Цяпер тым, хто хоча зьмяніць статус і атрымаць сталы дазвол на жыхарства, давядзецца выехаць з ЗША і падаваць заяўку з сваёй краіны, піша Reuters.
Новыя правілы тычацца тых мігрантаў, якія прыехалі ў Злучаныя Штаты часова, напрыклад, на падставе турыстычнай ці працоўнай візы, але затым вырашылі застацца і падалі дакумэнты на грын-карту.
У Міністэрстве ўнутранай бясьпекі ЗША заявілі, што зьмены прымусяць іміграцыйную сыстэму «працаваць так, як было задумана законам першапачаткова».
«Іншаземец, які часова знаходзіцца ў ЗША і жадае атрымаць грын-карту, павінен вярнуцца ў сваю родную краіну для падачы заявы», — падкрэсьлілі ў ведамстве, адзначыўшы, што гэта закрые папулярныя шчыліны для мігрантаў і разгрузіць чыноўнікаў. У якасьці вынятку заяўкі ўнутры краіны будуць разглядаць толькі ў асаблівых выпадках, прымаючы пастанову аб кожным чалавеку індывідуальна.
У фондзе HIAS, які працуе з уцекачамі, заявілі, што новыя правілы ўдараць па самых уразьлівых групах. Паводле фонду, зараз урад прымусіць людзей вяртацца ў небясьпечныя краіны, зь якіх тыя цудам уцяклі, і вымушае іх адпраўляцца ў небясьпеку проста дзеля таго, каб аформіць паперы.
Журналісты адзначаюць, што гэта толькі частка маштабнай кампаніі ўзмацненьня жорсткасьці міграцыйнай палітыкі прэзыдэнта Дональда Трампа. Летась ягоная адміністрацыя скараціла тэрміны дзеяньня візаў для замежных студэнтаў, журналістаў і ўдзельнікаў праграмаў абмену, а Дзяржаўны дэпартамэнт даў справаздачу аб ануляваньні больш як 100 тысяч раней выдадзеных візаў.
Што гэта значыць для беларусаў?
Сярод іншаземцаў, якія ня маюць сталага дазволу на жыхарства ў Злучаных Штатах, ёсьць і беларусы. Прычым гаворка ня толькі пра тых, хто трапіў у ЗША з эканамічных прычынаў, але й пра тых, хто ўцёк за акіян ад няспынных рэпрэсіяў, што разгарнуў у Беларусі рэжым Лукашэнкі. Для такіх людзей вяртаньне ў Беларусь пры цяперашніх уладах краіны можа стаць фатальным і скончыцца катаваньнямі і турмой.
Яшчэ ў 2025 годзе пасьля навацыяў Трампа міграцыйныя службы ЗША пачалі ўсё часьцей затрымліваць беларусаў, якія зьехалі туды з палітычных матываў і трапілі ў бюракратычную пастку. Шмат людзей былі ў чаканьні прытулку. Іхныя справы мелі трапіць у суд адміністрацыйнай управы кантролю іміграцыі (EOIR) Міністэрства юстыцыі, але замест гэтага апынуліся ў Службе грамадзянства і міграцыі (USCIS).
Разгляд справаў у такой структуры часта ідзе гадамі. Яшчэ 21 студзеня 2025 году Трамп пашырыў паўнамоцтвы Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі (Department of Homeland Security) ЗША ў пытаньнях паскоранай дэпартацыі. І цяпер людзей, што чакаюць легалізацыі, могуць дэпартаваць.
Беларускія актывісты ў ЗША ў канцы 2025 году заснавалі валянтэрскую ініцыятыву Byaction — каб дапамагаць уцекачам, якія знаходзяцца ў краіне легальна ў чаканьні палітычнага прытулку. Byaction кантактаваў з органамі ўлады, паведамляў амэрыканскаму боку пра справы беларусаў, зьвяртаўся па дапамогу да сэнатараў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнікаў Дзяржаўнага дэпартамэнту.
Дапамога ініцыятывы спатрэбілася многім беларусам. Здаралася, што беларусы, якія знаходзяцца ў ЗША легальна, у працэсе чаканьня палітычнага прытулку, сутыкаліся з тым, што іх адпраўлялі ў міграцыйную турму, дзе ўжо рыхтавалі дакумэнты на іх дэпартацыю. Напрыклад, у складаным становішчы апынуўся былы кіраўнік незалежнага прафсаюзу «Беларуськалію» Анатоль Бокун. Дзякуючы працы беларускай грамады ў ЗША, адвакатаў і праваабаронцаў Бокуна вызвалілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У ЗША расьце напружаньне пасьля таго, як агенты іміграцыйнай паліцыі зноў застрэлілі чалавекаШто тычыцца Green Cards, дык яшчэ ў сьнежні 2025 году амэрыканская адміністрацыя прыпыніла правядзеньне лятарэі дазволаў на жыхарства. Фармальнай падставай для прыпыненьня стала крывавае злачынства, учыненае імігрантам.
Як тлумачыла міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Крысьці Ноэм, менавіта праз гэтую праграму ў Злучаныя Штаты трапіў меркаваны нападнік, знойдзены мёртвым пасьля забойства двух студэнтаў Браўнаўскага ўнівэрсытэту і прафэсара Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту.