Днямі Лукер’я і Вераніка Міронцавы — маці і дачка — выйшлі на волю пасьля некалькіх месяцаў пад вартай. Суд прызначыў ім «хатнюю хімію», і жанчынаў вызвалілі адразу пасьля абвяшчэньня прысуду, паведамляе «Наша Ніва».
У сьнежні 2025 Радыё Свабода паведаміла пра затрыманьне маці і дачкі ў межах крымінальнай справы. Лукер’я Міронцава — пэнсіянэрка, маці шасьцёх дзяўчат.
У жніўні 2020 году тры іншыя сястры Міронцавы — Вікторыя, Анастасія і Аляксандра — заступіліся за грамадзянаў, якіх зьбіваў АМАП. Аляксандра пасьпела зьехаць, а Вікторыю і Анастасію затрымалі ў кастрычніку 2020. У выніку Вікторыю асудзілі на 2,5 года зьняволеньня, за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня, а Анастасію — на 2 гады калёніі за ўдзел у той жа акцыі. Таксама іх вінавацілі ў гвалце над міліцыянтам, бо Анастасія схапіла за локаць супрацоўніка, а той упаў.
У 2022 годзе сёстры выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны ў жаночай калёніі ў Гомлі.
Але ў сьнежні 2025 года арыштавалі іх маці Лукер’ю Міронцаву і яшчэ адну сястру — Вераніку. Ад таго часу яны знаходзіліся ў СІЗА-1 за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».