Каля Белага дому адбылася перастрэлка: нападнік забіты, Трамп не пацярпеў

Агенты сакрэтнай службы каля Белага дому, 23 траўня 2026

Дональд Трамп пракамэнтаваў інцыдэнт са стралянінай каля Белага дому, падзякаваўшы супрацоўнікам Сакрэтнай службы.

«Узброены мужчына загінуў пасьля перастрэлкі з агентамі Сакрэтнай службы каля брамы Белага дому. Гэта адбылося ўсяго праз месяц пасьля страляніны падчас вячэры карэспандэнтаў Белага дому», — напісаў прэзыдэнт ЗША ў сацсетцы Truth Social.

Здарэньне адбылося ўвечары 23 траўня каля аднаго з кантрольна-прапускных пунктаў Белага дому. Мужчына дастаў з сумкі пісталет і адкрыў агонь, пасьля чаго супрацоўнікі Сакрэтнай службы пачалі страляць у адказ.

Нападніка даставілі ў шпіталь, дзе ён памёр ад атрыманых ранаў. Падчас перастрэлкі пацярпеў таксама адзін мінак, пра яго стан пакуль не паведамляецца. Сярод супрацоўнікаў Сакрэтнай службы пацярпелых няма.

Паводле амэрыканскіх СМІ, нападнікам быў 21-гадовы Насір Бэст. У 2025 годзе мужчыну ўжо затрымлівалі за спробу незаконна пранікнуць у Белы дом, пасьля чаго накіроўвалі на псыхіятрычнае лячэньне.

У момант нападу Трамп знаходзіўся ў будынку і не пацярпеў. Прэзыдэнт ЗША ў сваёй сацсетцы Truth Social выказаў падзяку сілавікам за хуткую рэакцыю. Ён адзначыў, што нападнік меў «схільнасьць да гвалту» і, магчыма, «быў апантаны галоўным сымбалем нашай краіны».

  • Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошні час. Месяц таму ўзброены мужчына адкрыў агонь падчас вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому ў гатэлі «Хілтан», дзе меўся выступаць Трамп. Тады нападніка таксама затрымалі, прэзыдэнт не пацярпеў, адзін з супрацоўнікаў Сакрэтнай службы быў паранены.