Гісторыі беларускіх сем’яў, якія прайшлі празь міграцыйныя турмы ЗША

Сям'я беларускіх палітуцекачоў Яўгеніі і Паўла пасьля міграцыйнай турмы. Фота з прыватнага архіву

Беларусаў, якія трапілі ў ЗША легальна і чакаюць рашэньня судоў аб палітычным прытулку, усё часьцей зьмяшчаюць ў міграцыйныя турмы, дзе трымаюць у жорсткіх умовах. Пагаварылі зь людзьмі, якія самі прайшлі праз гэта або змагаліся за вызваленьне блізкіх.

10 месяцаў турмы

Леў і Вольга Бабаеўскія з двума дзецьмі зьехалі зь Беларусі ў 2022 годзе праз пагрозу затрыманьня пасьля ўдзелу ў пратэстах, апавядае Свабодзе Леў Бабаеўскі.

«Як і для многіх беларусаў, прычынай нашага ад’езду быў 2020 год. У мяне быў свой гурт By Cry, канцэрты, мы часта выступалі. Пасьля інстытуту займаўся музычнымі кантрактамі. А потым адкрыў фэрму вырошчваньня трусоў. У 2020 годзе я дасягнуў усяго… Мы бралі ўдзел ува ўсіх пратэстах, я пісаў шмат камэнтаў — пра Зельцара, пра інаўгурацыю Лукашэнкі. Мы кінулі ўсё — і дом, і фэрму, зьехалі з двума чамаданамі», — кажа Леў.

Спачатку сям’я Бабаеўскіх трапіла ў Польшчу, потым у Нідэрлянды. Яны прынялі рашэньне ехаць далей у Амэрыку, дзе няма закону аб экстрадыцыі. У сям’і быў варыянт — заехаць у ЗША праз Мэксыку, бо ў амэрыканскай амбасадзе ім прызначылі сумоўе толькі праз паўгода.

Леў Бабаеўскі на пратэстах у 2020 годзе

«15 чэрвеня 2022 году мы перасеклі памежны пераход Brownsville / Matamoros. Амэрыканскі афіцэр нас прапусьціў на тэрыторыю ЗША. Гэта было легальна на той момант. Мы прабылі ў дэтэншэн (міграцыйнай турме. — РС) менш за содні, нашыя дакумэнты праверылі і вызвалілі. Мы нанялі адваката і падалі заяву ў іміграцыйны суд на атрыманьне прытулку. Суд быў прызначаны праз 2 месяцы пасьля перасячэньня мяжы. Але яго перанесьлі на год, потым яшчэ на год. На наступных слуханьнях быў новы судзьдзя. Пракурор сказаў, што гэтая справа не ў інтарэсах ЗША. Судзьдзя вырашыў закрыць справу. То бок нас не дэпартавалі, не далі палітычнага прытулку, не адмовілі… Мы знаходзімся ў падвешаным стане, а для ІСЕ (орган, які займаецца справамі мігрантаў у ЗША. — РС) гэта падстава нас затрымаць», — узгадвае тыя падзеі Леў.

Яго і жонку Вольгу арыштавалі ў гэтым жа будынку і пасадзілі ў розныя міграцыйныя турмы. Паводле суразмоўцы, амэрыканская міграцыйная турма мае горшыя ўмовы, чым амэрыканская турма для крымінальнікаў.

«У пакоі 50 чалавек, пастаянна гудзіць тэлэвізар. На прагулку выводзяць раз на тыдзень на 20 хвілін. Кандыцыянэр працуе толькі на ахалоджваньне — дубар. Харчаваньне ніякае, сьняданак чамусьці ў 4.30 раніцы. Стваралі шмат раздражняльных фактараў, каб людзі пагаджаліся на дэпартацыю. Маральна цісьне тое, што ты невінаваты, а наперадзе няпэўнасьць — колькі мы будзем сядзець. У жонкі ў дэтэншэне ўмовы былі лягчэйшыя», — кажа Леў.

