Ціханоўская ў Кіеве ўшанавала беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за за Ўкраіну, і правяла перамовы ў МЗС. ФОТА

Сьвятлана Ціханоўская на могілках, дзе пахаваная беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава, 25 траўня 2026

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што для яе было вельмі важна пачаць свой візыт ва Ўкраіну з ушанаваньня памяці беларускай добраахвотніцы Марыі Зайцавай, якая загінула 17 студзеня 2025 году ў баях за Пакроўскі раён Данецкай вобласьці.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі прыехалі ў Кіеў цягніком.

«Першае, што я зрабіла, калі прыехала ў Кіеў, — адразу зь цягніка наведала магілу Марыі Зайцавай. Яна сымбалізуе ня толькі наш супраціў дыктатуры, але і ўкраінска-беларускую салідарнасьць. Для мяне было вельмі важна пачаць гэты візыт менавіта з ушанаваньня чалавека, які аддаў жыцьцё за свабоду Ўкраіны і Беларусі», — паведаміла Сьвятлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале.

Сьвятлана Ціханоўская разам зь сябрамі сваёй каманды — Паўлам Латушкам і Валерам Мацкевічам — усклалі кветкі на магілу Марыі Зайцавай.

У другой палавіне дня дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі наведала Чарнобыльскую АЭС і Прыпяць.

«Пабачыць на ўласныя вочы Чарнобыльскую АЭС і Прыпяць — вельмі цяжкі і эмацыйны досьвед. Пустыя вуліцах Прыпяці, пакінутыя дамы, школы, дзіцячыя цацкі — усё гэта ціхі напамін аб тым, як хутка можа абарвацца звычайнае спакойнае жыцьцё. Як адна катастрофа можа пакінуць рану на дзесяцігодзьдзі», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская зь візытам у Чарнобыль на АЭС

Сьвятлана Ціханоўская на Чарнобыльскай АЭС

Паводле яе, у Прыпяці і Чарнобылі асабліва востра адчуваецца, як важна абараняць мір, свабоду і чалавечае жыцьцё, і як небясьпечна, калі ўлада знаходзіцца ў руках людзей, для якіх няма ні межаў, ні маралі, ні адказнасьці.

«Сёньня, калі Расея вядзе вайну супраць Украіны і выкарыстоўвае ядзерны шантаж як інструмэнт ціску, памяць пра Чарнобыль зноў нагадвае нам, наколькі небясьпечнымі могуць быць хлусьня, маўчаньне і абыякавасьць да лёсу людзей. Беларусы ведаюць цану такой катастрофы, і нашая краіна не павінна быць часткай ядзерных пагроз ці агрэсіі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская пра візыт у Кіеў, дзяцей, Калесьнікаву, і сваю ролю ў палітыцы. ВІДЭА

Ушанаваньне палеглых беларусаў

У Кіеве Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ўшанавалі памяць загінулых герояў, у тым ліку беларускіх добраахвотнікаў, каля Сьцяны памяці.

Сьвятлана Ціханоўскай, Андрэй Сыбіга, Павал Латушка

«Мы схіляем галовы перад кожным, хто стаў на абарону сваёй краіны, свайго народа і агульных каштоўнасьцяў свабоды і годнасьці. Больш за 80 беларусаў ужо загінулі ў гэтай вайне. Мы памятаем кожнага. Іх імёнамі будуць названыя вуліцы ў вольнай Беларусі. Яны абараняюць ня толькі Украіну — яны абараняюць гонар беларускага народа і змагаюцца за нашу агульную свабоду.

Мы таксама памятаем пра тых, хто сёньня знаходзіцца ў расейскім палоне. Пра тых вэтэранаў і добраахвотнікаў, якія страцілі здароўе, прайшлі праз раненьні і выпрабаваньні. І наш абавязак — падтрымліваць іх і іхныя сем’і.

Украіна сёньня — прыклад мужнасьці, стойкасьці і годнасьці для ўсяго рэгіёну. І я хачу падзякаваць міністру Андрэю Сыбігу і ўкраінскай дыпляматыі за прынцыповасьць, рашучасьць і вернасьць сваёй краіне».

Літаральна напярэдадні візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну стала вядома пра тое, што бязь вестак прапаў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за волю Ўкраіны Ціхан Клюкач.

Перамовы ў МЗС Украіны

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў у Кіеве 25 траўня таксама правяла двухбаковую сустрэчу з міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сыбігам.

Пасьля двухбаковай сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга правялі супольную прэс-канфэрэнцыю.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Ўкраіне, прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму і міністру Андрэю Сыбігу за запрашэньне і падкрэсьліла салідарнасьць беларусаў з украінскім народам. Асобна Ціханоўская заявіла: рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь саўдзельніцай агрэсіі, але ён не прадстаўляе беларускі народ.

«Гэта мой першы рабочы візыт ва Ўкраіну, і я тут, каб падкрэсьліць: беларускі народ падтрымлівае незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Рэжым зрабіў Беларусь саўдзельніцай гэтай агрэсіі. Але Лукашэнка — узурпатар, які не прадстаўляе беларусаў і служыць выключна інтарэсам Крамля. І Беларусь — не Расея, і беларусы ня роўныя рэжыму. Беларусы стаялі з вамі на Майдане, гінулі ў акопах яшчэ з 2014 года. Тысячы беларусаў выступілі супраць вайны, і сотні застаюцца за кратамі за падтрымку Украіны».

Ціханоўская паведаміла, што на перамовах у МЗС Украіны бакі абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, і вельмі важна, каб Украіна бачыла ў свабоднай Беларусі будучага партнэра і суседа, а не пагрозу:

«Нам патрэбна больш узаемнага даверу, больш кантактаў паміж людзьмі, экспэртамі, грамадзянскай супольнасьцю і дэмакратычнымі інстытутамі. Пуцін і Лукашэнка зрабілі ўсё, каб разбурыць дружныя адносіны паміж нашымі народамі, але мы іх абавязкова адновім. Нашыя народы заслугоўваюць мірнай, эўрапейскай і дэмакратычнай будучыні. І мы павінны трымацца разам, каб яна стала рэальнасьцю».

Што папярэднічала

Пра падрыхтоўку візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну загаварылі пасьля яе сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільні. Тады прэзыдэнт Украіны запрасіў яе ў Кіеў. Была інфармацыя, што паездка можа адбыцца на Дзень волі, 25 сакавіка, аднак тады візыт перанесьлі.

Падрыхтоўка да візыту Ціханоўскай у Кіеў вядзецца з пачатку вясны. Вядома, што яна плянуе адкрыць у Кіеве Місію дэмакратычных сілаў Беларусі.

Раней у інтэрвію Свабодзе Сьвятлана Ціханоўская назвала свой візыт ва Ўкраіну «гістарычным» і падзякавала Ўкраіне за трансфармацыю яе стаўленьня да дэмакратычных сілаў Беларусі. Яна анансавала сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны, сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і наведваньне пахаваньняў беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У МЗС Украіны адрэагавалі на прапанову Лукашэнкі аб перамовах і анансавалі візыт у Кіеў Ціханоўскай