Як паведамілі ў Telegram-канале «Оперативний ЗСУ», Іван Уладзіміравіч Аненкаў нарадзіўся 9 верасьня 1977 году і ваяваў пад пазыўным «Стары» ў 164-й асобнай мотастралковай брыгадзе Сухаземных войскаў Расеі (месца сталай дысьлякацыі — Алейск, Алтайскі край. — РС).
Згодна з інфармацыяй украінскага боку, палонны беларус паходзіць з Ваўкавыску. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, на кантракт ён трапіў з расейскай турмы, у якой адбываў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 5 гадоў за наўмыснае нанясеньне цяжкай шкоды здароўю. Ён адседзеў 2 гады і вырашыў падпісаць кантракт з расейскай арміяй. У Расею ён езьдзіў на працу.
Яго ўзялі ў палон вайскоўцы 18-й брыгады Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Гэта адбылося на ліманскім кірунку, у раёне паселішча Ямпіль Краматорскага раёну Данецкай вобласьці.
На першым жа баявым заданьні Аненкаў атрымаў раненьне і вярнуўся ў сваю вайсковую частку, удзельнічаў у прапагандысцкіх тэлевізійных рэпартажах. Потым яго вярнулі на фронт, дзе ён атрымаў другое раненьне, пасьля якога зноў вярнуўся на фронт.
Украінскія рэсурсы сьцьвярджаюць, што ён канфліктаваў з афіцэрамі праз тое, што яны не запаўнялі журнал баявых дзеяньняў і ён ня мог атрымаць грошы за раненьні. Пасьля скаргаў беларуса зноў адправілі на фронт. Калі Аненкаў разам зь іншымі расейскімі вайскоўцамі спрабаваў замацавацца на пазыцыях, іх атакавалі ўкраінскія дроны. Пасьля гэтага ён трапіў у палон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я зразумеў, што вайна — не маё». Ва ўкраінскі палон здаўся яшчэ адзін беларусЧаму гэта важна
Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Расеі і Ўкраіны, і ў абедзьвюх краінах ёсьць ваеннапалонныя беларусы.
Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, у расейскім палоне знаходзяцца прынамсі двое грамадзян Беларусі, а ва ўкраінскім — цяпер з улікам Аненкава ня менш за 18 беларусаў.
Пры абмене палоннымі 15 траўня Ўкраіна перадала Расеі беларускага палоннага Яўгена Сіманенкава. У сьпісах ягонае паходжаньне не пазначалі і раней не паведамлялі, што ён быў ва ўкраінскім палоне. З пачатку вайны Ўкраіна перадала Расеі некалькіх палонных беларусаў.