Леў Бабаеўскі на пратэстах у 2020 годзе

Яму пашанцавала. У ЗША жывуць маці і браты, якія аформілі апеку над непаўналетняй дачкой Бабаеўскіх. Яны падалі пэтыцыю на незаконнае затрыманьне. Праз 10 месяцаў беларусаў выпусьцілі. Але ўмовы застаюцца няпростымі.

«Жонцы абмежавалі перасоўваньне радыюсам 75 міляў. Мне абмежавалі выезд за межы штату Тэхас без дазволу ІСЕ. Мне не аддалі пашпарт, пратэрмінаваныя правы кіроўцы і дазвол на працу. Ёсьць толькі папера аб вызваленьні з подпісам судзьдзі. Афіцыйна я не магу працаваць, не магу атрымаць правы. Выжывай як хочаш! Працэс апэляцыі ідзе каля году. Калі яе разгледзяць, невядома», — кажа Леў Бабаеўскі.

«Нельга цалкам спадзявацца на адваката»

На думку Льва, сытуацыя з імігрантамі ў ЗША ўсугубляецца. Ідзе моцны ціск зьверху — не даваць прытулку і дэпартаваць людзей. Што да беларусаў, спачатку стаўленьне да іх было спакойнае, нават станоўчае.

«Але зараз перамены да горшага. У майго знаёмага беларуса Дзьмітрыя тыдзень таму былі слуханьні, і судзьдзя заяўляе: „Я ня веру вашым словам, Беларусь — гэта бясьпечная краіна, я ня бачу ніякіх пагрозаў для вас і вашай бясьпекі“», — расказвае суразмоўца.

Вольга Бабаеўская з дачкой на пратэстах у 2020 годзе

Леў дае параду людзям, якія рыхтуюць сваю справу, рыхтуюцца да судовых працэсаў: атрымаць максымум інфармацыі самому.

«Нельга цалкам спадзявацца на адваката. Калі чалавек будзе сам „падкаваны“ з розных крыніцаў і дакладна будзе адсочваць сваю сытуацыю, для яго гэта будзе моцным плюсам. У нас атрымалася так, што я аддаў ўсё на водкуп адвакату і ня моцна заглыбляўся ў сутнасьць справы, таму і ўзьніклі праблемы», — кажа Леў Бабаеўскі.

У Яўгеніі (яна просіць не называць прозьвішчадзеля бясьпекі. — РС), сям’я якой з кастрычніка 2022 году жыве ў штаце Тэхас, у дэтэншэн забралі мужа Паўла і 19-гадовую дачку Антаніну. Саму Яўгенію адпусьцілі, бо ў сям’і непаўналетні сын Рыгор. Пра свой раптоўны ад’езд зь Беларусі і змаганьне за мужа і дачку яна расказала Свабодзе.

«Мы — тая сям’я, якая нікуды не зьбіралася зьяжджаць. Жылі нармальна: двое дзяцей, лецішча, машына. У мяне быў свой бізнэс: спартовы сквош-клюб у цэнтры Менску, у мужа свой бізнэс — ён арганізоўваў рыбалоўныя выезды ў Расеі і Эўропе, шыў мэрч. Дачка-падлетак была ў нацыянальнай камандзе мастацкай гімнастыкі, ёй сьвяціла добрая кар’ера. Сын вучыўся ў школе. У 2020 годзе здавалася, што толькі мяне не хапае ўва ўсіх варушняках, каб зьмяніць сытуацыю. Хадзілі на ўсе акцыі бяз масак, адкрыта. Калі ўдзельнікам давалі „суткі“, адміністрацыйныя кары, — мы гэтага не баяліся. Мой стрыечны брат быў жорстка затрыманы ў ноч з 10 на 11 жніўня. Але калі ў 2021-м пачалі даваць гады пакараньня ні за што — гэта стала непрымальна для нас. Сябры пачалі зьяжджаць сем’ямі — ва ўзросьце 45+, бізнэсоўцы, ІТ», — узгадвае сваё жыцьцё ў Беларусі Яўгенія.

Яўгенія падчас пратэстаў у Менску у 2020 годзе

У 2022 годзе яе сям’я таксама вырашыла зьяжджаць. У Паўла быў сябар, які даўно выйграў грын-карту і жыў у ЗША. Ён абяцаў, што дапаможа, падтрымае — у яго ёсьць рэсурсы. Але амэрыканскія візы беларусам тады было складана атрымаць.

