Недазаробленыя мільярды і Пратасевіч у тэлевізары: чаго Беларусі каштавала пасадка самалёта Ryanair 5 гадоў таму

Boeing 737 авіякампаніі Ryanair, які пасадзілі ў Менску 23 траўня 2021 году

23 траўня 2021 году ў Менску прымусова пасадзілі самалёт Ryanair. На борце былі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, якіх пасьля арыштавалі і асудзілі. А супраць Беларусі ўпершыню ўвялі нагэтулькі маштабныя санкцыі. Прыгадваем, як гэта было і што страціла краіна праз гэты інцыдэнт.

Прыкладна ў 12:30 23 траўня 2021 году Boeing 737 авіякампаніі Ryanair, пралятаючы над Беларусьсю, атрымаў ад беларускіх дыспэтчараў інфармацыю пра бомбу на борце. Беларускі бок прымусіў самалёт, які ляцеў з Афінаў у Вільню, сесьці ў Менску. У ім былі 126 пасажыраў, у тым ліку перасьледаваны на той момант уладамі Беларусі экс-рэдактар праекту Nexta Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына, студэнтка ЭГУ Соф’я Сапега, грамадзянка Расеі.

Пазьней дыспэтчар «Белаэранавігацыі» Алег Галекаў, які ўцёк зь Беларусі, раскажа, што куратарамі ўсёй апэрацыі былі супрацоўнікі КДБ. Спэцслужбы Польшчы апублікавалі перамовы дыспэтчараў, дзе чуваць староньні голас, які аддае загады. У 13:15 самалёт сеў у Менску і змог вылецець у Літву толькі праз 6,5 гадзіны. На борт не падняліся Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, якіх сьпярша затрымалі, а пасьля асудзілі ў Беларусі.

Самалёт Ryanair у менскім аэрапорце, 23 траўня 2021 году

20 студзеня 2022 году Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла абвінавачаньні ў паветраным пірацтве афіцыйным асобам Беларусі. Абвінавачаньні прад’явілі Леаніду Чуро (былому дырэктару «Белаэранавігацыі») і ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу, а таксама двум неназваным супрацоўнікам спэцслужбаў.

У верасьні 2024 году Польшча (самалёт быў зарэгістраваны ў гэтай краіне. — РС) завочна выставіла траім грамадзянам Беларусі абвінавачаньні ў наўмыснай пасадцы самалёта: экс-дырэктару «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, на той момант начальніку Менскага цэнтру ўпраўленьня палётамі Яўгену Цыганаву і аднаму з кіраўнікоў КДБ.

Пасадка самалёта Ryanair выклікала міжнародную рэакцыю і стала прычынай самых маштабных на той час санкцыяў супраць Беларусі, якія закранулі эканоміку і афіцыйных асобаў.

Якія санкцыі ўвялі і якія зь іх яшчэ працуюць

Рэакцыя сьвету на падзеі ў Беларусі пяцігадовай даўніны была хуткай. Ужо 24–25 траўня краіны ЭЗ дамовіліся закрыць неба для беларускіх авіякампаніяў, а таксама рэкамэндавалі эўрапейскім авіякампаніям унікаць беларускай паветранай прасторы. ЭЗ і ЗША ўвялі самыя магутныя на той момант санкцыі супраць беларускай эканомікі, чыноўнікаў і сілавікоў.

Санкцыі ЭЗ

4 чэрвеня 2021 году ЭЗ афіцыйна забараніў «Белавія» лятаць у краіны ЭЗ, а таксама забараніў палёты і пасадку для ўсіх беларускіх авіякампаніяў на тэрыторыі ЭЗ. Фактычна паветранае спалучэньне Беларусі і краін Эўразьвязу было спынена. Афіцыйны Менск страціў транзытны авіяпаток, даходы за выкарыстаньне паветранай прасторы, эўрапейскі кірунак для «Белавія».

21–24 чэрвеня ЭЗ ухваліў 4-ы пакет санкцыяў супраць Беларусі, упершыню ўвёўшы сэктаральныя санкцыі.

