згарнуць праз наступствы пандэміі каранавірусу. Яе затрымалі ў верасьні 2025 году.

Гомельскі абласны суд вынес ёй прысуд адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яе абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці» (ч. 1 артыкулу 130), «закліках да дзеяньняў на шкоду нацыянальнай бясьпецы» (ч. 3 артыкулу 361), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 артыкулу 368), а таксама ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 артыкулу 361‑4 КК).

Вользе Строевай прысудзілі пяць гадоў калёніі.

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1440 чалавек, зь іх 696 — беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былыя палітвязьні ўзгадалі тых, хто, рызыкуючы, дапамагаў ім за кратамі і на волі

Праваслаўнага сьвятара Георгія Роя ў Беларусі абвясьцілі ў вышук

Пра тое, што яго фота разьмешчана на стэндах «Іх шукае міліцыя», паведаміў сам сьвятар Георгі Рой у сацсетках.

Зь фота вынікае, што Роя вінавацяць па ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

У красавіку 2023 года стала вядома, што сьвятары Аляксандр Кухта і Георгі Рой, якія пакінулі Беларусь з-за перасьледу ўладаў у сувязі з пазыцыяй па ўнутрыпалітычным крызісе і расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, прынятыя ў Канстанцінопальскую праваслаўную царкву.

У Вільні яны заснавалі беларускую парафію Сусьветнага патрыярхату. Эпіскапат Беларускага экзархата РПЦ абʼявіў, што Кухце і Рою забаронена служыць, паколькі яны «самавольна пакінулі» свае парафіі і выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату без адпускных грамат.

2 студзеня гэтага года стала вядома, што на Кухту завялі крымінальну справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

КДБ правёў у беларускіх кватэрах удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі за мяжой больш за 20 ператрусаў

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».