«Мы купілі тур у Канкун, у Мэксыку. Усім паведамілі, што стаміліся, едзем адпачываць на самае прыгожае мора. Так атрымалася, што ў адпачынак мы зьехалі назаўсёды. Праз Польшчу трапілі ў Канкун. Прыгоды, купля аўтамабіля, столькі ўсяго перажылі — і з трэцяй спробы апынуліся ў ЗША. Адразу ж папрасілі палітычнага прытулку.

Я ехала не наўдачу, я была падкаваная! Яшчэ ў Беларусі мы знайшлі расейскамоўнага адваката ў Штатах, паказалі яму ўсе свае доказы ўдзелу у пратэстах, фота. Адвакат з Амэрыкі сказаў: так, гэта справа. Мы зь ім заключылі дамову. Мы ж законапаслухмяныя беларусы — як я магла павезьці дзяцей невядома куды? То бок у нас быў адвакат, мы ўсё рабілі паводле закону», — апавядае жанчына.

Яўгенія патлумачыла, што у Штатах кагосьці зьмяшчаюць у дэтэншэны ці ў лягеры, на кагосьці надзяюць электронныя бранзалеты, хтосьці абавязаны раз на тыдзень выходзіць на відэасувязь з сваёй кватэры. А ёй і мужу было прызначана раз на год (безь дзяцей) прыяжджаць і адзначацца ў ІСЕ. Паўгода таму яны таксама прыйшлі адзначацца.

Яўгенія і Павал падчас пратэстаў у Менску у 2020 годзе

«Аднак афіцэр ІСЕ сказала, што ім патрэбна наша дачка, бо ёй ужо 19. Дачка прыехала — затрымалі яе і мужа. І забралі ў дэтэншэн. Але справы дачкі і мужа разьядналі. Дзяўчыну вывезьлі з Тэхасу ў Аклагому і пасадзілі ў турму да крымінальніц. Там былі „шмоны“: 15 чалавек з аўтаматамі ў балаклавах уварваліся ў камэру празь нейкую кантрабанду. Паклалі ўсіх тварам да сьценкі… Потым дачку этапавалі ў іншы дэтэншэн, перавозілі з Аклагомы ў Тэхас двума самалётамі. 15 гадзін бязь ежы і туалету. У кайданках рукі і ногі. Калі іх прывезьлі, далі магчымасьць памыцца, пакармілі. Прыйшлі афіцэры ІСЕ, далі падпісаць паперы на самадэпартацыю. Мэксыканкі падпісалі. А сваю дзяўчынку я рыхтавала да ўсяго. Яна не падпісала згоду на дэпартацыю», — расказвае жанчына.

Яўгенія падчас пратэстаў у Менску у 2020 годзе

Яўгеніі ўдалося дамагчыся вызваленьня родных. Яна пісала кангрэсмэнам, актывістам беларускай дыяспары, змагалася як магла за дачку і мужа. Празь месяц іх выпусьцілі.

«У мяне ж забралі дзіця! Тоня прыехала ў Амэрыку 16-гадовай, непаўналетняй — гэта не яе выбар і не яе адказнасьць. У 2020 ёй было 14. Так, яна была на маршах са мной, яна пісала лісты палітвязьням. Знайшоўся чалавек з ІСЕ, які сказаў, што гэта маразм. Але месяц дзіця адседзела ў турме», — не хавае эмоцыяў Яўгенія.

«Трэба быць гатовым да ўсяго»

У мужа Яўгеніі Паўла пры затрыманьні забралі дакумэнты — дазвол на працу і страхоўку. Бязь іх немагчыма працаваць легальна. Пару дзён таму Яўгенія і Павал хадзілі адзначацца ў мясцовы пастарунак. Паўла зноў спрабавалі затрымаць: маўляў, візы няма, грын-карты няма — нібыта ён знаходзіцца ў ЗША нелегальна. Дату наступнай адзнакі ім прызначылі ў верасьні.

Ягенія, Павал і іх дзеці пасьля пераезду ў ЗША

Калі Яўгенія з Паўлам прыехалі ў кастрычніку 2022 году, суд прызначылі на красавік 2026 году — у Тэхасе вялікія чэргі. Нядаўна суд перанесьлі на 2027 год. Павал, які адседзеў у іміграцыйнай турме 1 месяц, кажа, што беларусам маральна трэба быць гатовымі да ўсяго.

«Першае: не супраціўляцца і зьмірыцца з тым, што ты трапіў у турму. Унутрана трэба перастроіцца на іншы рэжым — рэжым турмы — і думаць, як ты будзеш там выжываць. Гэта цяжка: людзі сябе шкадуюць, закрываюцца ў сабе, плачуць. Але важна справіцца з гэтым і прыняць свой стан. Другі момант — ты трапляеш у асяродзьдзе людзей, якія сядзяць па два гады. Там шмат нэгатыву, табе кажуць, што тут дрэнна, адсюль ніхто не выходзіць, усіх дэпартуюць і г. д.… Але яны ня ведаюць тваёй сытуацыі. Я ня стаў зь імі гэта абмяркоўваць, стараўся сябе абмежаваць, будаваць „мэнтальны плот“. Тады лягчэй», — раіць Павал.

Яўгенія, Павал і іх дзеці пасьля пераезду ў ЗША

Глеб Івашкевіч — актыўны ўдзельнік і арганізатар пратэстаў 2020 году ў Віцебску. У 2021 годзе пераехаў у ЗША, дзе засяродзіўся на практычнай дапамозе землякам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Дапамог двум дзясяткам беларусаў прайсьці праз складаныя імігранцкія працэсы, выцягваў іх зь міграцыйных турмаў.

На яго думку, у міграцыйнай палітыцы ЗША цяпер адбываюцца зьмены, нібыта незаўважныя для грамадзтва.

Глеб Івашкевіч

«Адзін з важных прыёмаў, які выкарыстоўвае іміграцыйная сыстэма, — людзям, якія падаюць пэтыцыю на Habeas corpus, у працэсе разгляду пэтыцыі прызначаюць слуханьні на „бонд“ — вызваленьне пад заклад. Але чалавеку адмаўляюць, ён працягвае сядзець далей. І ўсё! Гэта агульная практыка, якая датычыцца многіх беларусаў. Беларусы апынуліся ў „вілках“: у людзей, якія ўжо паўгода сядзяць у іміграцыйных турмах, псыхіка парушаная, пастаянны стрэс: не дапускаюць адвакатаў, затрымліваюць карэспандэнцыю. Яны настолькі выматаныя, што гатовыя да дэпартацыі — іх так даціснулі, што няма сіл», — кажа Глеб.

На яго думку, задача міграцыйнай сыстэмы — стварыць такія ўмовы, каб людзі, якія прыехалі ў ЗША і просяць прытулку, самі прынялі рашэньне пакінуць Штаты.

«Вядома, ёсьць непалітычныя, але ўсё ж большасьць палітычных, якія прыехалі ў надзеі, што іх абароняць. Былыя нашы кліенты — Анатоль Бокун, Артур Сянько — ужо зь „белай картай“ і могуць падавацца на грын-карту. Яны ўжо тут законна, легальна. Аднак ёсьць адно „але“. Нават у тых, хто ўжо атрымаў грын-карты, могуць пераправерыць справы: ці правільна было вынесена рашэньне.

Прыйшоў новы міністар і пасьля скандалаў з „адловам“ нелегалаў прадстаўнікамі ІСЕ на вуліцах і пратэстаў даў каманду рабіць усё ціха, „пад дываном“: каб ня ўзбурваць грамадзтва, каб не было розгаласу. І каб не павышаць градус перад выбарамі», — кажа суразмоўца.

Глеб адзначыў, што ў Нью-Ёрку судзьдзя забараніў затрымліваць людзей у пэўных установах па трох адрасах, дзе яны адзначаліся. Але гэта часовая забарона. Суразмоўца дадае, што пакуль нікога зь беларусаў, хто прасіў палітычнага прытулку і атрымаў адмову, не адправілі назад у Беларусь.