Пад санкцыі таксама трапілі 78 афіцыйных асобаў, якім забаранілі ўезд у Эўразьвяз і магчымасьць мець там рахункі, а таксама 8 арганізацыяў.

Перамовы і маршрут самалёта Ryanair Атэны-Вільня 23 траўня 2021 году

ЭЗ абмежаваў экспарт калійных угнаеньняў з Беларусі, які раней прыносіў адчувальны даход (255 мільёнаў даляраў у 2019 годзе). Беларусь страціла магчымасьць транзыту празь літоўскія парты.

Таксама ЭЗ забараніў імпарт беларускіх нафтапрадуктаў, якіх у 2019 годзе Беларусь прадала ў ЭЗ на 914,9 мільёна даляраў.

Эўразьвяз абмежаваў доступ Беларусі да эўрапейскага рынку капіталу, абмежаваў крэдытаваньне беларускіх дзяржаўных структураў.

З таго часу ЭЗ не здымаў зь Беларусі санкцыяў, а толькі ўводзіў новыя.

Санкцыі ЗША

ЗША прынялі абмежавальныя меры супраць Беларусі 9 жніўня 2021 году, у гадавіну выбараў. Яны былі зьвязаныя ў тым ліку з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску. Пад санкцыі трапілі прадукцыя беларускай калійнай галіны, нафтапрадукты, тытунёвая галіна і транзыт. Таксама праз гэтыя меры многія краіны маглі трапіць пад другасныя санкцыі ЗША, калі б працягнулі набываць гэтыя прадукты ў Беларусі. Абмежаваньні паўплывалі на зьмяншэньне экспарту беларускай калійнай галіны, напрыклад, у Бразылію. Продаж беларускіх тавараў у гэтую краіну з 2020 па 2024 год зьменшыўся ў 11,4 разу — з 540 мільёнаў даляраў да 47 мільёнаў. Аснову экспарту туды раней складалі якраз калійныя ўгнаеньні.

Завод «Палімір» таварыства «Нафтан». Ілюстрацыйнае фота

Таксама беларускі калій раней набывалі і ЗША — у 2020 годзе на 100 мільёнаў даляраў.

Летась у абмен на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі ЗША пачалі здымаць санкцыі. Сьпярша ў лістападзе мінулага году часткова зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Таксама абмежаваньні зьнялі з самалёта Bombardier Challenger 850, на якім лятае Лукашэнка і ягоныя сямейнікі.

Сёлета ў сакавіку ЗША зьнялі санкцыі зь беларускага калію, Міністэрства фінансаў, а таксама «Белінвэстбанку» і «Банку разьвіцьця».

14 траўня кіраўнік літоўскага МЗС Кястуціс Будрыс прызнаў узмацненьне ціску з боку ЗША на Літву з мэтай дазволіць транзыт беларускіх угнаеньняў праз Клайпеду.

Кястуціс Будрыс

А 20 траўня агенцтва Bloomberg з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ЗША падштурхоўваюць Украіну скасаваць абмежаваньні на імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі, а таксама заклікаюць Украіну паўплываць на эўрапейскіх хаўрусьнікаў, каб яны зрабілі тое ж самае.

Свабода накіравала запыт у Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША з просьбай пракамэнтаваць гэтую інфармацыю. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.

Што недазарабіла беларуская эканоміка за пяць санкцыйных гадоў

Авіяцыя — мінус 120 мільёнаў даляраў на год

Адразу пасьля прымусовай пасадкі самалёта ў Беларусі найперш пацярпела сфэра авіяцыі. Усьлед за Эўразьвязам ад палётаў над Беларусьсю адмовіліся Ўкраіна, Вялікая Брытанія, Сэрбія, іншыя краіны. Фактычна адзіным буйным кліентам засталіся расейскія авіякампаніі.

У лістападзе 2021-га тагачасны дырэктар дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі заяўляў, што страчаная праз санкцыі выгада беларускай авіяцыйнай галіны складае каля 120 мільёнаў даляраў на год. Гэта 600 мільёнаў за 5 гадоў.

Калі да санкцыяў «Белавія» абслугоўвала да 60 міжнародных кірункаў, то цяпер іх удвая меней.

Калій — мінус 2 мільярды даляраў

Толькі на страце рынку Эўразьвязу і ЗША Беларусь згубіла каля 300 мільёнаў даляраў на год, ці 1,5 мільярда за 5 гадоў. Аднак рэальныя страты вышэйшыя. Пастаўкі калію да санкцыяў у даляравым эквіваленце складалі крыху больш за 3 мільярды даляраў на год.

Ілюстарцыйнае фота

Пасьля санкцыяў грашовыя аб’ёмы паставак выглядалі так:

  • 2021 — 3,06 мільярда даляраў
  • 2022 — 1,95 мільярда даляраў
  • 2023 — 2,44 мільярда даляраў
  • 2024 — няма канкрэтнай лічбы
  • 2025 — узнаўленьне грашовых аб’ёмаў (паставак было 11,6 мільёна тон, па бягучых цэнах сума, блізкая да той, што была ў 2021 годзе).


З улікам мінусу з прычыны зьмены кірунку транзыту, бо транзыт празь Літву быў выгаднейшым за транзыт праз расейскія парты, страты за гэты час могуць складаць мінімум 2 мільярды даляраў.

Нафтапрадукты — мінус 3 мільярды толькі на рынку ЭЗ

У дасанкцыйным 2020 годзе Беларусь прадала ў ЭЗ нафтапрадуктаў на 597,9 мільёна даляраў. І гэта ня самыя вялікія аб’ёмы за апошнія гады. Калі б ня санкцыі і калі б дынаміка захавалася хаця б на такім жа ўзроўні, Беларусь за 5 гадоў магла б зарабіць у гэтай галіне яшчэ амаль 3 мільярды даляраў.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Ілюстрацыйнае фота

Гэта ўсё — ня простыя страты, а грошы, якія Беларусь магла б зарабіць, калі б не было санкцыяў, і толькі тыя, якія канкрэтна можна падлічыць для некаторых падсанкцыйных галін і прадуктаў. Агулам атрымліваецца 5,6 мільярда даляраў за 5 гадоў.

Таксама Эўразьвяз пасьля інцыдэнту з самалётам замарозіў інвэстыцыйную дапамогу для Беларусі ў памеры 3 мільярдаў эўра «да таго часу, пакуль Беларусь ня стане дэмакратычнай». Аднак галіны пачалі пераарыентоўвацца, чыноўнікі шукалі новыя рынкі збыту, у тым ліку абыходнымі шляхамі.

18$ мільярдаў на год? Што пра страты казалі чыноўнікі

Былы беларускі прэм’ер, а цяпер кіраўнік Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка ацэньваў страты Беларусі ад санкцыяў больш маштабна — 16-18 мільярдаў даляраў штогод. Так ён казаў у 2022 годзе.

Раман Галоўчанка

А ўжо ў ліпені летась той жа Галоўчанка заявіў, што Беларусь ня толькі ня страціла нечага праз санкцыі, але і выйшла на рэкордныя аб’ёмы экспарту. То бок замясьціла страчаныя рынкі іншымі.

Вось так выглядала статыстыка вонкавага гандлю:

  • Экспарт тавараў у 2021 г. — 39 мільярдаў даляраў
  • Экспарт тавараў у 2025 г. — 41,4 мільярда даляраў

То бок, нягледзячы на санкцыі, экспарт ня толькі не прасеў, але і вырас.

Яшчэ больш вырас валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі. У 2021 годзе ў даляравым эквіваленце ён складаў 69,65 мільярда. А ў 2025 — ужо 93,52 мільярда, з улікам сярэднегадавога курсу даляра да рубля. То бок вырас на 34%.

«Мільярд ці два лішнімі ня будуць»

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, адно здарэньне немагчыма падлічыць у колькасных паказьніках.

