BelPol: больш за 100 беларускіх шпіёнаў пад дыпляматычным прыкрыцьцём працуюць у 40 дзяржавах

КДБ. Ілюстрацыйнае фота

У аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol заявілі, што атрымалі дакумэнтальнае пацьверджаньне існаваньня шырокай шпіёнскай сеткі, якую Беларусь утрымлівае за мяжой пад дыпляматычным прыкрыцьцём.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на расьсьледаваньне арганізацыі, «у чатырох дзясятках краін» пад дыпляматычным прыкрыцьцём працуюць больш за 100 беларускіх шпіёнаў.

«Шпіянажам у замежных краінах [...] займаецца ўпраўленьне замежнай выведкі цэнтральнага апарату КДБ і Галоўнае выведнае ўпраўленьне Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.

Паводле расьсьледнікаў, «асноўныя задачы» шпіёнаў за мяжой — легітымізацыя Аляксандра Лукашэнкі пры дапамозе дэзынфармацыі і «подкупу замежных лябістаў», а таксама спрыяньне абыходу санкцыяў.

Апроч таго, важны і «збор інфармацыі пра дзейнасьць беларускай апазыцыі, укараненьне ў шэрагі дэмакратычных сілаў, дыскрэдытацыя іх прадстаўнікоў, выманьваньне праціўнікаў Лукашэнкі на тэрыторыю Беларусі для іх крымінальнага перасьледу».

У пераліку задачаў таксама назвалі «правядзеньне розных апэратыўных захадаў на заданьне расейскіх спэцслужбаў або ў іхных інтарэсах».

Згодна з атрыманай інфармацыяй, супрацоўнікі спэцслужбаў пад прыкрыцьцём падзяляюцца на тры катэгорыі:

  • асобы, якія беспасярэдне займаюцца шпіянажам, вэрбаваньнем агентуры, іншымі апэратыўнымі захадамі;
  • дыпляматычныя кур’еры, якія дастаўляюць зь Беларусі ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы і назад дакумэнты, носьбіты інфармацыі, спэцыяльную тэхніку й іншы рыштунак;
  • афіцэры-шыфравальнікі.


«У апараце МЗС прадстаўнікі спэцслужбаў на сталай аснове сканцэнтраваныя ўва Ўпраўленьні дыпляматычнай бясьпекі. Гэта іхная вотчына, і пра гэта ў цэлым вядома іншым працаўнікам міністэрства. Усе кіроўныя і ключавыя пасады ў гэтым упраўленьні займаюць супрацоўнікі спэцслужбаў, як правіла, КДБ. Ёсьць там і некалькі цывільных адмыслоўцаў, якія юрыдычна не працуюць у спэцслужбах, але ім садзейнічаюць», — адзначаецца ў матэрыяле.

У расьсьледаваньні сьцьвярджаюць, што шпіёны з КДБ у асноўным займаюць у амбасадах пасады першага і другога сакратароў, дарадцаў (найчасьцей) і старшых дарадцаў.

«Супрацоўнікі Галоўнага выведнага ўпраўленьня пад дыпляматычным прыкрыцьцём у большасьці выпадкаў знаходзяцца на пасадах аташэ ў пытаньнях абароны і памочніка вайсковага аташэ. Але часам яны могуць займаць іншыя пасады прыкрыцьця, ніякім чынам не зьвязаныя з вайсковым аташэ», — паведамілі ў BelPol.

BelPol пералічыў імёны шпіёнаў, якія, як сьцьвярджаюць, працуюць у ЗША, Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Італіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Сэрбіі, Францыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі і Эстоніі.

Чаму гэта важна

За апошні час адбыліся выпадкі выяўленьня і затрыманьня беларускіх шпіёнаў, у прыватнасьці, ва Ўкраіне, Польшчы і Малдове, а таксама зьнікненьні актывістаў, які пэўны час жылі за межамі Беларусі.

Сёлета 28 красавіка ў рамках абмену паміж Беларусьсю і Польшчай беларускаму боку перадалі Александру Бэляна, які працаваў на беларускі КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, каго вызвалілі разам з Пачобутам, а каго перадалі ўладам Беларусі У Румыніі назвалі імя афіцэра КДБ Беларусі, зь якім канктактаваў завэрбаваны экс-намесьнік дырэктара малдоўскай спэцслужбыМеркаваны шпіён ФСБ і КДБ працаваў у Міністэрстве абароны Польшчы больш за 30 гадоўЦі можна выявіць агентаў КДБ у дэмакратычных структурах?КДБ Беларусі за мяжой: як вярбуюць, шантажуюць і выкрываюць