«Былі ўведзеныя санкцыі, аднак мы бачым, якім было разьвіцьцё эканомікі далей. Пачатак вайны меў значна большы эфэкт на падзеі. Вырас ВУП, бюджэт на дзяржаўнае кіраваньне, заробкі. Мы жывем у сьвеце, дзе шмат гавораць, а дзеяньні не прыносяць разбуральных наступстваў для эканомікі. Беларусь з 2014 году шмат грошай зарабіла на абыходзе санкцыяў для Расеі, яны ўмеюць гэта рабіць. Таму тое здарэньне з пасадкай самалёта і рэакцыя на яго мела хутчэй сымбалічнае значэньне. І нельга казаць, што Беларусь значна эканамічна прайграла ад гэтага. Іран 47 гадоў працуе пад санкцыямі, напрыклад», — кажа Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук

Пры гэтым для ўладаў Беларусі грошы ня лішнія, таму цяпер лабіюецца ідэя зьняцьця санкцыяў з калійнай галіны, каб узнавіўся транзыт празь Літву, працягвае эканаміст.

«Мільярд ці два ніколі лішнімі ня будуць. Калі калій ідзе праз Расею, там ёсьць свой манапаліст, там свой транспарт і партовая інфраструктура, кожнаму трэба заплаціць — і прыбытку застаецца мала. Празь Літву будзе таньней, і маржа прыбытку будзе вышэйшая. А Трампу важна зьнізіць цану на калій для фэрмэраў, якія бунтуюць», — кажа эканаміст.

Што стала з Пратасевічам і Сапегай

Адразу пасьля пасадкі самалёта Соф’ю Сапегу і Рамана Пратасевіча затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Пэўны час былі праблемы з доступам адвакатаў да затрыманых. Пратасевіч адразу ж пачаў зьяўляцца ў сюжэтах дзяржаўнай тэлевізіі. Ужо 24 траўня, на наступны дзень пасьля затрыманьня, адзін з праўладных тэлеграм-каналаў апублікаваў відэа з Пратасевічам, дзе той казаў, што супрацоўнічае зь сьледзтвам. Трэцяга чэрвеня Пратасевіч даў інтэрвію прадзяржаўнаму журналісту Марату Маркаву. Пазьней, 14 чэрвеня, ён зьявіўся на брыфінгу МЗС, дзе абверг інфармацыю пра катаваньні і гвалт над ім з боку сілавікоў.

Раман Пратасевіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, чэрвень 2021

Соф’я Сапега інтэрвію дзяржаўным мэдыя не давала. 25 чэрвеня 2021 году стала вядома, што і Соф’ю, і Рамана адпусьцілі пад хатні арышт.

16 лютага 2023 году пачаўся суд над Пратасевічам, якога вінавацілі паводле 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яму прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня. 22 траўня 2023 году Пратасевіча памілаваў Лукашэнка. Пазьней стала вядома, што Пратасевіч вывучыўся на электразварніка і працуе на Менскім электратэхнічным заводзе. Ён некалькі разоў зьмяняў прафэсію, спрабаваў стаць бармэнам, працаваў кур’ерам, называў сябе праваабаронцам. Летась у кастрычніку Лукашэнка заявіў, што Пратасевіч быў разьведчыкам КДБ. Цяпер Раман працуе на дзяржаўным тэлеканале СТБ і спрабуе рабіць выкрывальныя сюжэты супраць сваіх колішніх паплечнікаў. За гэты час ён пасьпеў ажаніцца, разьвесьціся і зноў ажаніцца.

Суд па справе Сафіі Сапегі ў Горадні. 6 траўня 2022

Соф’ю Сапегу асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня ў 2022 годзе. Празь некалькі дзён пасьля вынясеньня выраку Пратасевіч заявіў, што іх больш нічога ня зьвязвае. 7 чэрвеня 2023 году Соф’ю Сапегу памілавалі. Цяпер дзяўчына жыве ў Літве і ўнікае публічнасьці.